Унукі не ведалі, што і думаць. Розум падказваў ім, што гэтага не можа быць. Але дзед казаў зусім сур'ёзна, верыць яму ўнукі прывыклі з самага маленства. Да таго ж яны ведалі, што ўвесь свет лічыць іхняга дзеда вялікім вучоным. Як было не верыць?
Тады Святлана без усякіх хітрыкаў задала яму адно пытанне:
— А вы самі, дзядуню, ездзілі на такой машыне? Дзед шчыра рассмяяўся.
— Правільнае пытанне, Святланачка! — сказаў ён праз смех. — Або, як кажуць, правакацыйнае пытанне. Але на яго ёсць вельмі просты адказ: у сталага чалавека, а тым больш у такога старога, як я, фантазія зусім не тая, што ў дзяцей. Ці магла б, скажам, цяпер ваша маці, як вы чулі, фантазіраваць, як у дзяцінстве, ездзіць па ўсім свеце на перавернутым крэсле? Не, на нашай фантазіі далёка не паедзеш, а вось на вашай… Націскайце кнопку — і ў дарогу!
Пачуўся ціхі гул, як пры ўключэнні радыёпрыёмніка.
Здрыганулася, прыўзнялася, мільганула ў паветры і знікла машына. Стары паглядзеў ёй услед шчаслівымі вачыма і прашаптаў:
— Так, меркаванні мае правільныя…
Потым вочы яго згаслі. Ен апусціўся на крэсла і задрамаў.
Машына адразу апынулася ў чорнай прасторы, дзе з усіх бакоў блішчэлі кропкі-зоркі. Руху не адчувалася, толькі за спіной ціхенька гуло, нібы там заблыталася ў павуцінні муха. Зоркі-кропкі, у залежнасці ад набліжэння ці аддалення, то павялічваліся, то памяншаліся. Раптам далёка збоку паказаўся вялізны кудлаты вогненны шар з хвастом.
— Камета!
Ляцела яна наперарэз машыне і няўхільна павінна была сутыкнуцца з ёй, калі можна казаць аб сутычцы гары з мухай. Але ў нашых пасажыраў не было ніякага жадання сутыкацца з каметай, значыцца, і машыне перадалося гэтае нежаданне. Хуткасць яе зменшылася, галава каметы праляцела міма, а машына ўрэзалася ў хвост.
— Ай! — ускрыкнула Святлана.
— Не бойся, — спакойна сказаў Светазар. — Гэта проста туман. Дзед казаў, што ў 1811 годзе наша Зямля таксама праляцела праз хвост каметы, і ніхто гэтага не заўважыў.
Самым цікавым было тое, што ўсё гэта адбылося ў мёртвай цішыні, бо ў прасторы без паветра гукі перадавацца не могуць.
Калі машына праляцела праз хвост каметы, Светазар са смехам сказаў:
— А ці ведаеш ты, што калі б мы ляцелі праз гэты хвост на самалёце нават па тысячы кіламетраў у гадзіну, то нам прыйшлося б ляцець некалькі гадоў. Я сам гэта чытаў.
— Ну?! — здзівілася Святлана.
Разважаць больш не было часу. Наперадзе адна з зорак шпарка павялічвалася, зрабілася, як сонца, потым пачала расці ўсё больш і больш, нарэшце ператварылася ў вогненную сцяну без канца ў даўжыню і шырыню.
— Назад!!! — мімаволі вырваўся крык у брата і сястры разам.
І раптоўна машына завярнулася назад і паляцела ў процілеглы бок. А там было такое самае чорнае неба, на ім свяціліся такія самыя зоркі-кропкі, і адна з іх зараз жа пачала ператварацца ў вогненную сцяну без канца ў даўжыню і шырыню. Зноў закрычалі яны з жахам:
— Назад!
І зноў паўтарылася тое самае…
Цесна зрабілася нашым героям у сусветных прасторах — усюды яны натыкаліся на зоркі, планеты, каметы. Відаць, для фантазіі і сусвет не такі ўжо вялікі.
— На Зямлю!!! — са слязьмі закрычалі падарожнікі. І… апынуліся сярод ільдоў. Воддаль сядзеў белы мядзведзь і пільнаваў над проламкай цюленя. Холадна, няўтульна здалося тут дзецям — і яны адразу апынуліся ў нейкай гарачай пустыні. Навакол, як марскія хвалі, ішлі барханы; грабяні іх нібы дыміліся ад лёгкага ветрыку. Гарачыня страшэнная…
— Ну і падарожжа! — раззлаваўся Светазар. — Скачам, як тая блыха, і нічога добрага не бачым.
— Дзед жа казаў, што хуткасць нашай машыны такая самая, як хуткасць думкі,— зазначыла Святлана.
— А навошта нам такая хуткасць? — крычаў Светазар так, нібы Святлана была ў гэтым вінаватая. — Вунь куды немаведама чаго занесла! Лепш бы ўжо на мора занесла, чым у гэтыя пяскі.
Падзьмуў халодны ветрык — і яны ўбачылі, што барханы ператварыліся ў сапраўдныя марскія хвалі, а іхнюю машыну пачало кідаць, як трэску.
Зноў спалохаліся дзеці. Светазар, дрыжучы ад страху, пачаў супакойваць сястру:
— Чаго баішся? Хіба ты забылася, што ад нас саміх залежыць, куды нам дзецца. Захочам выбрацца на зямлю — і будзем там.
І сапраўды, яны ўжо былі на зямлі. Гэта быў маленечкі каралавы астравок у Ціхім акіяне. На ім расло некалькі какосавых пальмаў, а больш нікога і нічога не было.
— Слухай, Света, здымай хутчэй свой шлем! — крыкнуў Светазар і зняў свой. — Хутчэй, хутчэй здымай!
— Што такое? — спалохалася Святлана.
— Здымай, здымай! — падганяў Светазар і, калі яна зняла, дадаў:— Трэба нам адпачыць ад гэтых скокаў. Калі шлемы будуць на галаве, то нас бясконца будзе кідаць. А цяпер мы нават можам вылезці і пахадзіць тут.
Яны выйшлі з кабіны і з прыемнасцю распрасталі рукі і ногі. Лёгкі ветрык пяшчотна абвяваў іх твары. Мора было ціхае, на гарызонце дыміўся параход. Ен ішоў міма, з людзьмі, а дзеці заставаліся тут, на другім канцы свету, адны. Мімаволі прыйшла ў галаву думка: «А што, калі не ўдасца выбрацца адсюль?»