З раніцы склала ўсе свае рэчы ў стары, невядомай даўнасці шлюбны куфар, зачыніла века, на прабой павесіла замок і перакрунула ключ. На счарнелым баку скрыні засталіся фіялетавы касцюм і белая майка. Раней апранула іх на сябе толькі адзін раз. Было гэта два гады таму, у краме. Разглядала вопратку доўга і дакладна, правяраючы ў люстэрку, ці бель трымае гармонію з фіялетам, і ці фіялет добра сінхранізуе з сівізнай валасоў, а матэрыял – ці напэўна адпаведнай якасці і пры першай нагодзе ці не пойдзе ў складкі і ці не пакамечыцца. Рэчы важныя, звышчасовыя нельга купляць легкадумна, абы хутчэй, кінуўшы адным вокам, або – што горшае – кіруючыся заклікамі актуальнай моды. Касцюм быў беззаганны – як два гады таму, так і цяпер. Зараз, на ўсялякі выпадак прымерыла толькі боты. Шмат дзён прастаялі яны бесклапотна ў кардоннай скрыначцы ў шафе, калі ногі за той час пратапталі не адну сцежку і здаралася ім стаміцца, апухнуць, згубіць штодзённую форму. Ды так ці іначай, праверыць боты перад доўгай дарогай не лішняя справа. Але карычневыя паўчаравікі сядзелі ідэальна, заяўляючы гатоўнасць да вандроўкі ў найдалейшы шлях. “Якраз. Лёгкія і не ціснуць”, – падумала яна і паставіла іх побач з куфрам.
Затым цэлы дзень размаўляла з дзедам Уладзімірам. Насамрэч размаўляла сама з сабой, але гутарка была ўсётакі падрыхтоўкай да сустрэчы з ім. Перакідала некалькі разоў кожнае слова, разглядала яго з усіх бакоў – якое ўзяць з сабой, якое сказаць як першае і як апошняе, і яшчэ якое лепей пакінуць назаўсёды тут. Цягам дзесяцігоддзяў назбіралася шмат імёнаў і здарэнняў, ды не ўсе ж яны заслугоўваюць вечнага існавання.
Вечарам бабка Сонька паклікала ў хату сыноў і мяне, як адзінага свайго ўнука. У гасцінным пакоі чакаў столскладанка. Даўно таму, калі дом быў шматлюдны і гаманлівы, стол так і стаяў – штодзённа расцягнуты на поўную даўжыню. З адыходам кожнага сына стол сціскаўся, скарачаўся, аж, дасягнуўшы мінімальнага памеру, застыў пад белым абрусам. Цяпер яна расцягнула яго зноў, а наўкола паставіла шэсць крэслаў.
– Сядайце, хлопцы, – сказала, паказаўшы рукой месцы за сталом, і мы селі, расставіўшы локці на белым абрусе, і толькі маленькае крэсла Сашкі засталося пустым.
– Ну, што там, – першым азваўся Антон.
– Прыйшоў час.
– Час?.. – не зразумелі. – Які час?..
– На той свет... Заўтра, – сказала будзённа, нібыта мэтай заўтрашняй вандроўкі была не вечнасць, а кіёск па другі бок вуліцы або ранішняя лапатня з лепшай суседкай.
– І ўжо заўтра? Гэта што, па тэлевізары так сказалі ці бацюшка ў царкве аб’явіў? – дзядзька Коля выскачыў жартам, але бабка нават не ўсміхнулася.
– Заўтра ўсё тут будзе іначай. А мне няма ўжо чаго пры гэтым рабіць. Вы слухаеце мяне?
Не слухалі ні яе, ні саміх сябе. Даўно ўжо страцілі веру ў моц прадчуванняў бабкі Сонькі! А можа жыццё іх перагрузілася, запоўнілася па берагі і не было ў ім месца ні на сваю, ні на чужую смерць? Як ні дзіўна, ад нешчаслівых пачуццяў сцежкі Антона і Колі зноў пачалі набліжацца, перасякацца, як у далёкім дзяцінстве. І зараз кожны з іх зірыў ці ў сцены, ці ў бясконцасць вуліцы, шукаючы спозненае каханне... Валодзя ж кружыў у сваім асабістым свеце высокіх радаводаў, дзе не месца вясковым забабонам або дробным сардэчным справам. "Не слухаюць", – засумавала бабка.
– А ты, – глянула на мяне і ўсміхнулася. – А ты, ну як жа цябе зваць...
Яна ніколі не магла запомніць маё імя, бо такіх імёнаў раней у нашай сям’і не было. Калі мая маці Стэфанія ўпершыню вымавіла яго, бабка папрасіла паўтарыць яшчэ раз і яшчэ, потым доўга корпалася ў царкоўных кніжках, шукаючы, ці ёсць там такое, але не знаходзіла. Гартала кніжкі адзін дзень, другі і трэці, і ўсё далей паглыблялася ў смутак, і ўсё больш хвалявалася за маё жыццё, названае імем, якога ніхто тут не чуў. І ці знойдзецца ў небе анёл, што ў злую хвіліну разгорне нада мной апякунчыя крылы? Нарэшце яна знайшла нешта падобнае і толькі тады супакоілася. “От, – сказала. – Не зусім так, але ж ёсць. Можна неяк жыць і з такім імем”.
– Ну, як жа цябе зваць, – старалася прыпомніць маё імя, але яно не вынырвала. – Вось табе і на. Нават Уладзіміру заўтра не скажу, хто ты. Як бы і няма цябе!? – здзівілася. – Ды нічога, няхай застаецца ўсё, як ёсць.
Познім вечарам бабка Сонька прылегла ў ложак і памерла. Сама, адна, бо мы, не давяраючы яе словам, разышліся кожны ў свой дом.