І нечакана апынуўся нібыта ў сярэдзіне чорнага шара. Я павіс у бязважкасці, а аднекуль знізу падымаўся, павялічваўся ў памерах бліскучы рознакаляровы шар, бы мыльны пузыр, які граў вясёлкавымі адценнямі. Шар параўняўся са мною — і я пабачыў там пакой, драўляныя ложкі…
Дзіцячы садок… У некага з хлопчыкаў сёння дзень народзінаў, ягоная маці прынесла каробку цукерак. Нам раздалі па адной, загарнуўшы ў папяровыя сурвэткі, але есці забаранілі — да полудня. Зараз — пасляабедзенны сон, усе сцішыліся, большасць паснула, выхавальніца выйшла.
— Ты ж не з’еў сваю цукерку?
Ля майго ложка стаіць дзяўчынка, яе завуць Ларыска. Яна з пульхнымі шчочкамі, паўнаватымі рукамі. Яе светлыя кудзеркі, на якія мне так падабаецца глядзець, калі яны асветленыя сонцам і робяцца амаль празрыстымі, растрапаныя… Мне заўсёды хочацца дакрануцца да гэтых кудзерак, але я баюся. І яшчэ я злуюся на выхавальніцу — яна ніколі на прагулках не ставіць у пару мяне і Ларыску.
— Ты ж не з’еў? Цябе пытаю! — нецярпліва сіпіць шэптам Ларыска.
— Не, не з’еў, — усхвалявана невядома ад чаго шапчу я.
— Я табе зараз пакажу, што ў мяне ў трусіках, а ты мне аддасі цукерку!
Мы ўсе ведаем — Ларыска вельмі любіць салодкае. Выпрошвае, выменьвае ў тых, хто не паспявае з’ядаць.
— Ну? Хочаш пакажу? Ты ж хочаш, хочаш паглядзець, я знаю! — настойвае Ларыска.
Гэта ганьба — прызнацца ўголас, і я, ахоплены пачуццём сораму і жадання пабачыць забароненае, моўчкі ківаю галавой.
— Глядзі!
Ларыска падыходзіць да мяне блізка-блізка, і яе белыя трусікі з малюнкам зайчыка з моркаўкай апынаюцца перад самым маім тварам. Я бачу яе пульхныя пальчыкі, якія цягнуць тканіну ўніз, намаляваны зайчык зморшчваецца, складваецца. На адзін кароткі момант перад самым маім тварам паказваецца акуратная, быццам гумавая, лялечная похвачка, і я не паспяваю закрыць вочы ад пякучай сарамяжлівасці, а зайчык на трусіках ужо трымае сваю моркаўку.
Я заплюшчваю вочы, але не магу заснуць, я ўзрушаны і быццам шчаслівы: мне Ларыска даверылася, я бачыў, бачыў!
І вось ужо полудзень, я нясу загорнутую ў папяровую сурвэтку цукерку да століка, за якім сядзіць адна Ларыска. Я хачу ёй паабяцаць, што буду цяпер аддаваць ёй усе цукеркі, проста так аддаваць… Яна сустракае мяне сур’ёзным позіркам і загадвае:
— Кладзі!
Я працягваю руку да стала і бачу на ім мо з пяць такіх жа, як мая, цукерак. Кідаю сваю і выбягаю з пакоя. Адкуль яна ўзялася, гэтая крыўда, якая душыць мяне, выціскае роспачныя слязінкі з вачэй?
Мыльная бурбалка з маім першым болем узнімаецца ўверх, расце, расце і нягучна лопаецца, знікае, а знізу ўжо ўсплывае другі рознакаляровы шар.
…Я, першакурснік, вяртаюся з пошты — толькі атрымаў грашовы перавод ад маці. Ён вельмі дарэчы, ён доўгачаканы: у мяне ўжо некалькі пазык. За сотню метраў ад студэнцкага інтэрната мяне даганяе хлопец, гады на тры за мяне старэйшы, і просіць:
— Сябра, ратуй! З дзяўчынай пасварыўся! Вунь таксафон, я скажу табе нумар, а ты набяры, бо мой голас яна пазнае і кідае адразу трубку. Ты спытай Анжэлу, як адкажа, то перадай, маўляў я, Антон, буду яе чакаць у пераходзе ля ГУМа, на нашым месцы, а восьмай. Дапамажы, дружа!
Канешне, я згаджаюся.
Таксафон стары, яшчэ ў металічна-шкляной будцы. Мы ўціскаемся туды ўдвух, ён дыктуе нумар, я пачынаю набіраць і раптам чую яго злы хуткі шэпт:
— Грошы давай хутка, чмо!
Я слупянею ад нечаканасці, гляджу на яго, на дзверы, якія ён загарадзіў сабой, бачу за шклом яшчэ дваіх хлопцаў і разумею: яго хаўруснікі, бо яны падышлі вельмі блізка, быццам чакаюць чаргі. Адзін з іх прачыніў дзверы і загадаў жорстка:
— Дастаў пашпарт і выцягнуў грошы! А то застанешся без анічога!
А вакол — дзень, міма будкі праходзяць людзі, яны не разумеюць, што за паўметра ад іх адбываецца рабаванне. І тут я пазнаю трэцяга хлопца: ён стаяў у чарзе разам са мной на пошце. Яны цікавалі за мной. Яны ведаюць нават, колькі ў мяне грошай…
Антон (але ж хіба яго насамрэч завуць Антонам?) не вытрымлівае, хутка соўгае рукой ва ўнутраную кішэню маёй курткі, а другой моцна налягае мне на жывот, прыціскае да сценкі:
— Ціха, не трапячыся!
Ён нават пашпарт не дастае, імкліва выхоплівае грашовыя купюры — і ўсе трое знікаюць…
Пузыр лопаецца, абдае мяне пырскамі, здавалася, забытага назаўжды сораму.
Чарговы ўсамін паглынае мяне, ахутвае смуродам перагару і гарэлага мяса. Полымя вогнішча выхоплівае бляск вачэй дзяўчыны… Не помню яе імя, яно звычайнае, самае звычайнае, яна толькі нядаўна назвала яго. Дзявочы твар перакрыўлены п’янай усмешкай, яна блытана імкнецца мне нешта патлумачыць, ікае, я не разумею, бо самога мяне хістае над ёй, над яе аголеным целам. Хачу злавіць смочак яе невялікай цыцкі сваімі вуснамі, пляскаюся тварам у ліпкую скуру грудзей і адчуваю, як торгаецца пада мной дзяўчына. Яна гучна ванітуе, а пасля і мяне рве, я нават не паспяваю цалкам адвесці сваю неверагодна цяжкую галаву ўбок…