Ішоў час, сустрэцца мне з Гапоненкам нідзе не даводзілася. Так мы на рыбалку і не ездзілі. Я ведаў: канечне, ён зазлаваў. Але ж павінен ён і розумам і сэрцам зразумець сваю памылку! Не можа быць, каб не зразумеў! Што ні кажы, а чалавек ён з галавою. Дык, можа, мне самому да яго з’ездзіць?
I я паехаў.
Аўтобус лёгка імчаў па толькі што заасфальтаванай вуліцы. Пасажыры хто стрымана, па-дзелавому, хто ўзбуджана, весела перагаворваліся між сабою. Я, здаецца, ні пра што не думаў, безуважна слухаў іх гаману і глядзеў на людзей, на дрэвы, на дамы, што мільгалі за акном. Нечакана слых мой быццам аднекуль здалёку ўлавіў знаёмы голас. Так, спачатку мне кінуўся на ўвагу мёнавіта голас, густы і мяккі, і толькі ў наступны момант я дайшоў да сэнсу пачутых слоў.
— А ты не маўчы, дабівайся свайго.
— Ага, не маўчы… Тады возьмуць ды звольняць з работы. Знойдуць зачэпку і звольняць. Хіба так не бывае?
— Не бойся, не маўчы. Паслухай, што я табе раскажу…
Жанчыны, якія вялі гэтую гаворку, сядзелі паперадзе мяне. Адна з іх раптам, можа, па нейкай дзіўнай інтуіцыі, азірнулася. Вочы яе, цёмныя, вялікія, заблішчалі, яна ўсміхнулася.
— Добры дзень, таварыш суддзя…— Паздароўкалася і сумелася. Падобна было на тое, што ёй карцела яшчэ нешта сказаць, ды якоесьці сумненне ўтрымлівала яе. Мусіць, падумала, што не да месца тут яе гаворка. Шпарка слізганула позіркам па тварах тых, што сядзелі непадалёку ад мяне — яны ўсё будуць чуць,— колькі секунд яшчэ павагалася і загаварыла: — От што я скажу вам: ужо працую. I грошы атрымала.
«Як у казцы,— здзівіўся я.— Каб і хацеў, дык не прыдумаў бы такую сустрэчу».
— Ёй вось таксама…— Клянкова — то была яна — паказала на сваю суседку.— Праўда ўсё роўна, кажу ёй, возьме верх над крыўдаю. Жыццё ў нас цяперака такое.
Я не памятаю, што адказаў Клянковай. Нешта, відаць, банальнае, бо не запомнілася. Ды тут і не патрабаваліся нейкія асаблівыя словы. Усё, што ў той час запаўняла думкі і пачуцці жанчыны, было гранічна ясна і ім абедзвюм, і мне. Адно засталося ў маёй памяці назаўсёды: пачуццё, якое ахапіла тады мяне,— на душу мне сышла ясная раўнавага, якой я ў штодзённых клопатах даўнавата не чуў.
Пад’язджаючы да свайго прыпынку, жанчыны загадзя падняліся і падышлі да выхада. Клянкова стаяла роўна, трымаючыся рукой за біла пярэдняга сядзення. Аўтобус затармазіў, дзверы расчыніліся, і яна лёгка ступіла на прыступку.
Гапоненка сустрэў мяне стрымана. Перакінуліся словамі пра жыццё-быццё, пра надвор’е. Пра рыбалку ён не заікнуўся нават, быццам і не было ў нас ніякай дамоўленасці наконт яе. Я, счакаўшы крыху, сам памкнуўся нагадаць яму тое, што ён некалі мне так ахвотна прапанаваў. Думаў, цяпер яна, рыбалка, можа як ніколі раней, будзе дарэчы: седзячы за вудамі, якраз і пагаворым пра тую недарэчную судовую справу, абмяркуем яе з усіх бакоў. Павінен жа ён, у рэшце рэшт, усвядоміць, што несправядлівасцю ў адносінах да Клянковай перш-наперш паклаў брудную пляму на сваё сумленне. Я намякнуў здаля:
— А надвор’е цудоўнае ўстанавілася.
Гапоненка нервова перасмыкнуў вуснамі. Адразу здагадаўся, куды я хілю.
— Няма мне часу па рыбалках ездзіць,— адрэзаў.— План трэба выконваць. У цябе — іншая справа. Ты свой ужо, напэўна, перавыканаў. 3 таго сотню, з таго дзве…— Гаварыў адрывіста, рэзка. Аднак у ягоных словах чуліся роспач і заклапочанасць, ён быццам апынуўся на скрыжаванні і цяпер не ведае, куды ісці далей.
Гаворкі ў нас не атрымалася.
— Бывай.— Я падняўся з крэсла.
Гапоненка нічога не адказаў мне, толькі зрабіў такі рух, быццам памкнуўся падаць руку. Але не падаў, павярнуў галаву да шырокага акна, за якім гула вуліца, пазіраў кудысьці далёка-далёка. Потым ён таропка дастаў папяросу, чыркануў запалкай раз, другі, трэці, зламаў яе і стаяў, трымаючы незакураную папяросу ў губах. Паўза была напружаная, і яна, здавалася, нешта няўлоўна перамяніла ў ім.
Нарэшце ён паглядзеў на мяне, іншым голасам, цішэй, сказаў:
— Так, часу няма.
Выйшаўшы ад Гапоненкі, я ў калідоры сустрэўся з Бабчанком. Ён, прыгнуўшы крутыя шырокія плечы, бег са сваёй цёмна-зялёнай папкаю. Відаць, да дырэктара на даклад. Параўняўшыся са мною, прыпыніўся, хуценька азірнуўся і таямніча прашаптаў:
— Івану Ігнатавічу ўчора на партыйным бюро за Клянкову вымову далі.
Не ведаю, як атрымалася, што я не стрываў. На той час са мною ўпершыню такое здарылася. Я з непрыхаванай злосцю, зычней, чым гаварыў заўседы, выгукнуў:
— А табе? — Вокліч мой прагучаў на ўвесь калідор.
Бабчанок не стушаваўся, не пакрыўдзіўся за маю непрыязнасць. Паглядзеў на мяне спакойна, адказаў так, як гаворыць чалавек пра тое, з чым ужо даўно звыкся:
— I мне ўляпілі. Таксама вымову. Бачыце, як атрымліваецца: начальнік вінаваты, а стрэлачнік адказвай…
Мусіць, у маіх вачах ён убачыў штосьці больш рашучае, чым злосць, бо адступіў убок, даючы мне праход, хаця і так не стаяў на дарозе. Сам не зрушыўся, пакуль я не пайшоў. Быццам яго адразу скавала нейкая нечаканая думка.