Мяне як штурхнуў нехта, і я прахапіўся ў роспачы: на момант мне падалося, што я спазніўся некуды, што мне нібыта трэба тэрмінова на станцыю, на цягнік, везці нейкія надзвычай важныя паперы, ад якіх залежыць так многа, лёсавызначальныя паперы, — і вось я спазніўся, я не паспею, бо цягнік пойдзе праз тры, праз колькі хвілін. Дрыжачымі рукамі дастаў мабільнік, зірнуў на час. Палова на дзясятую вечара. Пачало змяркацца. Мяне з усіх бакоў акружаў густы туман. Нейкі дзікі луг… Я сядзеў пад вялікай старой ігрушай. Чаму я тут? На якую станцыю мне трэба? Устаў і адразу аказаўся над туманам: яго шчыльнае месіва на ўзроўні маіх вачэй значна радзела. Агледзеўся. Далёка ў тумане з усіх бакоў віднеліся дрэвы. За крок ад мяне ў густой траве была прыкметная вузкая сцяжынка.
І свядомасць быццам чакала гэтай сцяжынкі — позірк пацягнуўся ў адзін бок, і там успыхнулі, як на вялізным палатне-экране, нядаўнія падзеі: я сярод дачнікаў, размова ў вялікім доме, мяне праводзяць за вёску, паказваюць сцяжынку, кароткую і зручную, якая павінна была вывесці мяне на трасу найкарацейшым шляхам. Тут, ля грушы, я адчуў сябе да немагчымасці знясіленым, вырашыў прысесці і пакурыць, даць спачын нагам, якія нечакана загулі цяжкай стомай. Тады сонца толькі зачапіла сваім яшчэ зыркім чырвоным колам вяршыні дрэў. Значыць… Значыць, я заснуў. І праспаў сама меней гадзіну.
У які бок ісці? Справа ці злева ад мяне, калі ішоў, была груша? Вось жа не ўспомніць. Сорамна будзе, як вярнуся ў Ляўдок. Але можна будзе павярнуць назад, як толькі пабачу першыя хаты вёскі. Калі траса недалёка, а цяпер вечар, дык гул машын, што праходзяць, павінен быць добра чутным. Паслухаем…
І толькі цяпер я адчуў вакол сябе нішто. Так, не цішыню, а адсутнасць усяго. Адсутнасць хоць нечага жывога. Вакол мяне не было нічога. Туман быццам увабраў у сябе не толькі гукі, а самі жыцці, вобразы і сутнасці. Тое, што было перад вачыма, было не сапраўдным, існым, а ўсяго толькі кволай карцінкай, сатканай з туману ж. Я зрабіў крок і другі да сцяжынкі, прайшоў па ёй і стаў, аглушаны не гукамі сваіх крокаў, а іх адсутнасцю. Трава не адгукалася на дотык! Сам здзівіўся са свайго выбуху злосці, але ж з сілай шархнуў па ёй нагой, быццам ударыў. Адчуў праз падэшву, як супраціўлялася трава, як шаргацела па тканіне. Але бязгучна, мёртва.
Прыгнуўся, пацягнуўся рукой, хапіў жмут, пацягнуў. Ірваліся зялёныя травяныя жылы, ламаліся сцяблінкі, выдзіраліся з зямлі карэнні — і бязгучна. Я прысеў, адчуваючы сябе на мяжы таго, каб не закрычаць. І разумеў, калі зараз так зраблю — крыкну ці хоць уголас скажу слова — і не пачую сябе, гэта будзе непапраўна страшным. З кволай надзеяй я паляпаў пальцамі адной рукі па далоні другой. І прымусіў сябе не ўскочыць ад жаху. Я не быў аглушаны, я чуў. Чуў цішыню вакол, я быў упэўнены: калі б зараз недзе далёка нешта грымнула, піснула, войкнула, зашумела ў траве, мой мозг улавіў бы гэтыя гукі. Але вакол мяне ўсё было бязгучным…
Спакойна, спакойна, загадваў я самому сабе. Сядзь. Успомні. Цябе правялі да сцяжынкі. Ты пайшоў… Перад гэтым? Што было перад гэтым? Гарбата? Так, я піў. Федарук… Алесь Федарук наліваў напой — сабе і мне, піў ён, піў я, дзівячыся з густога паху, гаркавага смаку.
Так, пітво. Неспадзяваная мая млявасць і стома, раптоўны сон і вось цяперашняя глухата — мяне адурманілі. Ён сам піў? Дробязь, мабыць жа, ёсць нейкая супрацьяддзе, яны ведаюць, як гатаваць. Сектанты…
Але які сэнс? Чаго яны хацелі дамагчыся? Ці яны насамрэч разлічвалі на большае, чым просты сон? У мяне нешта скралі? Я паляпаў па кішэнях: нататнік на месцы, мабільнік, партманет. Хацелі атруціць увогуле? Не, фантастыка. Што такога я мог даведацца там, каб мяне забіваць? Не, такія жарсці не для нашых краёў.
Прыйшло супакаенне. Я зноў азіраўся па баках. Блізка да зямлі туману не было, ён пачынаўся шчыльнай пульхнай коўдрай недзе на вышыні паўметра над травой, потым радзеў наверсе.
Трэба ісці. Устаў, не разважаючы асабліва, ці правільна іду, пакрочыў. У любым выпадку некуды выйду. Сцяжынку добра відаць. Галоўнае зараз — выйсці. Потым, усё потым. Разбяромся. Праз гадзіну не будзе туману, будзе мой утульны і звычны пакой, у якім ёсць зручны часопісны стол з патрэсканай лакіроўкай. Я згатую сабе кавы, прысяду, на асобных аркушах паперы выкладу ўсё, пачутае сёння, пра што даведаўся за гэтыя дні, пра што падумаў, што ўжо запланаваў. Я буду маляваць квадраты — гэта будуць падзеі, трохкутнікі — так абазначу людзей, у кружках пазначу матывы і прычыны. Буду праводзіць лініі са стрэлкамі на канцах і без стрэлак. Я буду складаць кавалкі карцінкі, і то будзе асаблівы акт, бо невядомы вынік. Нястрашна, калі не хапае аднаго ці нават некалькіх кавалкаў, я даведаюся іх малюнак, варта толькі старанна, без памылак сабраць аснову….