Вікторыя знайшла яго на адной з гарадскіх вуліц, дзе прасілі міласціну бяздомныя. Яму – адметнаму дзіцяці – спачувалі і дапамагалі, але, заўважыўшы, як хутка ён расце, ледзь не закідалі камянямі. З’яўленне Вікторыі было як з’яўленне Лёсу. Каб яшчэ хоць раз ён, Уладзь, здзейсніў штосьці супраць яе, супраць сваёй волі, паддаўшыся на ўгаворы і сумныя светлыя вочы, якія праглі дапамогі… Гэх. Запаліў паходню.
Бася агледзелася – сэрца ўпала, прапусціўшы ход. Навокал з’явіліся яшчэ некалькі агеньчыкаў. Няўжо за імі сачылі? Яна схапіла Уладзя за плячо і моцна сціснула. Ён азірнуўся і засмяяўся. Рушыў да аднаго з агеньчыкаў, той паплыў насустрач. Заварушыліся і іншыя – закружылі павольны карагод, паступова сціскаючы кола. Уладзь перахапіў руку Басі, што намагалася яго спыніць, і павёў за сабой. Анэлю не было чуваць, але Бася ведала, што яна побач.
Калі паміж імі і агеньчыкам заставалася колькі крокаў, цемра выпусціла сілуэты пераследавацеляў. Іх было трое, ішлі павольна і няўпэўнена. З кожным рухам рысы здаваліся ўсё больш знаёмымі.
– Цьху на цябе, папярэдзіць не мог? – Анэля злавалася і смяялася адначасова. Бася выдыхнула і нервова хіхікнула, убачыўшы свой пераляканы твар у адлюстраванні.
– Хацеў здзівіць. Люстраны мост у гушчары – ці не геніяльная маскіроўка? Нашы вынаходнікі прыдумалі гэткі цуд. Я паверыў, што мы – нашчадкі тых першых людзей і можам наблізіцца да іх сваімі здольнасцямі і справамі, – вочы Уладзя ззялі ад святла паходні і гонару.
– Нос апусці, а то неба праб’еш, да Лёсу дастанеш, – празвінела Анэля.
Не дай Лёс заблукаць тут у такую цёмную ноч. Святло Уладзевай паходні больш пужала і блытала, чым дапамагала. Хлопец падвёў усіх да ніжняй прыступкі, схіліўся і пад адмысловым вуглом накіраваў на яе паходню. Кожны ўзровень люстраной лесвіцы перадаваў прамень наступнаму, і хутка ўся яна заззяла колерам жывога агню. «Ідзі» – жоўта-чырвонымі позіркамі сказалі Басі сябры, паказаўшы на вогненную дарогу. Яна рушыла ў сталіцу.
За два тыдні мінулі тысячы жыццяў. Горад не заўважыў адсутнасці Басі, як не бачыў яе жыцця. Калі яна памрэ, горад не даведаецца.
Абразліва абыякавай была і маміна хата. Не гарэла святло, каб не прывабліваць нязваных гасцей, не чарнеў на жоўтым фоне сілуэт у звыклым чаканні. Адчыніць дзверы Бася не наважылася – пастукалася.
Мама змянілася. Твар пашарэў, птушыны нос абвастрыўся, салома валасоў заінела. Вочы не паверылі, што бачаць, – жанчына наблізілася да Басі, працягнула рукі і, не дакрануўшыся, адступіла на два крокі.
І ты адчуваеш буру?
– Я раней не цікавілася Адметнымі. Ёсць і ёсць, мне не перашкаджаюць. Ходзяць у шырокай вопратцы, хусткі ды анучы насунуўшы да самых вачэй. Зрэшты, вочы прыгожыя заўважала – як каштоўныя камяні на шапцы князя – розных колераў, глыбокія, ззяюць. Свае шэрыя, як брук пад нагамі, ненавідзела. Здавалася, іх вочы пасля смерці стануць зоркамі на небе ці гузамі на дарагіх уборах, а мае заплюшчацца і ўсё.
Ніхто не запомніў, калі ён з’явіўся. Быццам прывід, жыў за нашай пакінутай Лёсам вёскай яшчэ больш пакінуты. Нават мясцовым, што сумавалі без падзей, плётак і незнаёмых твараў, не было да яго справы.
Неяк ён шлындаўся па вёсцы. Стукаўся ў дзверы, пытаўся, ці няма хворых, якім патрэбныя лекі, няшчасных закаханых, што прагнуць нагаворных зелляў, ці ахвочых даведацца будучыню. За ўсе таямніцы сусвету адметны прасіў толькі абед.
Далей за ганак яго не пускалі. Хай і былі людзі, што імкнуліся пазбавіцца ад хвароб ды кахання ці спасцігнуць страшныя таямніцы, ніхто не хацеў прымаць ні лекі, ні веды адметнага. Калі ён дабраўся да нашай хаты, глядзець на яго без болю было немагчыма. Стаяў ля прыступак, каб не крочыць лішняе ўніз, калі я праганю яго. На твары і плашчы пылу было больш, чым на дарозе. Калі я не зачыніла дзверы ў першыя секунды, ён так здзівіўся (а можа, быў такі стомлены), што не сказаў нічога. Былі б дома бацькі, я б, сціснуўшы ў кулаку сваю шкадобу, завярнула б яго, не даўшы сказаць слова. Але я была адна на бліжэйшыя некалькі гадзін.
Я ніколі не бачыла, каб людзі так прагна елі. Ведаеш, гатаваць я тады не надта ўмела, але мой няшчасны суп ён смакаваў і паглынаў, як найлепшы ласунак. Калі даеў усё, што я паставіла, і запытаўся, чым можа аддзячыць, я атрымала тое, да чаго імкнуліся многія жыхары нашай вёскі і што грэбавалі ўзяць. Яго гісторыю. Дакладней, некалькі гісторый: ён завітваў штораз, калі маіх бацькоў не было, карміў мяне расповедамі, а я яго – абедам.
Ён казаў мне пра горад, старэйшы за чалавецтва. Жыў калісьці там. Не быў шчаслівы, але меў нашмат больш, чым зараз. Людзі там былі прыгожыя, як ён. Уяўляеш, так і сказаў: «Прыгожыя, як я», – і паглядзеў на мяне са шкадаваннем, хоць я была прызнанай красуняй у нашай вёсцы, і з суседніх хлопцы на мяне заглядаліся. А ён, адметны, што гоніць сам сябе з вёскі ў вёску, што не можа і абед здабыць, глядзіць на мяне са шкадаваннем.