— Заходзьце, заходзьце, Пятровіч, я кваску прынясу, папіце. А то нешта задуха сёння. Вой, можа, хоць нешта зменіцца. Каб даў Бог добры дождж ды сонца нарэшце. Што ж ета робіцца цяперака? — і ўжо знікла ў сенцах, праз момант з’явілася на парозе з вялікім пластыкавым кубкам і двумя шклянкамі. — Піце, піце на здароўе, тут нічога-нічога, толькі бярозавік і хлеб. Во нарабілася ў нас, хто ж ета думаў, жылі ціха. А Насці ж як шкада, такая прыгожая дзеўка, і добрая, не адмовіць ніколі, уколы мне рабіла, і лепш за фельчара ў медпункце, не балела зусім. От, звялі са свету, звялі! Каму яна замінала? Ды ж во, знайшоўся злыдзень. Бач, чакаў моманту, чакаў. — часціла Сонька, пакуль налівала нам у шклянкі і мы з Тумарам пілі халодны бярозавік, які біў у нос густым пахам хлеба.
Не было цяжка зразумець, чаму цётка ўзбуджана-радасная: такая падзея для яе — падстава для размоў на год і болей. А вось Насці ёй зусім, здаецца, і не шкада, бо кажа яна пра яе без жаночага нават спачування, так, быццам трымаецца традыцыі. І распірае яе ўсю — ёй падаецца, ведае яна многа-многа, і толькі адна ведае, і даўно ведае, — і вось выдалася нарэшце нагода, цяпер яе веданне станецца самым галоўным для следства, яна ў гэтым упэўнена. Бач, нават не сумняваецца, што гвалтоўнай смерцю памерла Насця.
— Сарока, не верашчы, — без злосці спыніў Соньку муж. — Будуць пытаць людзі — тады будзеш адказваць.
Жанчына махнула рукой у бок мужа, бы адганяючы муху, але замаўчала.
Дом, які скарыстоўваў пад дачу загінулы ў начным ДТЗ Андрэй Дылько, ад дарогі быў схаваны вялізнымі кустамі бэзу. Бэз зацвітаў, але дробна, нясмела, быццам і ён чакаў сапраўднага сонца. Гаспадар не надта клапаціўся пра стан дома, нічога не стаў перарабляць, адно ўезд у двор быў цалкам вызвалены ад рэшткаў старога плота, а трава на месцы, дзе ставіўся аўтамабіль, была выкашана трымерам ажно да жоўтых каранёў. Дзверы ў сенцы былі зачынены вялікім вісячым замком, старадаўнім. Відаць, застаўся ад ранейшых гаспадароў. Віктар, наш кіроўца, манціроўкай лёгка выцягнуў прабой, ён хоць і быў загнаны глыбока ў вушак, але ж дрэва састарылася, пабралася глыбокімі трэшчынамі і не трымала моцна жалеза ў сабе.
У першай палове невялікай хаты быў паўзмрок. На падлозе валяліся абрэзкі вагонкі, бярэмца гэтага матэрыялу ляжала на прыпечку печы. Электрычная піла-паркетка, малаток, цвікі на стале, дрыль, шурупы — усё паказвала на тое, дзе рабілася труна для дзіцяці.
Уладзя Калтуневіч застыў ля парога, падпёршы вушак, паказваючы сваім выглядам, што ён не цікавіцца асабліва тут ні чым, але як трэба — то паклічце, падыду. А ягоная Сонька не адступала ад мяне літаральна ні на крок, з прагай галоднага чалавека дзівілася з чужога жытла, вочы яе бегалі, бегалі па хаце, прыкмячаючы і брудныя шыбы акна, і павуцінне ў куце на столі, і засохлы кавалак хлеба, і крошкі на старым халадзільніку. Я не стаў казаць ёй, каб стала побач з мужам, хай насычаецца…
Нічога, што магло б паказаць на знаходжанне тут жывога дзіцяці хоць колькі дзён, не было. Уся вопратка — мужчынская. У халадзільніку — кавалак сала, колькі падсохлых зялёных агуркоў, тушонка ў бляшанках, пачатая пляшка гарэлкі і мінералка. Набор кавалера.
У другой палове дома, справа ад уваходу, за абшарпанай, даўно не беленай грубкай, стаяла канапа, на ёй — складзеныя пасцельныя рэчы. Злева — вялізнае скураное крэсла, чорнае, бліскучае, на выгляд мокрае і ліпкае, да яго быў прыткнуты сучасны часопісны столік. На ім шкляная попельніца з недакуркамі, адкрыты пачак цыгарэт, запальнічка і мабільны тэлефон. Ну вось, адна рэч адшукалася: на месцы аварыі мы тэлефона не знайшлі. Значыць, нябожчык спяшаўся, не ўзяў яго з сабой. Тэлефон працаваў. Апошні званок быў уваходным ад нейкага «Капітана». Я паглядзеў на лічбы. Як і чакаў, гэта быў той жа нумар, што і на тэлефоне Насці. Алесь Федарук, старшы тут.
Круглы стол на крывых нагах, старадаўні, я бачыў такія — стальніца рассоўваецца, у прамежак укладаюцца ўстаўкі — і стол робіцца авальным, вялікім. Цяпер ён быў складзены, не засцелены цыратай. Ляжалі ў беспарадку кнігі, розныя: тонкія, тоўстыя, новенькія і патрапаныя. На сярэдзіне стаяў ноўтбук, адкрыты. Праз роўныя прамежкі часу ўспыхваў светадыёд на тарцы — кампутар быў у «рэжыме сну». Я тыцнуў на кнопку ўключэння, манітор засвяціўся. Браўзер. Фэйсбук. Так і ёсць, устаўлены «трыджык», ноўтбук і цяпер быў далучаны да інтэрнэту. З нудой я падумаў пра тое, як мне зноў давядзецца калупацца ў асабістай перапісцы незнаёмага мне чалавека.
Больш нічога.