Многа пазней, у нетаропкіх і шчырых размовах пад старой яблыняй перада мной пакрысе, бы з асобных пазлаў, складвалася Надзеіна мінулае жыццё. Замужжа ў дзевятнаццаць гадоў — ці то закахалася, ці то падалося, бо ўсё было ў першы раз: і само ўспыхнулае пачуццё, і хлапечыя заляцанні, і абдыманні, і пацалункі, і першая, пякучая ад сарамлівасці і страшная ад няведання сапраўднай глыбіні адчуванняў, блізкасць. Кінулася пасля вяселля ствараць свой сямейны куточак, перавялася на завочнае аддзяленне — вучылася на гістарычным факультэце. Жылі ў Мінску, закончыла вучобу — пераехалі сюды, на сваю радзіму, бо тут мужу бацькі купілі і падарылі аднапакаёўку. І раней здараліся крыўдныя спрэчкі быццам на пустым месцы, а тут варожасць свякрухі стала адкрытай — тая ад пачатку не ўпадабала выбар сына, надта ж незалежнай ёй падалася нявестка, ганарлівай. То калі пераязджалі ў кватэру, Надзею папярэдзілі: жыллё падоранае, а значыць, яе адсюль у любы момант могуць выкінуць. Змаўчала. Уладкавалася настаўніцай, выкладала гісторыю. Муж пайшоў у будаўнічую арганізацыю кіроўцам. Яго старыя сяброўскія сувязі добрай справы не зрабілі — пачыналася два разы на тыдзень партыямі ў більярд у кавярні, а пазней перайшло ў амаль штовечаровыя пасядзелкі ці ў кавярні, ці недзе ў інтэрнацкіх пакоях, іншы раз муж вяртаўся толькі пад раніцу. Спрабавала ўтрымаць — і адданай пяшчотай, ласкай, цярпеннем, і ўсёдазволенасцю ложку, — ды хутка адчула, што перад ёй нібыта не муж, а яго бяздушны вялізны грузавік, які яна нічым спыніць не зможа. Яна стала аднойчы на яго шляху, а пасля доўга не магла ачомацца. І не з-за болю ў пабітых спіне і галаве, а таму, што раптоўна стала пуста ў душы — так пуста, так холадна, што фізічны боль фактычна не заўважаўся, а на сінякі на твары яна ўвагі не звяртала. Добра, тое здарылася летам — не трэба было ісці ў клас да вучняў. Надзея ляжала на канапе доўгія вечары, амаль фізічна адчуваючы пустату ўнутры. Муж не прыходзіў некалькі дзён, але яна, падпарадкаваная галоўнаму правілу гаспадыні — якая б у сям’і ні была сварка, а абед павінен быць, — гатавала. У нейкі дзень, стоячы ля пліты, адчула, як невыносна смуродзіць смажаная рыба. Яе званітавала. Спуджаная, выйшла з туалета, а ў нос шыбанулі ў тысячу разоў узмоцненыя брыдотныя пахі такой знаёмай кухні. І ў чарговы раз укленчыўшы ў спазмах над унітазам, яна ўспомніла пра свае месячныя — і здагадка агаломшыла яе. У яе вось ужо другі тыдзень — затрымка. Надзея не спяшалася казаць пра цяжарнасць мужу і не памылілася: ён амаль ніяк не адрэагаваў на навіну. У тыя дні ён рэдка бываў цвярозым. Амаль усю сваю цяжарнасць Надзея праляжала ў гінекалогіі праз пагрозу выкідыша. Муж іншы раз наведваў яе, часцей нападпітку, колькі разоў яна не выходзіла да яго, бо ёй пераказвалі: моцна п’яны. І там жа вырашыла: народзіць — адразу да бацькоў. Нарадзіла. Парвалася вельмі, ледзь спынілі кроў. Хлопчык памёр; і дзякуй Богу, што забраў яго маленькім, такога… А яна пайшла да маці. Муж і не паказваўся, нават не званіў. І на развод не прыходзіў, суддзя зачытаў яго заяву-просьбу разглядаць справу ў яго адсутнасць і згоду на скасаванне шлюбу. І вось Надзея адна пяць гадоў. Цяпер зусім адна: нядаўна памерла маці, бацьку пахавалі раней.
Усё гэта я даведаўся пазней. А ў той вечар яна доўга не затрымалася, спасылаючыся на маю стомленасць. Не дала мне выпіць кавы: «Спаць не будзеце». Пайшла, і я, як кажуць, вырубіўся — заснуў, ледзь прыпаў тварам да падушкі, спаў усю ноч, і вось дзіва — нічога не снілася. Зазвычай жа пасля выезду на месца забойства мне снілася ўсялякая дрэнь.
На працягу месяца мы амаль штодзень сустракаліся з Надзеяй, віталіся, перакідваліся парай словаў, часам разам пілі каву ў садку ці вячэралі ў мяне ў пакоі. Мы абое жадалі сустрэч, наталяючы сябе мяккімі адчуваннямі ўтульнасці і спакою за вячэрнім сталом, шчырых сяброўскіх стасункаў. Не ведаю, як так атрымалася, але пасля аднаго вечара ў садзе я адчуў: у наступны раз у нас будзе сэкс, і яна таксама адчула, я быў упэўнены ў гэтым. Мы дасягнулі ў сваіх адносінах такой напоўненасці, калі магчымая блізкасць рабілася не нечым надзвычайным, а ўсяго толькі абавязковым завяршальным штрыхом. І мы развіталіся тады першы раз кароткім сціплым, напалову жартоўным, напалову сяброўскім пацалункам у куткі вуснаў, быццам стрымліваючы сябе да заўтрашняга і адначасова абяцаючы адно аднаму будучы вечар.
Так і атрымалася. Не будзённа-банальна, але і не як дасягненне нейкай вышыні пачуццяў, як кажуць, з эмацыйным выбухам. Мы быццам ішлі разам праз лес пакручастай сцежкай, якая вяла ўверх досыць строма, віхляла між старых дрэваў, нырцавала ў густы зараснік, спускалася ў балотца, караскалася на выспу жоўтага пяску з чэзлым сасоннікам; ішлі, даверліва трымаючыся за рукі, і нам абаім важна было не проста дайсці да роўнай паверхні, а дайсці з тым сяброўскім даверам і чалавечай павагай, з якімі мы рушылі ў дарогу.
Тады Надзея выйшла з майго душа, загорнутая ў вялікі ручнік, прысела на ўскрайчык канапы і прамовіла ціха: