Читаем Белы конь полностью

Калі бабку паклалі ў труну, я прыгадаў яе аповед пра расшчэпленае перуном дрэва, з якога выйшлі мужчына і жанчына. Яго звалі Валодзем, яе Сонькай. Былі першымі. Цяпер Сонька апошняя, загорнутая ў дрэва, выключнае па сваёй форме, на чорнай машыне ехала на могілкі, а вуліцамі Мястэчка ішлі легкавушкі і было іх значна больш, чым у другія дні. У сваёй маладой наіўнасці я падумаў, што гэта людзі з усяго свету з’язджаюцца на развітанне з бабкай Сонькай. Думка была зусім слушная – чалавек, з якога пачынаўся наш свет, не адыходзіць, пакуль не развітаюцца з ім усе, хто застаецца ў жывых. Але чужынцы не спыняліся. Не звяртаючы ўвагі на разгорнутыя ветрам чорныя харугвы, мацней націскалі педалі газу ў сваіх машынах, абганялі маруднае пахавальнае шэсце і кіраваліся ў цэнтр Мястэчка.

“Вечная памяць”, – бацюшка Сцяпан пакрапіў жоўты копчык, а дома, за хаўтурным сталом, за другойтрэцяй чаркай, калі жывыя, канчаткова развітаўшыся з мёртвымі, зноў вяртаюцца да сваіх спраў, ён пацікавіўся:

– А колькі ж было гадоў нябожчыцы? Бо нават і на шыльдачцы не напісалі. Імя, прозвішча толькі... А колькі гадоў пражыла – не напісалі...

Усе глядзелі то на бацюшку, то адзін на аднаго і здзіўляліся. Толькі цяпер зразумелі, што ніхто не ведае, колькі яна пражыла. Ніхто і ніколі не пытаў бабку Соньку пра яе дзень нараджэння. Нашае жыццё ішло ў фальшывым перакананні ў яе несмяротнасці, а тое, што не памірае, ніколі ж і не нараджаецца.

– Паедзем, – сказала маці, калі разышліся ўсе сваякі і знаёмыя. – У нас таксама няма тут ужо ніякай справы.

Абмінуўшы бацьку, які пасярэдзіне пакоя сядзеў на кукішках і гартаў нейкія паперы, яна пачала складаць рэчы. Але бацька не бачыў нас. Ён таксама збіраўся ў дарогу. А можа, быў ужо на шляху, дзесьці за Чаромхай перасякаў якраз дзяржаўную мяжу, бо калі маці праходзіла побач з чарговым клункам у руках, працягваў лісток паперы, апошні шматок сваіх сшыткаў, што цудам выратаваўся з пажару.

– Вось мой пашпарт, вось ён, глядзіце. А багаж? Панове мытнікі, ну які ў мяне багаж? Толькі шчасце і нічога больш. Во, тут яно і тут, і тут, – выварочваў кішэні, разгартаў полы пінжака. – Толькі шчасце, панове, бо еду туды, дзе маё месца.

Калі маці зачыняла апошнюю валізку, бацька крочыў ужо вулачкамі Высокага. Шпацыраваў каштанавай алеяй сапегаўскага парка, прыпыняўся ля заімшэлай сажалкі, перакідваўся словам з рыбакамі, кіраваўся да зруйнаванага замка. Разгартаў крапіву, што заўзята падымаецца на палацовыя сходы, і на сыходзе жыцця стаўляў след там, дзе павінен ён быў адціснуцца ў самым яго пачатку...

Тым часам у нашым Мястэчку натоўп незнаёмых людзей плыў цэнтральнай вуліцай, рассыпаўся ў завулкі паміж паасобнымі дамамі. Змятаў усё, што траплялася пад рукі. Зрываў шыльды і старыя тынкі, разбіваў вітрыны. Руплівыя рукі выносілі з рэвалюцыйнага музея чырвоныя сцягі і агітацыйныя бюлетэні. Між Ленінам і Марксам ляжаў на тратуары дзядзька Ваня. З васковага партрэта глядзеў у сакавіцкае, кудлатае неба і пытаў нямым позіркам: “А гэта што робіцца? А хто вам дазволіў?”

