Махнуўшы плашчамі, патыхнуўшы саладжавым бэнзінам, дыхнулі шыпрам у твар і сышлі пад ледзяную тоўшчу нумары з арліным профілем правадыра народаў, дзе людзі так шчыра клялі і кляліся, дзе імя і імя па бацьку звычайна замянялі літары “тав.”, як ініцыялы – адны на ўсіх. Змрочныя жоўтыя бачыны з тварамі памерлых герояў працы, сьпісаных багоў і бясконцых начальнікаў… Дробныя, штораз больш падобныя да даносаў скаргі чытацкіх лістоў, аўтары якіх яшчэ верылі друкаванаму слову. Лайдакоў і сабатажнікаў у тых падшыўках называлі з дакладнасьцю да літаркі, ніякіх там “імёны зьмененыя”. Тая, зьніклая рэчаіснасьць ажывала – і яе падабенства з рэчаіснасьцю цяперашняй палохала, нібы скрыпы старой шафы за сьпінай. Учора рабілася сёньня, а заўтра не надыходзіла. Раман з падшыўкамі мусіў скончыцца ў дзевяностых – бо там пачыналася пасьлямова, тая частка, якую ніхто не чытае.
Часам рэдактар лавіў бацьку за гэтым заняткам. “Снова подшивки читаешь?” – казаў ён без асаблівае злосьці; бацька быў яму нечым сымпатычны. – “От же, подшиванец…” Бацька не крыўдаваў. Рэдактар быў стары. Бацька быў для яго чалавек безь мінулага.
У той дзень бацька пасьпяшаўся здаць усе матэрыялы да абеду. Была пятніца, і яго калегі з самага ранку нудзіліся і злавалі, бо няма нічога больш нясьцерпнага за чаканьне пятнічнага вечара, калі праца заціхае на нейкі час, абязболеная заўтрашнім днём. Яшчэ падчас абеду ён купіў бутэльку партвэйну, схаваў яе ў стол і цяпер чакаў, пакуль яны ўсе сыйдуць. Ён нават падбухторваў іх, распаляў у іхных душах жаданьне як мага хутчэй пайсьці дадому: казаў, што дакладна ведае, ад самога рэдактара, што начальства сёньня ўжо ня зьявіцца, што нумар даўно падпісаны ў друк.
Бацьку карцела застацца на самоце, пайсьці да сваёй шафы, адкаркаваць партвэйн і занурыцца ў падшыўкі. Хацелася ведаць, што там далей. На сьвеце няма нічога больш нуднага за газэту – з рысункамі яна ці без, няважна – але бацька са зьдзіўленьнем адкрыў для сябе, што кожная, нават самая нудная газэта з часам ператвараецца ў літаратуру: як гной у нафту. Галоўнае, не сьпяшацца. Не шукаць у газэце тое, чым яна яшчэ не зрабілася. Чакаць і гартаць, чытаючы тое, што набранае дробным шрыфтам. І вучыцца чытаць шрыфт нябачны.
Урэшце калегі (бацька ласкава называў іх зомбі) пачалі па адным сыходзіць, дый працоўны дзень, хоць і па кропельцы, папялінцы, што падала з цыгарэты, па літарцы, але канчаўся. Іх засталося двое ў рэдакцыі: бацька і адна цётка, што ніяк не хацела зьнікаць, баючыся, што зараз патэлефануе рэдактар і запіша, хто на месцы, а хто ўцёк. А потым дасьць ім дваім прэмію за вернасьць – а астатнім здыме за прагулы. І вось яна, гэтая цётка, цяпер падазравала ў бацьку махляра. Яна думала, відаць, што ён надурыў усіх, што мае нейкую таемную інфармацыю і хоча ўсю падачку за дысцыплінаванасьць забраць сабе.
Пачалося спаборніцтва, хто каго пераседзіць. Але, на шчасьце, ёй патэлефанавалі з дому – нешта здарылася, яна хутка апранулася, гатовая выскачыць з кабінэту… “Ключы!” – нагадаў ёй бацька, бо хто сыходзіў апошні, мусіў замкнуць рэдакцыю і ўключыць унізе сыгналізацыю. Яна вярнулася, стала корпацца ў сумачцы. Ключы ўпалі на падлогу, ён нахіліўся падняць, а калі выпрастаўся, яе ўжо не было. Адкаркоўваючы партвэйн, ён бачыў у акне, як цётка-зомбі, распусьціўшы над сабой зомбі-парасон, бяжыць да трамвая. Напэўна, у яе і праўда здарылася нешта сур’ёзнае.
Ён пайшоў да шафы і разгарнуў падшыўку – у найбліжэйшыя дзьве гадзіны яму не пагражалі ніякія неспадзяванкі. А можна ж было застацца тут хоць да ночы… І чытаць, чытаць. Ён узяўся за свае падшыўкі (о так, ён ужо даўно лічыў іх сваімі і марыў як-небудзь зьнесьці дахаты – усё адно ніхто б не заўважыў), узяўся пяшчотна і марудна, расьцягваючы задавальненьне. За акном ішоў дождж. Было салодкае адчуваньне, што зараз можна зрабіць нешта недазволенае. Ён паклаў побач з сабой ключы – ключы ад усіх кабінэтаў, ён наліў у кубак для кавы залацісты партвэйн. У гадавіну Вялікай…. Тав. Р. зьвяртае ўвагу…
Нехта падымаўся па сходах. Бацька выразна чуў звонкія крокі. Не, гэта было не начальства – начальства не падымаецца так лёгка, начальства баіцца праліць на прыступкі свой аўтарытэт, і гэта дакладна былі не панылыя, мітусьлівыя крокі ягоных любых зомбі. Бацька паспрабаваў уявіць сабе, хто ён, гэты позьні наведнік. Таварыш Р., які вярнуўся зь мінулага: высьлізнуў з падшыўкі, апынуўшыся раптам на вуліцы, якую без праблемаў пазнаў – і цяпер скача наверх, у рэдакцыю, каб паскардзіцца на тое, што ім ужо сто год не мяняюць спэцовак?
Бацьку хацелася каханьня. Не такога, на год ці на месяц, не такога, каб браць усё, што даюць. Не. Такога, як мова. Дадзенага раз і назаўжды. Яму патрэбная была змоўніца.
Гэта была жанчына неверагоднай прыгажосьці. Такая, пра якую кажуць: не пра цябе. Як пра кнігу або фільм. Яна і праўда была такая… Выдуманая, ці што. Такіх не бывае. Выдуманая, мокрая і прыгожая. Яна апусьціла парасон і павіталася. І нават – назвала сваё імя. Проста імя – і гэта было так інтымна. Як мочка вуха.