Сакратарка не рабіла сакрэтаў, што мужа няма дома па месяцу і больш, і што хутчэй за ўсё, у яго там, у Расіі, ёсць жанчына, што сям’я фактычна не існуе: тыдзень, як муж дома, праходзіць у сварках.
Зіначка далёка не адзінокая ў сваёй бядзе. Заробкі ў Расіі — з’ява звычайная для нашага райцэнтра, бо месцаў, дзе можна нармальна зарабляць, не хапае і на чвэрць жадаючых. Мужыкі з’язджаюць на месяцы два-тры, жывуць там адзіным сваім клопатам: папрацаваў-паеў-паспаў. Вяртаюцца сюды, у сем’і, з грашыма, адчуваюць сябе героямі здабытчыкамі. Іх тут так і прывячаюць жонкі і дзеці, але ж жыццё — не суцэльнае свята. І праз тыдзень даводзіцца мужыку ўпрагацца ў хатнія праблемы, якіх, аказваецца, процьма: тут кран пацёк, тут адвалілася плітка, тут трэба тое, тут — сёе і далей, далей. А ён жа адвык ад падобнага. Яго раздражняе звычайная будзённасць клопатаў, праблемы дачкі ў школе, сына — у садку. Два тыдні вытрымае — і ляціць зноў у тую Расію. А там робіць, да прыкладу, рамонт у якім доме-кватэры, дзе гаспадыня адзінокая, масквічка. Ветлівая ды выхаваная, а галоўнае — па мужчынскай ласцы так засумавала, што ні робы той пакамечанай, зашмальцаванай не бачыць, ні паху рабочага не адчувае. І пры грашах яна. І ўсё ў яе ёсць, усё ў жыцці склалася, вось каб мужчыну яшчэ. Хоць на месяц які. І лёгка згаджаюцца мужыкі на такія прапановы. Бо тут ад іх якраз нічога не патрабуюць, акрамя аднаго занятку, самага мужчынскага — улагодзіць гаспадыню, даць ёй ноч любошчаў ці хоць колькі хвілінаў, але каб пасля — на тваім плячы ёй заснуць, а раніцай табе каву згатаваць з такім нязвычным для цябе амлетам. Няма чаго дзівіцца, калі і распадаюцца сем’і, у каторых мужыкі больш дурныя. Які разумны дык гадамі жыве сабе, лічы, з дзвюма жонкамі. І тых нямала, якія дзяцей нарабляюць і сваёй, законнай, і масквічцы. Пасля выбіраюць, дзе спыніцца. Масква перамагае часцей.
Зінчын мужык не з самых разумных: колькі разоў ужо намякаў ёй, каб была больш лагоднай і падатлівай, а то яму ёсць куды ісці. Неяк, злёгку падпіўшы, Зіначка, не тоячыся, расказвала пра апошнія сямейныя сцэны і храбрылася: «А няхай шагае страявым да тае масквічкі! Я дзяцей выгадую і без мужыка не застануся!» Наўрад ці хто сумняваўся ў праўдзівасці яе намераў у той момант. І падыме, і знойдзе. Толькі па гадах Зіначка за мяне старэйшая, а побач паставіць, дык ніяк не скажаш. Маленькая, мякенькая ўся, бы тая котка.
А што мне губляць? Згублена. Дый. Надзея была трэцяй жанчынай у маім жыцці. І яна была іншай… У поўным сэнсе слова, нават, калі ўжо шчыра казаць, фізіялагічна іншай. Зусім не такой, як мае першая і другая. І тыя былі рознымі. І вось адкрыццё, што жанчыны розняцца не толькі характарам, паводзінамі, але і целам, мяне хвалявала. А самым хвалюючым, самым чаканым — я цяпер дакладна ведаў — у маіх адносінах з жанчынамі б^ілі вось гэтыя першыя хвіліны, рубікон, праз які пераходзіш — і настае тое незваротнае. Зыркі, напружаны да спынення стуку сэрца момант, момант ісціны: яна твая ці не? І з кожнай было па-рознаму! Такія моманты перажываць — сапраўдная асалода. Вось і Зіначка. з ёй павінна быць цікава. Як у нас будзе? Адразу з парога яна ўпадзе ў абдымкі, прыціснецца, працягне рукі за спіну і шчоўкне замком? Ці будзе доўгая знарочыстая гульня, аж да нейкага моманту выпадковага, а пасля — імгненны выбух страсці? А можа, як з Надзеяй, па-сямейнаму цёпла, па-сяброўску шчыра і аддана? Як ні будзе, але будзе новае. А якая яна ў ложку?
Усё, хопіць. Ведаю я сябе: заўжды пасля таго, як перап’ю і не працверазею добра, вось такі сексуальна-заклапочаны настрой. Трэба супакоіцца, выкінуць з галавы Зіначчыны сцёгны і цыцкі. Не ўцякуць яны, ужо не ўцякуць. Хутчэй бы вечар!
Адчыніў фортку, закурыў. Радыё прапікала — восем гадзінаў. І адразу пасля кароткага стуку прачыніліся дзверы.
— Дазвольце?
Тумар, участковы.
— Канечне, заходзьце! Сядайце. Кавы, можа?
У глыбіні душы я зарадваўся таму, што мае думкі пра жаночыя вабноты нарэшце прагоніць будзённая справа.
— Ды я больш гарбату простую, — нечакана сумеўся ўчастковы міліцыянер, быццам быў вінаваты ў тым, што не любіць каву. Ён прайшоў у кабінет, прысеў на стул.
Я усміхнуўся: зноў ён трымаў сваю фуражку ў руках. Уключыў чайнік, раптам адчуўшы, што мне самому хочацца менавіта чаю — моцнага, без цукру. Каб сэрца затахкала. Бо ў роце пасля кавы з бальзамам пакрысе рабілася саладкавата-ліпка.
— І я сабе гарбату зраблю! — выгукнуў я, дастаў кубкі, цукар.
— Няма Сяргееўны? — спытаў участковы пра пракурора. — Калі яна нас адправіць?
— У выканкаме зранку, — адказаў я. — Сёння пасяджэнне, ёй выступаць.
— Засядаюць, засядаюць, — уздыхнуў Тумар. — Каб жа па справе што вырашылі…
— Напрыклад? — я пацікавіўся дзеля ветлівасці. Заварыў гарбату, пасунуў кубак участковаму.
— Што тут казаць? У мяне тры магазіны на сельсавет. Учора палучка была ў калгасе — і ва ўсе тры магазіны прыперлі таннага чарніла — ажно пяці гатункаў! А каўбаса ў адным толькі была, два гатункі, пельменяў не было. От так. А яшчэ сшыткі вексельныя заводзяць.
— Гэта якія? — не зразумеў я.