Ім выдалі форму бяз знакаў адрозьненьня і пасялілі ў вялікіх брызэнтавых намётах. За дубовымі сталамі інструктары вучылі іх тысячам розных спосабаў, як прымусіць чалавека гаварыць тое, што трэба – а галоўнае, так, як трэба. Афіцыйна гэта называлася псыхатрэнінгам, але насамрэч было навыкамі дрэсіроўкі. Тысяча спосабаў – і ніхто ня ведаў, што доктар адкрыў тысяча першы. Ён ня стаў адразу ж дзяліцца сваім сакрэтам, ён наогул імкнуўся не выдзяляцца, уважліва слухаў, запісваў, ніколі не спазьняўся на практычныя заняткі – допыты, якія часам адбываліся з самага сьвітанку да позьняе ночы: дапытвалі калгасьнікаў, якіх удавалася налавіць у лесе, тыя ніколі не абураліся, ахвотна раскрываючы раты і трываючы ўсё, што ад іх патрабавалася, нават экспэрымэнты з высокім напружаньнем.
Час праляцеў хутка – як быццам ад таго дня, калі доктар упершыню пабачыў на прыпынку абвестку, і да таго, калі, стоячы ў шэрагу выпускнікоў, ён атрымаў дыплём, прайшла ўсяго адна ноч. Яго прызналі найлепшым – упершыню ў жыцьці. Салідныя людзі далі яму ўсе неабходныя рэкамэндацыі – і вось ён, доктар, якога ўсяго тры гады таму ніхто не хацеў бачыць у сталіцы, сядзеў у кабінэце міністра аховы здароўя глядзеў у акно – і сталіца ляжала перад ім, паслухмяна раскрыўшы свой рот, і ён адчуваў, што можа рабіць зь ёй усё, што жадае.
Але яму не патрэбная была сталіца. Некалі яна адрынула яго, выкінула на сьметнік жыцьця – і цяпер ён з пачуцьцём адноўленай справядлівасьці адрынаў яе.
Доктар глядзеў, як міністар, поўная жанчына з высокай прычоскай, чытае ягоны ліст з просьбай прадаставіць у ягонае распараджэньне сьпісаны з усіх балянсаў былы піянэрскі лягер. Зараз яна падпіша – і ён зможа спакойна займацца справай, якой вырашыў прысьвяціць усё жыцьцё.
Што праўда, міністарка не сьпяшалася. Чытаючы, яна варушыла вуснамі – можа, баялася прапусьціць нейкую двухсэнсоўнасьць, а можа, проста ня звыкла чытаць такія даўгія лісты. Адзіная жанчына ва ўрадзе. Мамка ўсіх дзяцей краіны, адзіная кабета ў гарэме міністраў, што належаў самому прэзыдэнту.
“Да, харашо”, – сказала яна, падняўшы вочы. – “Я віжу, вы опытны сьпецыяліст. Спасіба вам от усех дзяцішак і ўсех радзіцелей. Дзетак нашых лячыць нада, хто ж спорыт… Вы знаеця, как ужо даўно тую мову адмянілі, і ўсё раўно не можам наўчыцца гаварыць, как людзі. За дзяржаву абідна”.
“Да”, – сказаў доктар. – “Обидно”.
Ён мог бы ёй дапамагчы. Ня толькі дзяржаве, але і ёй асабіста, гэтай бабе з высокай, як торт, прычоскай і сінімі шчокамі. Як яна, пэўне, камплексуе, калі прыяжджаюць госьці зь іхнымі чыстымі галасамі. А як баіцца выступаць, даваць інтэрвію… Напэўна, калі б яна зразумела, што насамрэч ён мог бы зрабіць для яе, дык запісалася б да яго на прыём.
“Харашо”, – сказала яна і падпісала. – “Как мы назавем этат… это учэрэждзеніе? Цэнтар арфаэпічнай артадонтыі? Лінгвахірургіі? Ілі какта іначэ?
“Название я придумаю”, – сказаў ён. – “Это же дети. Тут спешить нельзя”.
“Ну, сматрыце самі. Чэрэз год пасмотрым на рэзультат. Удачы вам, доктар!”
“Спасибо”, – пакланіўся ён і пацалаваў ёй тоўстую руку, зь якой яму заахвочвальна бліснуў на разьвітаньне дарагі гадзіньнік.
12. КОЖНЫ АБАВЯЗАНЫ КЛАПАЦІЦЦА ПРА СВАЕ ГАЛЮЦЫНАЦЫІ
Кожны абавязаны клапаціцца пра свае галюцынацыі. Бацька прысеў на пень і падумаў, што такі пункт абавязкова трэба ўключыць у Закон аб шлюбе і сям’і. Той закон, які ён, бацька адной вельмі незвычайнай дзяўчынкі і аднаго яшчэ больш незвычайнага хлопчыка, так цынічна парушыў, адразу ў некалькіх пунктах праламаўшы ягоныя папяровыя сьцены. І незваротна выпаўшы з таго сьвету, дзе існуе шлюб і існуе сям’я.
Галюцынацыі – мае родныя, мілыя, адной мовы са мной і адной крыві галюцынацыі ў шортах… Добра, што цяпер лета – дзеці ня зьмерзнуць. Кепска, што не зіма – зіма пакінула б іхныя сьляды, зіма пагнала б іх да жытла, у цяпло, да людзей, і там іх значна лягчэй было б адшукаць. Часам, калі ён прабіраўся скрозь гэты бясконцы лес, дзе ніводная дарога ня мела канца, быццам танула ў гушчарах і гаях, яму здавалася, што ён бачыць удалечыні, на ўзгорках, на цыркавых арэнах палянаў Лёсю і Лёччыка, якія ідуць празь лес, узяўшыся за рукі. Ідуць, не кранаючыся зямлі. І тады ён бег да іх – і абдымаў дрэвы, і нават плакаў. Яму трэба было добра выплакацца – бо калі ён іх знойдзе, яны ня мусяць пабачыць ніводнай сьлязы. Бо ён ні ў чым ня быў вінаваты – пакуль не дазволіў ім адысьці ад машыны ў той злы, нелягічны, мітусьлівы дзень.
Седзячы на пні, ён выцягнуў ногі, глынуў гарэлкі і набраў Кацю. Ён набіраў яе нумар некалькі разоў на дзень. Яму вельмі яе не хапала. Каця прыдумала б, што рабіць. Каця ўмела гаварыць зь людзьмі і ўмела заўважаць сьляды. Гэта яна заўважыла тады прымятыя кусьцікі чарніцаў. Але нават Каця не магла б дамовіцца зь лесам пра выдачу гэтых…
Гэтых хворых на галаву дзяцей. Гэтых няўдзячных вырадкаў, якіх ён спарадзіў на сьвет.