«Дзяжурны» — магазін на прывакзальнай плошчы, які працуе кругласутачна.
Развітаўся з пракурорам і кіроўцам, перабег плошчу. На ганку магазіна стаялі два маладзёны, мабыць, некага чакалі. У магазіне было гулка і пуста, ззяла плітка толькі што памытай падлогі. Прадавачка ўзнялася аднекуль з-за вітрыны і глянула на мяне незадаволена, імгненна вызначыўшы: пакупнік у сціплай вятроўцы і ношаных джынсах возьме адно цыгарэты. Хіба сумка ў яго скураная, быццам не танная.
Я і насамрэч спытаў пачак цыгарэт, пасля — дзве шакаладкі і толькі потым — бутэльку белага віна і бутэльку каньяку. Дзяўчына заўсміхалася, рухі яе сталі ветліва-папераджальнымі, нават прамармытала нешта кшталту «калі ласка».
Віно паклаў у сумку, каньяк нёс у руцэ.
Ранейшыя маленькія кроплі нябачна віселі ў паветры, ліплі да твару. З асветленага ганка я ступіў у цемру за рог магазіна, і дарогу мне перакрылі двое.
Тыя самыя маладзёны. «Пэтэвэшнікі», — адзначыў я для сябе. Прыязджаюць з суседніх райцэнтраў, будучыя трактарысты і зваршчыкі, нахабныя, дурныя, не хочуць нікога ведаць у твар.
— Мужык, накінь на бутэльку піва, — сказаў адзін, амаль ветліва сказаў.
— Заўтра аддамо, — рагатнуў.
Я перахапіў бутэльку ў руку, у якой трымаў і сумку, палез па партманет.
— І колькі табе? — спытаў з усмешкай. А чаму б і не даць? Няхай п’юць, такіх ужо не перавыхаваеш.
— Пяцёрку, — гыгыкнуў другі і насмешліва, але нервова працягнуў: — Кашалёк давай, доўбня.
Убаку пачуўся шоргат, я глянуў — у двух кроках быў трэці. Ён стаяў увесь у цемры, толькі вузкая палоска святла падала на яго грудзі і жывот. Ён трымаў рукі прыўзнятымі і вастрыём нажа ляніва калупаў пазногці. Твар было не разгледзець, але ўся пастава яго — спакойная, упэўненая і адначасова наструненая — казалі пра тое, што ён галоўны. І яшчэ пра многае. Я спыніў руку ў кішэні, прыглядаўся.
— Аглух, мужык? — запсіхаваў першы маладзён. — Усё давай, і сумку сваю… патрымаем.
На што яны разлічвалі? Я не запомню ні твараў, ні постацяў? Не, хлопчыкі, памыліліся.
— Не трэба крыўдзіць маладых, — здзекліва-павучальна працягнуў раптам трэці, рухі яго рук спыніліся, і я заўважыў тое, што і чакаў пабачыць — пяць кропак на руцэ, татуіроўка. «Я і чатыры вышкі».
І толькі цяпер я зразумеў: мяне, следчага пракуратуры, «бяруць на гоп — стоп» два маладзёны. Якіх нацкоўвае раней судзімы. Нож у яго руках — не запалохванне, а папярэджанне. Цяпер каля дзвюх гадзінаў ночы, плошча пустая, нават таксі няма: цягнік пройдзе толькі раніцай. Не, наўрад ці спрацуе нож. Двух маладых на мяне аднаго — дастаткова. Дзыбатыя, дужыя. А калі я адпушчу зараз сумку, бутэлькай каньяку агрэю аднаго, вось тады можа спрацаваць і нож. Калі былы зэк вывеў на паляванне сваіх маладых ваўкоў, ён павінен давесці справу да канца, прычым такога, у якім ён будзе пераможцам.
Закрычаць: «Я — следчы пракуратуры!»? Дзяцінства, дарэмна. Сорамна. Не спрацуе, яны не пабягуць уцякаць.
А недзе на далёкай адгэтуль ціхай вуліцы ў маім пакоі ў крэсле спіць Надзея. Зачакалася мяне, заснула. Ці не спіць? Сядзіць і глядзіць у цемру вуліцы — раптам там з’явіцца мая постаць?
Як жа гэта далёка.
Я не даставаў руку з кішэні. Да мяне пацягнуўся адзін з маладзёнаў, ён стаяў блізка, я бачыў яго твар: напружаны, застылая ўсмешка перакрывіла вусны. Нос бульбінай, вочы крыху пукатыя, скулы невыразныя, шырокія надброўныя дугі, вострае падбароддзе.
— Рукі!
З такімі трэба размаўляць жорстка. Яны разумеюць толькі тую мову, у якой загад і папярэджанне.
— Даўно адкінуўся? — я крыху павярнуўся ў бок таго, трэцяга, пытаўся ўпэўнена, нават з выразнай перавагай. — Пацаноў на гоп-стоп нашпігоўваеш? Не занадта маладыя? Глядзі.
Юнакі разгубіліся, азірнуліся на свайго настаўніка. Я скарыстаў момант, спакойна дастаў партманет, выцягнуў купюру, здаецца, дзясятку, працягнуў у бок маладых:
— Трымай на сваё піва. Заўтра да абеду прынясеш, знойдзеш мяне ў пракуратуры.
— Атас, — ціха, але жорстка прагучала каманда ад трэцяга, нож знік з яго рук, яны апусціліся ўздоўж ног. — Выбачай, начальнік, памылка, просім прабачэння.
І раптоўна знік у цемры, ступіўшы назад, бязгучна, бы здань.
Маладзёны сарваліся з месца, гучна тупаючы, пабеглі чамусьці да асветленага ўваходу ў магазін, потым крута звярнулі ўбок.
Толькі цяпер мяне затрэсла. Паставіў сумку і пляшку на зямлю, закурыў. Вось дык маеш: следчага пракуратуры маглі абрабаваць нейкія пэтэвэшнікі. Заўтра ж падыду туды — у мяне выбітная памяць на твары. Аднаго я запомніў — ноччу пазнаю. Выпаўзкі, гадзяняты.
Дом сустрэў мяне чорнымі вокнамі і закрытымі дзвярыма. Адчуваючы, як пуста і холадна робіцца ўнутры, я адамкнуў дзверы сваім ключом, знарок не стаў глядзець, ці ёсць другі ў схованцы, уключыў святло і ціха зазірнуў у пакой.
Не было Надзеі.
Было чыста, усё прыбрана, нават пасцель на канапе перасцеленая.
Сеў у крэсла, пацягнуў на сябе попельніцу. Глядзеў на бутэлькі з віном і каньяком і думаў: навошта я браў іх? Што я збіраўся сказаць Надзеі? А можа і лепш, што яна пайшла? Не трэба нічога тлумачыць. І годзе саплівых думак! Выпіць зараз? Аднаму, нагбом, з рыльца?
Не, мне раніцай трэба ў Ляўдок…