— Не за прагул, за іншае. За злоўжыванне сваім службовым становішчам. Памятаеце — пра гэта з абурэннем гаварылі на сходзе?
— Калі, на якім сходзе?
— На прафсаюзным. I Гапоненка там пра гэта таксама гаварыў. Па запатрабаванню суда заводскі камітэт прыслаў нам копію пратакола сходу.
Бабчанок не знайшоўся, што адказаць, і збянтэжана прабубнеў:
— Не ведаю, нічога не ведаю, мая справа, як кажуць,— старана.
Загадчык лазні даводзіўся сваяком Гапоненку. Клянкова расказвала, што даўся ёй у знакі гэты сваяк дырэктара. Прымушаў яе прадаваць білеты, якія былі выкарыстаны раней, а выручку аддаваць яму. Клянкова заяўляла пра гэта Гапоненку, прасіла прыняць меры. Той слухаў, ківаў галавой: «Добра, прымем». А назаўтра, калі яна прыходзіла на работу, усё адбывалася па-ранейшаму — прадавай, калі табе загадваюць. Вось яна і расказала ўсё на сходзе. Пасля яе выступаў Гапоненка і даў слова, што пакарае прайдзісвета, які так запляміў сябе. I вось… Звольніў не яго, а касіра. Клянкова даводзіла, што не прыйшла на работу па ўважлівай прычыне: сын захварэў. Але дырэктар не ўзяў пад увагу яе тлумачэння. Так, маўляў, кожны прагульшчык можа сказаць. Трэба даведка ад урача. Даведку яна не прынесла, бо не звярталася ў паліклініку. Назаўтра хлапчуку — ведама ж дзіця, можа, наеўся быў якой зеляніны — стала лепш, і яна пайшла на работу.
На судзе Бабчанок кінуў слова ў слова, як гаварыў Гапоненка Клянковай:
— Сын захварэў… Так кожны прагульшчык можа сказаць.
Сведкі пацвердзілі, што Клянкова заўсёды сумленна ставілася да працы, дбайна выконвала свае абавязкі. Было зразумела, што з ёю расправіліся за крытыку. А ліквідацыя пасады касіра лазні — гэта быў, як кажуць, хітры ход. На ўсякі выпадак.
Суд вынес рашэнне аднавіць Клянкову на рабоце.
У той жа дзень пад вечар мне пазваніў Гапоненка. У яго голасе чулася прытворна-паважлівая мяккасць.
— Даражэнькі, так, мусіць, не будзе, як ты рашыў. Зразумей, памыліўся ты.— I раптам у яго прарвалася: — Пакуль што на заводзе я дырэктар, а не ты.
Я хацеў што-небудзь адказаць, ды адчуў, быццам перасмягла ў горле. Так нічога і не адказаў.
Клянковай, якая назаўтра прыйшла на работу, Бабчанок заявіў:
— Іван Ігнатавіч сказаў, што прадаваць білеты вас не дапусціць. Не мы ж вас аднавілі на рабоце, а нам вас прысудзілі. Дык хай той, хто прысудзіў, возьме да сябе ў штат такую харошую працаўніцу. Прыбіральшчыцай — іншая справа, можна і ў нас.
Здарылася так, што на тым жа тыдні мне давялося быць на заводзе. Там я рабіў справаздачу аб рабоце суда. Перад пачаткам сходу зайшоў да Гапоненкі. Вырашыў: неабходна растлумачыць яму як след, пераканаць па-добраму, што Клянкову трэба неадкладна дапусціць да работы. Гэта ж не мой асабісты загад, а рашэнне суда. Ну, ды як-ніяк, а ўсё ж мы трохі і сябры. Няёмка — быць на прадпрыемстве і не зайсці да дружбака.
Іван Ігнатавіч знаходзіўся ў сваім утульным, з густам абсталяваным негрувасткаю цёмна-карычневага колеру мэбляю кабінеце. Калі я адчыніў дзверы, ён неахвотна ўзняў галаву, паглядзеў прыжмуранымі вачамі. Пабачыўшы, што гэта я, неяк натужліва, быццам па прымусу, усміхнуўся.
— А-а, само правасуддзе, як кажуць. Калі ласка, прашу.— Ён шырокім жэстам рукі паказаў на крэсла. Пачакаў, пакуль я сяду.— Дык што ж гэта ты, Міхаіл Пятровіч, так, можна сказаць, сканфузіў мяне? Па-твойму выходзіць, што мы так сабе.— Дырэктар паварушыў растапыранымі пальцамі каля скроні.
Я сустрэўся з яго насцярожаным позіркам.
— Сканфузіў таму, каб ты надалей сам сябе не канфузіў яшчэ больш,— адказаў па-сяброўску грубавата.
— Яна ж прагул зрабіла. Гэта — факт. Хітрушчая, напляла табе чорт ведае што, а ты не разабраўся і паверыў ёй. Так от адным махам і перакрэсліў мой аўтарытэт.— Гапоненка дакорліва паківаў галавою.— Бяздушны ты чалавек, Міхаіл Пятровіч, ведама ж — суддзя.
Я зірнуў на дырэктара з дакорам, усміхнуўся. Поглядам сказаў яму: «А я думаў, што ты мяне разумееш…» У той момант раптам невядома чаму ўстрывожыўся за яго, нібы адчуў над ім нейкую бяду.
— Дзеля справядлівасці, даражэнькі, трэба перагледзець табе сваё рашэнне,— хмурачыся, казаў далей Гапоненка. Яго цяжкія калматыя бровы рэзка варухнуліся — спачатку адно, потым другое.
— Ты гэта сур’ёзна, Іван Ігнатавіч? — Я не хацеў даваць веры яго словам.— Калі сур’ёзна, то дарэмна спадзяешся. Як сябру раю табе: неадкладна дапусці Клянкову да работы. А то я вымушаны буду, як ты кажаш, яшчэ раз цябе «сканфузіць».— Зірнуўшы на гадзіннік, я схамянуўся.— Загаварыліся, а там ужо людзі, напэўна, сабраліся. Пайшлі ў клуб.
— Абыходзьцеся як-небудзь без мяне. Работа заваліла. Адных непрыемнасцей — не абярэшся.— Гапоненка ўзяў са стала нейкую паперу і пачаў чытаць.
Я выходзіў з утульнага кабінета ўсё з той жа трывогай, якая ніяк не праходзіла.
***