Хацелася шмат пра што распавесці. Пра тое, як гэта цяжка – аказацца не тым, кім лічыла сябе ўвесь час, а хто ёсць насамрэч – не ведаць. Як гэта – адчуваць, што жыла добра, шчасліва, спакойна, але – не сваім жыццём, і цяпер трэба жыць сваім, а яно не падабаецца. І ніхто да яе так не жыў, і няма ў каго запытацца, што і як. Пра тое, што чорнае і белае – гэта не адзіныя магчымыя варыянты, а дзве неіснуючыя крайнасці, а жыццё – пасярэдзіне і не дае прыхіліцца да чагосьці канчаткова. Пра тое, як крыўдна, што магла стаць не слабой дзяўчынкай за высокім плотам, а воем, гераіняй, і годна, з розумам прыняць усё, што навалілася аднойчы, а не гібець пад заваламі, не вырошчваць балюча ў старым целе новы хрыбет.
Бася ўгаворвала сябе, што ніхто не вінаваты. Ні бацька, які думаў пра вяртанне Свету. Ні маці, што імкнулася абараніць ад мітрэнгаў. Ні Вікторыя, што хацела ўратаваць. Проста так здарылася. Але пытанні «Хто?», «З-за каго?» не здавольваліся. Яны прымушалі крыўдаваць і шукаць вінаватых. І знаходзіць іх у сабе і ва ўсіх навокал.
Так хацелася выказаць Уладзіславу і Анэлі – нашмат больш, чым магла. Тым, хто ведае больш за ўсіх і разумее лепш за ўсіх. Але Бася моўчкі ўстала з навязліва мяккага ложка. Упаў на падлогу растрыбушаны мядзведзік.
У паселішча Бася вярталася, быццам дадому. Дакладней, у месца, якое можа стаць домам. Толькі ці мае яна права жыць там? Дачка Самотніка – чалавека, які знішчыў першы Свет і вінаваты ў тым, кім ёсць сёння нашчадкі першых людзей. Чым больш Бася думала пра віну свайго бацькі, тым даражэйшым рабілася ёй паселішча. І людзі, з якімі яна парай позіркаў не перакінулася, і Вікця, што, відаць, пра ўсё даведалася з той кнігі, але не сказала. Можа, таму і не сказала, што хацела абараніць ад пачуцця віны і нянавісці супляменнікаў? Так міла, так кранальна. Сорамна перад ёй за недавер. Пасяляне – сапраўдная сям’я, якую яшчэ варта заслужыць.
Уладзіслаў і Анэля чакалі на гэтым беразе ракі. Якія добрыя ў яе сябры, якая еднасць паміж імі! Блізкія людзі, ёй так іх бракавала. Захацелася дзяліцца ўсім, давяраць больш, чым сабе, стаць з імі адным розумам, адным настроем, адным сумленнем.
Бася распавяла сябрам, што пачула ад мамы. На хвалі ўсёабдымнай любові і пакаяння хацелася ісці і прызнацца ўсім, але сябры спынілі, пераканаўшы спачатку адпачыць і супакоіцца, а потым, калі не перадумае, параіцца з Вікторыяй.
Адпачываць не атрымлівалася. Ледзь дачакаўшыся світанку, Бася рушыла да Вікці. Злавіць яе было не так проста. Казалі, замкнулася ў ратушы са сваімі дарадчыкамі яшчэ ўчора. Не выходзіла сама і не выпускала нікога. «Вось гэта моцная правіцелька! Вось гэта жалезная рука! Сама працуе нястомна і іншым разняволіцца не дае», – захапляўся Уладзь.
Хоць неба было яснае і сонца прабівалася нават праз густыя галіны высокіх дрэваў, Басі здавалася, што хмары сцягваюцца, перакрываюць вольнае паветра, каб сутыкнуцца ў бойцы і абвясціць пра сваю вялікую вайну навальніцай. Ніхто ў паселішчы не ведаў, што мае адбыцца наступнай ноччу, акрамя Вікторыі, яе блізкага кола і Басі, якая гвалтоўна ўварвалася ў таямніцу. Але ўсе адчувалі. Ці Басі здавалася, што адчувалі. Штосьці будзе.
Начная радасць і сіла адступілі. Надышла стома. Нападала са спіны, абвальвалася нечакана, прыціскала да зямлі. Усё, пра што Бася даведалася, пра што ёй карцела пагутарыць, перастала мець сэнс. Часам, нягледзячы на супрацьсонныя зёлкі, запараныя клапатлівай Анэляй, накрывала забыццё. У галаве не было месца ні для думак, ні для адчуванняў – нават няўтульная прахалода лясной зямлі не казытала. Бася памятала, што мусіць сядзець і чакаць. Каго ці чаго – неістотна.
Час ад часу яе прымушалі вынырваць з забыцця – Анэля голасна бедавала, што змарнавала цэлыя суткі, не зрабіўшы нічога карыснага, ці Уладзь прыносіў ежы і халоднай да зубнога болю вады, якая бадзёрыла больш, чым узвар сяброўкі-траўніцы. Толькі пад вечар, калі Бася сонна занырнула носам у сподак з вадой, яе ўгаварылі (а дакладней, проста ўзялі пад рукі і павялі) адпачываць.
– Я ўпэўненая, хутка ўсё вырашыцца, – як праз коўдру дайшлі словы Анэлі.
«І ты адчуваеш буру?» – хацела запытацца Бася, але не паспела – заснула перш, чым дабралася да ложка.
Жоўтыя агеньчыкі плылі за вокнамі. Спачатку павольна і ціха, потым паскорыліся, да іх далучыўся тупат. Уладзь думаў, што сніць іх, пакуль не хлопнулі і не выбілі са сну дзверы суседняга пакоя, дзе жыў Казімір, таксама вой – вайсковы намеснік, сябар і вечны супернік. Вой нашмат мацнейшы за Уладзя, таму і сяброўства, і суперніцтва з ім было складаным.
Каля Уладзева акна прамільгнула галава суседа. Глуха блікаваў у святле паходні яго шалом.
Уладзь зразумеў бы, каб сябар утойваў штосьці асабістае. А вось хаваць ад брата, пасвячонага ў воі адной зброяй (яшчэ не пасвяцілі, праўда, але хутка), справы вайсковыя – гэта здрада. Успомніліся ўсе выбітыя з рук мячы, усе кпіны і крыўды, якія Уладзь перажыў дзякуючы Казіміру. Ну зараз ён яму пакажа, зараз давядзе! Што пакажа і давядзе, юны мечнік пакуль не прыдумаў.