— Пакуль сам. Пачнуцца ў дзяцей канікулы — іх наймае. Мясцовым п’яніцам няма даверу.
Мы завярнулі назад. Позірк мой зноў зачапіўся за стажкі, дакладней за тое, што было між імі. Я пазнаў гэтую прыладу — конныя граблі. Два вялізныя колы, сядзенне, аглоблі. І ззаду — шэраг паўкруглых металічных зубоў.
— Стой! — усхвалявана гукнуў я, пацягнуў за сабой Тумара. — Глянем.
Граблі былі даўнішнія, метал добра паела ржа. Праўда, аглоблі нядаўна памянялі на новыя. Я абышоў ззаду. Металічны паўкруглы шэраг быў падобны на стары хворы рот — тут не хапала больш за трэць зубоў.
Няўжо гэта? Усхваляваны, я ўшчыльную падышоў да драпежна ўзнятага раду. Вось адзін асобны. З гэтага боку няма трох, з гэтага — двух. Якраз хапае, каб умясціцца чалавеку. На тым канцы — а граблі метры на тры — яшчэ такі ж асобны зуб. Не вельмі востры на канцы, з сантыметр ці трохі больш у дыяметры, паўкруглы.
— Тумар. Калі я зараз лягу вось тут, а ты там адкінеш нейкі рычаг, гэты зубец лёгенька праткне мяне. як Насцю?
— І лёгка нават, — паціснуў плячыма ўчастковы і пачаў старанна ўглядацца ў вострыя канцы зубцоў. — Толькі не надта падобна. А зубцы быццам усе спецыяльна выцерлі, — з лёгкім узрушэннем заключыў ён, калі прайшоў уздоўж.
— І не проста выцерлі, а добра пашаравалі, — я правёў асцярожна пальцамі па адным зубе, які, відавочна, зусім нядаўна дбайна пачысцілі шліфавальнай шкуркай. Метал быў хоць і з рудымі эразійнымі плямамі, але з чыстай гладкай паверхняй.
— Бо я ўчора рамантаваў грабалку, чысціў цэлыя і здымаў паламаныя зубы! — злосць, нянавісць і абурэнне сабраліся ў адным ускрыку, і іх было так многа, што я міжволі ўздрыгнуў. — І асцярожней тут, рычаг слаба трымае, сарвацца можа, з дзіркамі ў нагах пашыбуеце назад!
Мужчына гадоў пяцідзесяці ці крыху больш стаяў за некалькіх крокаў ад нас, глядзеў насуплена, зусім не прыязна. «Падлужны», — здагадаўся я.
Мабыць, на зямлі, фермерамі, павінны працаваць менавіта такія мужыкі: рослыя, здаровыя, з вялікімі і дужымі рукамі, упэўненыя. Ён стаяў неяк незвычайна, быццам ціснуў сваёй вагой на зямлю, а яна паслухмяна прасядала пад ім. Падлужны зрабіў яшчэ крок да нас — цяжкі, гаспадарскі.
— Тумар, ты мяне ведаеш! Заўтра атрымаеш скаргу ў пракуратуру! — голасна, але без пагрозы звярнуўся Падлужны да ўчастковага. Мяне ён быццам не заўважаў.
— Ды во, пракуратура на месцы, — спакойна адказаў Тумар. — Следчы.
— А мне пляваць! — цяпер ужо злосна адказаў Падлужны. — Я свае правы ведаю і парадкі вашы таксама. Чаго лезеце без дазволу ў маё жытло?
— Каб было зачынена, то б не лезлі, — умяшаўся я. — Я следчы пракуратуры. Мне трэба з вамі пагаварыць.
— Вось гукнеш сваёй паперкай — тады і будзем размаўляць у тваім кабінеце, — раздражнёна перапыніў мяне Падлужны. — А цяпер вымятайцеся! Мне некалі.
Толькі зараз я звярнуў увагу на гаспадарчыя вілы ў руках Падлужнага: яны былі відавочна не лёгкія, але трымаў ён іх у адной руцэ бы пярынку. Чатырма вастрыямі на нас. Злёгку паўкруглыя, яны металічна ледзь паблісквалі на канцах.
— Тады будзем па закону, — без эмоцый завяршыў я размову, хоць унутры закіпала злосць. — Чакайце павестку. А паляна гэтая вось. здаецца, не твая зямля, так? То ідзі сабе адсюль, цябе не затрымліваюць.
Дзіўна, але мужчына спакойна павярнуўся і пакрочыў у напрамку свайго двара.
— Не гасцінны таварыш, — заўважыў я.
— Ды такі вось, — згадзіўся Тумар. — Пакурым?
— Пакурым.
Мы адышлі колькі крокаў — пад дуб. Апусціліся ля камля, я паўлёг, выцягнуўшы ногі. І нечакана адчуў усё хараство гэтага месца.
Хату Падлужнага закрывалі стажкі і невялікі, але густы зараснік маладых бярозак трохі далей. З трох іншых бакоў паляны шчыльна стаяў лес з густым падлескам. Тут было не проста зацішна — тут было на дзіва спакойна, утульна. Нават неяк інтымна, далібог. У такім месцы добра сустракацца з жанчынай. А хата таго паэта, Дылько — вось жа, цераз дарогу, насупраць хаты Падлужнага амаль!
Тут, пад дубам, можа, занадта адкрыта, а калі падысці бліжэй да тых маладзенькіх бярозак, там нібыта і трава больш густая, зялёная. Я падхапіўся. Тумар здзіўлена глянуў на мяне.
— Пятровіч. Прызнайся, табе зараз пра жанчыну не падумалася?
Тумар хмыкнуў, прытаптаў недакурак абцасам.
— Некалі. у лес з жонкай хадзілі на сваю паляну. Было.
Белы поліэтыленавы пакет у бярэзніку я заўважыў адразу: ён ляжаў толькі ледзь прыкрыты леташняй лістотай. Я перавярнуў і патрос яго. Выпалі белыя жаночыя трусы, джынсы і майка. І мабільны тэлефон.
10.
Самая істотная інфармацыя часам хаваецца ў адказах на самыя бяскрыўдныя, другасныя пытанні.