— І пра звальненне са школы ведаеш? Пра даносы на яе ва ўсе інстанцыі, нават у КДБ, — ведаеш? Пра допыты? Пра ператрусы?
Тамара не паварочвалася да мяне, страсянула попел праз адчыненае вакно.
— Дык ведаеш?
— Не, — ціха адказаў я, агаломшаны пачутым. — Былая свякруха помсціла?
— Дурняў і без свякрух хапае, — уздыхнула Тамара. — Калегі так званыя. Надзея ж гісторыю выкладала. Некаму вельмі не спадабалася, як яна пра… як яго там. Касцюшку, пра якога ў падручніку няма нічога, вучням расказвала. Пайшоў першы данос — маўляў, настройвае дзяцей супраць славянскага братэрства, ставіць пад сумненне значнасць адзінай саюзнай дзяржавы. Атрымала па пошце кнігі — пайшоў данос пра атрыманне нейкай незаконнай друкаванай прадукцыі, налепак, бо якраз дзятва дурэла, на канікулы са сталіц папрыязджалі, ляпілі ўсякае на слупы. А ў яе самой не хапала хітрасці змаўчаць пра сваё стаўленне да таго Княства Літоўскага, да Пагоні той. Вось і папрасілі са школы. На маё імя, пакуль яна выкладала, васемнаццаць лістоў прыйшло. Адно нават з подпісамі бацькоў, не паленаваліся. У чым толькі не абвінавачвалі яе! Нават у стварэнні падпольнай арганізацыі дзеля звяржэння мясцовай улады. А ты не смейся, — нечакана павысіла голас Тамара, і цяпер я заўважыў, як яна паглядвае на мяне ў люстэрка задняга бачання. Я ж і праўда міжволі ўсміхнуўся: няўжо не дурнота — пісаць такое?
— Ды. якая багатая фантазія ў чалавека, — апраўдаўся я.
— Багатая. У мужыкоў, якіх мы, бабы, пасылаем з іх жаданнем залезці нам у трусы, фантазія багатая, — жорстка загаварыла Тамара. — Я таго пісара хутка вылічыла, Надзея распавядала мне пра свае справы школьныя і не школьныя. Настаўнік. Бач, развядзёнка не захацела спатоліць яго прагу. Карацей, Надзея намі, і не толькі намі, правераная ці не рэнтгенам. Чыстая душа, няхай сабе і любіць тое, што лепш у наш час не любіць. Але няма ў яе ні камянёў за пазухай, ні дулі ў кішэні. Яна нацярпелася. то мы яе ў крыўду не дадзім. Праўда ж, Віктар? — Тамара злёгку ляпнула па плечуку кіроўцы.
— Не дадзім, — ледзь чутна адказаў кіроўца. — Суседа дачку паўгода ва ўніверсітэт рыхтавала, рубля не ўзяла. Дзяўчына на бюджэт паступіла.
— Чуў? — Тамара спыталася ўжо з усмешкай у голасе і дадала: — У яе абаронцаў многа ў горадзе. Цяпер во раз у квартал за бесцань раздае рэшткі тавару, бачыў жа? Некалькі шматдзетных сямей адзеннем забяспечвае. Вельмі шчыры, адданы чалавек. І кахаць умее, — зусім ужо нечакана зазначыла Тамара і замоўкла.
Не чакаў, што апошнія словы бы які молат бэхнуць па мазгах. Жанчыне можа быць бясконца добра з мужчынам зусім не таму, што ён — атлет і ўмелец, а проста таму, што яна яго кахае. І яна шчаслівая, бо побач з ёй — каханы, бо яна дорыць яму сябе. Вось такая нечаканая думка.
Надзея кахае мяне?
Ніколі не думаў. Чаму не думаў? Чаму я за сваё жыццё ўвогуле ніколі не думаў пра каханне? Баяўся гэтага слова? Ці чакаў?
Так, чакаў. Бо недзе там, у мазгах, як на складзе, адклалася, задубела-праржавела аксіёма: каханне — выбуховае пачуццё, шквал пачуццяў і эмоцый, нешта такое, якое ні з чым не зблытаеш.
А ў нас з Надзеяй усяго сэкс?
Але ж калі толькі сэкс, дык хіба я не атрымліваю ў ложку аднолькава з Надзеяй? А калі не толькі сэкс, дык што яшчэ?
Паглядзі на сябе збоку, казаў я сам сабе. Выключаем з размоваў сэкс, тут раўнавага. Далей глядзім.
Гатуе вячэру? Гатуе. А ты гатаваў на дваіх? Ні разу. А, каву запарваў. А яна? Таксама запарвала.
Посуд мые? Мые. Ты заўважаў, як паспявае працерці пыл, нешта паставіць, пераставіць. У цябе былі два кубкі, два відэльцы, каструлька ды патэльня. А сёння? Ты заўважыў новы чайны сервіз? Яна прынесла, быццам у яе іх некалькі. Посуду стала колькі? Урэшце, якой стала твая «кухня»?
Яна паспела памыць вокны, быццам між справай. Мые тваю бялізну… мые, ты ж толькі побач стаіш ля пральнай машыны. Прыбірае. Колькі ўсяго новага ў тваім пакоі? Яшчэ камплект бялізны. Настольная лямпа. Попельніца крышталёвая. Сурвэткі. Твой пакой стаў утульным, у які табе хочацца вяртацца.
А што ты даў ёй матэрыяльнага? Замяніў выключальнік і падкруціў гайку на водаправодзе?
Яна выслухоўвала цябе пасля работы. Спачувала, суцяшала, суперажывала. Яна ведае, колькі ты зарабляеш, ведае твае цяжкасці, пыталася пра планы і мары.
А ты? Ты ведаеш, чым яна жыве?
Яна ж для цябе гандлярка з рынку днём, хатняя гаспадыня вечарам і каханка ўначы. Усё! Ты хоць раз пацікавіўся яе турботамі? Спытаў, як справы? Ага, табе прыкра пытацца пра тавар ды грошы. А ты ведаеш, якімі бываюць дарогі ў Маскву па тавар? Ведаеш, як жанчыне двое сутак абыходзіцца без выгод і гарачай вады? Гідзяць цябе такія сітуацыі? А новыя майкі на лета, якія яна табе прывезла — вось такая брудная і смярдзючая, — не гідзяць?
…Я не разумеў, што са мной адбываецца. То быў нейкі акт мазахізму, я адчуваў ці не салодкі боль ад жорсткіх пытанняў самому сабе. Мо першы раз за сваё жыццё я ацэньваў свае паводзіны без адзінай спробы апраўдання. О, я б знайшоў апраўданне ўсяму, я б запярэчыў. Але не сёння.
— Падкіньце мяне да «Дзяжурнага», — папрасіў я.