Людзі тапталіся па непатрэбных агітках і партрэтах, і калі б дзядзька Ваня добра выструніў вуха, пачуў бы іх размовы: “У рэвалюцыйным музеі знойдзе прыстань пачатковая школа, хай маладое пакаленне вучыць там новую гісторыю”.

За першай хваляй ішла другая. Гэты натоўп абкладаў старыя дамы новымі тынкамі, размалёўваў вітрыны экзатычнымі кветкамі і словамі, на свежа пафарбаваныя сцены вешаў новыя шыльды. У лазні пасяліў тэлекамунікацыйную фірму, у Дом партыі закінуў філіял політэхнічнага інстытута, а ў кінотэатры, спыняючы ў палове апошні сеанс, загружаліся халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны.

Над Мястэчкам стаяў пах свежай вапны, перамешаны з водарам фарбы, і быў ён мацнейшы за духмянасць соснаў і ялін.

Між натоўпам цішком прабягалі мясцовыя сталяры, адчайна шукаючы дарогу да дому. Але не маглі яе знайсці, бо ўсе вуліцы змянілі свае імёны, а час паскараў крок і даводзіў людзей да пазіцыі маленькага жучка, што, згубіўшы арыентацыю ў бліжэйшым наваколлі, хаатычна круціцца наўкол сваёй бліскучапанцырнай восі. І сталяры бралі напрамак на адзіны, пакуль нязменны арыентацыйны пункт у Мястэчку. На фабрычны комін. Як апошнія струменьчыкі адыходзячай зімы, сплывалі да фабрычнай брамы і там спыняліся. Брама сустракала іх непранікальнай, непахіснай сцяной, і вартавалі яе незнаёмыя вахцёры. І зноў сталяры адступалі назад, і беглі да Дому партыі, на ляту, у думках, складаючы кіпячыя літаніі скаргаў і пратэстаў, але там не было ўжо каму іх слухаць.

Вечарам, калі мы з маці ішлі на вакзал, усё супакоілася, і Мястэчка рыхтавалася спаць. Згасалі вокны і зачыняліся дзверы ў сённяшні дзень і ва ўсе ранейшыя дні, месяцы, гады – у той час, за які не нарадзіўся тут ні адзін геній, але не прыйшоў на свет таксама ні адзін дарэшты злы чалавек, за каго трэба было б саромецца доўга, цэлым чарговым жыццём.

На панадворку бабкі Сонькі час забіваў у зямлю камяні новых фундаментаў, выціраў сляды, прыкрываў усё травой і, стомлены працай, спыняўся на хвіліну.


* * *

Перейти на страницу:

Похожие книги

Ход королевы
Ход королевы

Бет Хармон – тихая, угрюмая и, на первый взгляд, ничем не примечательная восьмилетняя девочка, которую отправляют в приют после гибели матери. Она лишена любви и эмоциональной поддержки. Ее круг общения – еще одна сирота и сторож, который учит Бет играть в шахматы, которые постепенно становятся для нее смыслом жизни. По мере взросления юный гений начинает злоупотреблять транквилизаторами и алкоголем, сбегая тем самым от реальности. Лишь во время игры в шахматы ее мысли проясняются, и она может возвращать себе контроль. Уже в шестнадцать лет Бет становится участником Открытого чемпионата США по шахматам. Но параллельно ее стремлению отточить свои навыки на профессиональном уровне, ставки возрастают, ее изоляция обретает пугающий масштаб, а желание сбежать от реальности становится соблазнительнее. И наступает момент, когда ей предстоит сразиться с лучшим игроком мира. Сможет ли она победить или станет жертвой своих пристрастий, как это уже случалось в прошлом?

Уолтер Стоун Тевис

Современная русская и зарубежная проза