Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

У такія хвіліны зь ім здараліся прыступы сапраўднага гневу. Гэта быў гнеў на сьветабудову. На лес і на лёс. Бацька разумеў, што Лёся не вінаватая ні ў чым. І гэта было яе галоўнай правінай.

Яго тады пакаралі даволі мякка. Усяго толькі пазбавілі бацькоўскіх правоў. Як правоў кіроўцы – ха-ха. Гэта яны, аўтары і судзьдзі сваіх уласных дзяцей, прыдумалі такую недарэчную назву для той страшнай кары. Пазбаўленьне бацькоўскіх правоў… Быццам такога права можна пазбавіцца. Бацька падумаў тады, што такое пакараньне нагадвае нейкую зваротную кастрацыю: спачатку ты робіш дзяцей, а потым цябе прызнаюць няздольным зрабіць гэтых самых дзяцей, якія ўжо даўно бегаюць па сьвеце.

“Каця”, – сказаў ён у глухі тэлефон. – “Каця, ты мусіш вярнуцца. Ты мне патрэбная. Твае жоўтыя валасы не даюць мне засяродзіцца на пошуках. Вярніся – дзеля мяне, дзеля мовы, дзеля пасланьня, якое мусіць перадаць нільская сітаўка, пра якую я табе столькі расказваў. Я разумею, ты баішся. Я паважаю твой страх. Але ты мусіш вярнуцца. Каця, я зноў згубіў усё”.

Да гэтага пачуцьця злосьці, шкадаваньня да самога сябе, страху за Лёсю прымешвалася яшчэ адна вельмі мулкая, балючая боязь. Боязь, што Каця яго выдасьць.

Па шчырасьці, ён ня ведаў, на што яна здольная. Бо раней не было ніякай Каці. Каця зьявілася выпадкова, як каханьне. І тое, што ён навучыў каханьне гаварыць на сваёй мове, нічога ня значыла.

Пасьля таго, як ён афіцыйна перастаў быць бацькам Лёсі, яму не заставалася нічога іншага, як зьехаць з іхнага гарадка: іхная зь Лёсяй гісторыя зрабілася тут вядомай кожнаму, і яго атачала такая нянавісьць, што ён ня мог спаць – здавалася, флюіды гэтай нянавісьці запаўзаюць яму пад коўдру, паралізуюць цела. Таму ён прадаў іхную кватэру і купіў сабе аднапакаёўку на самай ускраіне сталіцы. Вярнуўся туды, адкуль неяк уцёк разам з той, што зрабілася Лёсяй. Тады ім здавалася – да народу. Бліжэй да лесу, радзімы, мовы. Давялося заказваць аўтобус, каб перавезьці ўсе рэчы.

Цяпер ён забраў толькі самае неабходнае. Лёсіны цацкі. Адзіная ў сьвеце беларускамоўная лялька пераехала ў сталіцу.

Уласна кажучы, гэта была нават не аднапакаёўка. Палова невялікай хаты ў прыватным сэктары, але паблізу ад новапабудаванага мэтро. З асобным уваходам і гнілой падлогай. Затое тут яго ніхто ня ведаў. Яму трэба было нечым зарабляць на жыцьцё. І на арганізацыю Лёсіных уцёкаў. Яны пазбавілі яго бацькоўскіх правоў – але пазбавіць Лёсі яны яго не маглі. Ён даў сабе слова, што даведаецца, дзе яны яе трымаюць, усе гэтыя тацяны эдуардаўны, суседзі, настаўнікі, дактары, законьнікі, усе гэтыя чужынцы, якія страцілі мову, а зь ёй і розум, і душу.

У сталіцы ён браўся за ўсё – і адкладваў грошы. Ён расклейваў абвесткі, папера прыставала да бэтону разам з пальцамі. Ён вымераў нагамі ўвесь вялікі горад як кур’ер розных сумнеўных фірмаў. Ён пісаў кантрольныя для пераросткаў з пустымі вачыма. Ён падмятаў бульвары. Ён даглядаў старых людзей, зь якімі можна было спакойна гаварыць па-свойму, яны яго разумелі, гэтыя сьмярдзючыя старыя, хіба што тэмы былі заўжды тыя самыя: яны прасілі або забіць іх, або зрабіць гучней тэлевізар.

І – ён працягваў весьці дзёньнік. Ён умеў пісаць. Калі што якое – ён сказаў бы, што піша раман. Ці мала якія пішуцца раманы.

Але пісаньне не ратавала. Усё роўна яго ўсё часьцей апаноўвалі прыступы такога адчаю, што ён заміраў за крок ад той бездані, імя якой – зьмірэньне, прызнаньне паразы.

І тады ён сустрэў Кацю.


***

У тую восень ён акурат уладкаваўся ў адну ня самую папулярную газэтку. Газэтка дала яму стабільны прыбытак і магчымасьць абсалютна легальна разьнюхаць сёе-тое – куды трапляюць дзеці, бацькаў якіх зрабілі зваротнымі кастратамі. Затое газэтка крала ягоны час. Бацька сьпяшаўся, а газэтка не. Яна ня надта гарэла жаданьнем быць актуальнай. Але неяк бацька знайшоў у рэдакцыі старыя падшыўкі – і захапіўся. Высьветлілася, што раней газэта выходзіла на мове. І ў гэтых нікому не патрэбных падшыўках была праўда пра тое, чым была мова, і пра тое, чым яна стала. Яе пісалі людзі, якіх мова не хвалявала – напэўна, яны на ёй нават не гаварылі. Толькі пісалі.

Здаўшы на вычытку свае таропкія радкі пра заводзкія дзіцячыя садочкі, спартакіяду народаў транспартнага цэху і навіны з дэка імя Дэканозава, бацька хаваўся за старой шафай і чытаў старыя падшыўкі. Чытаў, як раман.

Газэта выходзіла з канца саракавых гадоў мінулага стагодзьдзя, яна была ледзьве не штодзённая, ён чытаў гэтыя падшыўкі зь вясны, бо адкрыў іхнае існаваньне зусім не адразу – і ўсё адно дабраўся ў лістападзе толькі да пачатку шасьцідзясятых.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы