Толькі вось дзіва. Ён казаў пра прыгажосць, і ззяў ёй, наліваўся колерамі пыльна-парцаляны твар. Ён апісваў горад, старажытны і дзівосны, і я ўяўляла той горад, поўны іншых людзей, падобных да адметных, але прыгажэйшых, мацнейшых, прагных да волі і сілы. Нескажу, каб верыла, – быццам чытала кнігу. Даверыўшыся, ён пераконваў мяне, што і сам старэйшы за ўсіх людзей, што памятае першых з нашага народа. Я не паверыла, але ўяўляла.
Ён казаў, што дзівосны народ знішчыў адзін саманадзейны дурань, які прагнуў улады, але не ведаў, як яе атрымаць. Мой госць – апошні з першых людзей, цудам уратаваўся ад знікнення. Ён блукаў па землях, старых і новых, бег – спачатку ад пераследу, потым ад сябе. Але надыходзіў час вяртацца ў сталіцу, каб адрадзіць свой горад.
З таго моманту я не слухала, думаючы толькі, што нам давядзецца развітацца. Кожны дзень я чакала яго, але была нешчаслівая – баялася, што ён не з’явіцца. Ён стаяў на маім парозе, усміхаўся, і гэта не радавала: праз гадзіну ён сыдзе, а я зноў буду чакаць і баяцца. Ён сядзеў насупраць і глядзеў на мяне з удзячнасцю і замілаваннем, а я сумавала па ім наперад.
– Ты скажаш, калі вырашыш знікнуць?
Ён падняў вочы ад талеркі, каўтнуў пражаванае, памаўчаў колькі імгненняў.
– Нетрэба. Ты дапамагаеш мне, я дзячу гісторыямі. Хіба гэта не лепшае, што можа адбывацца паміж намі?
Я ледзь не сказала «не». Добра, што змаўчала.
Да гэтай нашай гутаркі я не думала, што закаханая. А тут захацела давесці, што люблю, і прымусіць палюбіць. Я радавалася, што ён ад мяне залежны. Што ён не знікне яшчэ нейкі час, бо тут яго заўсёды чакае гарачы абед і ўдзячны слухач. Зрэшты, размаўляць са мной стала для яго цяжкім абавязкам. Ён быў дарослы і мудры, ён усё разумеў.
Аднойчы ў прызначаны час парог быў пусты. Я шукала адметнага ў вёсцы і за вёскай. Мне хацелася знайсці яго слабога, акрываўленага і выратаваць. Ён будзе ўдзячны і не зможа мяне пакінуць.
Ён з’явіўся дзён праз пяць. Я шукала ў ім прыкметы знясіленасці голадам і самотай. Прыдзірлівы позірк не знаходзіў іх. Няўжо іншая карміла і слухала яго гэты час? Адметны ўсміхаўся шчасліва і хітра (ці гэта я знайшла ў ім хітрынку?) Мне хацелася садраць з яго твару ўсмешку.
– Заўтра на світанку я выпраўляюся ў сталіцу. Задоўга сядзеў тут.
– Што цябе трымала? – канешне, я спадзявалася на адказ «ты».
– Знясіленасць пасля доўгіх дарог. Ты дапамагла. Дзякуй.
Пасля падзякі я не мела права ні крыўдаваць, ні патрабаваць. На жаль, «дзякуй» дало мне надзею.
– Вазьмі мяне з сабой.
– Удоўгай дарозе без годных умоў дзяўчынцы не месца. Я давяла, што не малое дзяўчо:
– Застанься са мной да раніцы.
Той ноччу я змагалася са сном за кожнае імгненне, якое магу глядзець на яго. Ён быў побач, я магла б суцяшацца бясконцасцю кожнай хвіліны, радавацца, што ён мой назаўсёды, бо гэтая ноч застанецца са мной. Толькі я была не ў тым узросце, калі гэта суцяшае. Здалася на світанні. Ён уцёк, пакуль я спала. Ведаеш, крыўдна і дагэтуль. Больш ніхто так моцна мяне не абражаў.
Я доўга адштурхоўвала праўду, што чакаю дзіця. Нягледзячы на ўсе прыкметы, не хацела верыць. Бацькі, хоць лепшай думкі былі пра мае цноты, зразумелі нашмат раней. Яны намагаліся дараваць мне, але ў гэтых спробах была пагарда. Не чакаючы твайго нараджэння, я выправілася шукаць адметнага.
Я спадзявалася ўбачыць чароўны горад. І ў цэнтры яго на залатым троне пад аксамітным полагам – свайго каханага, бацьку майго дзіцяці, які назаве мяне жонкай, а цябе – нашчадкам. А пабачыла… Такую самую вёску, хіба што з велічным княскім палацам і тузінам багатых дамоў пасярэдзіне. Поўную бруду, чужых людзей, разгалінаваных вуліц і непрыступных будынін. Тут я і дапяла, што за прыгожымі казкамі пра дзіўны неіснуючы горад твой бацька ўмела стаіў усё, што дапамагло б мне знайсці яго. Я не ведала нават імя. Я так і не знайшла яго.
Бася стамілася быць агаломшанай. За апошнія дні яе столькі здзіўлялі, уводзілі ў шок і пужалі, што чарговая звестка пра бацьку не кранула, а лягла кавалкам мазаікі на належным месцы. Спакойна дзяўчына прыняла і тое, што незапоўненых прагалаў – безліч. Дзівіла толькі, што яна робіць тут – у пакоі з даўняга сну, якім цяпер здавалася ранейшае жыццё.
Мама глядзела з надзеяй і безвыходнасцю:
– Ты застанешся са мной? – канешне, не застанецца. Замест яе любімай дачкі ў пакоі сядзела незнаёмая дзяўчына.
Бася ўзяла ў рукі маленькае медзведзяня – з дзяцінства любімую цацку, якую калісьці пашыла мама. Шво на правым баку раз’ехалася, з-пад блякла-карычневай тканіны, што страціла ўвесь ворс, выглядала рознакаляровае рыззё. Дзяўчына бяздумна калупала дзірку, пакуль не адкрыла ўсе мядзведзікавы вантробы. Мама сачыла за яе рукамі. Залапіць не атрымаецца.