— Сапраўды, ваша становішча труднаватае, — згадзіўся дзед. — У такіх выпадках, як гэты, вам нічога не заставалася рабіць, як уцячы. А ў іншых выпадках вы старайцеся рабіць так, каб не звяртаць на сябе надта вялікай увагі, каб нічым не адрознівацца ад іншых людзей. Машыну сваю вы можаце схаваць дзе-небудзь.
— А калі хто яе забярэ? — перапыніла Святлана.
— Вы можаце паставіць яе, як звычайную машыну, у якіх-небудзь добрых, простых людзей. Апрача таго, можна ў машыну ўключыць ток, як гэта часам і робяць нашы шафёры. Тады ўжо да вашага фантамабіля ніхто не дакранецца.
— А чаму, дзядуню, вы наогул трымаеце ў сакрэце гэтае вялікае вынаходства? — спытаў Светазар. — Чаму не паведаміце аб гэтым нашым вучоным і нашаму ўраду?
— Не прыйшоў яшчэ час, дарагія мае светлячкі,— адказаў дзед. — Не ўсё яшчэ прадумана да канца, не ўсё яшчэ праверана, нават многа чаго я і сам яшчэ не разумею. Вы самі сваімі падарожжамі павінны даць мне матэрыял для завяршэння маёй працы. А калі я выступлю цяпер, то з мяне будуць смяяцца. Я ўжо казаў вам, што мы, дарослыя, лятаць яшчэ не можам, нашай фантазіі для гэтага не хапае. Мы пакуль што можам пасылаць толькі дзяцей. А хто з вучоных паверыць, што дзеці гавораць навуковую праўду? Вось калі я змагу сам сесці ў машыну ды пасадзіць з сабой якога-небудзь акадэміка, тады будзе зусім іншая размова.
А пакуль што Пётр Трафімавіч Цылякоўскі падрабязна запісваў усё, што расказвалі яго ўнукі аб сваіх падарожжах. Гэтыя запісы пазней трапілі ў рукі аўтара гэтай кнігі. Аўтар разабраў іх, апрацаваў, выбраў найбольш цікавыя, надрукаваў і прапануе цяпер нашым чытачам.
III
У АМЕРЫЦЫ
Праз некаторы час дзед паклікаў Светазара і Святлану.
— Вось вам, мае дарагія светлячкі, шапкі для размовы з людзьмі на якой хочаце мове.
І ён паказаў на дзве іспанскія шапкі-пілоткі з двума рагамі — спераду і ззаду. На канцах рагоў блішчалі металічныя кружочкі, злучаныя двума тонкімі дратамі, як антэнай, а ў сярэдзіне шапак было прымацавана некалькі спіралей.
— Для размовы?! Шапкі?! — здзівілася Святлана.
— Называюцца яны шапкамі, а фактычна гэта ёсць злучэнне прыёмніка і перадатчыка. Сядайце і слухайце ўважліва, што я вам скажу. — Унукі селі супраць дзеда, і ён пачаў: — Як мы размаўляем адзін з другім? Я вось вам гавару словы, яны ідуць у вашы вушы, вушы перадаюць гэтыя словы галаве, і там мозг успрымае іх… Што ўспрымае мозг? — раптам спытаў дзед.
— Словы, — дружна адказалі дзеці.
— А вось і не! — адказаў дзед. — Не словы, а сэнс іх, разуменне, уяўленне таго, аб чым гаворыцца. Вуха толькі перадатчык сэнсу слоў. Глухі слоў не чуе, а калі мы нейкім чынам, мімікай, жэстамі перадамо сэнс, уяўленне, то глухі зразумее і без слоў. А калі ён не нямы, то зараз жа можа «перакласці» гэтае разуменне на словы. Напрыклад, вы паказваеце яму, каб ён зачыніў дзверы, і ён вам можа сказаць: «Зачыніць дзверы? Зараз». Калі гэта будзе іншаземец, то ён скажа гэтыя словы на сваёй мове. Значыцца, калі б мець такі перадатчык, які мог бы непасрэдна перадаваць у галаву другога сэнс вашых слоў, то вы маглі б такім чынам размаўляць з усімі народамі Зямлі. Вы будзеце гаварыць на вашай мове, а сэнс вашых слоў будзе перадавацца непасрэдна другому: той успрыме не словы вашы, а сэнс іх і будзе адказваць ужо на сваёй мове, і вы таксама непасрэдна ўспрымеце сэнс яго слоў. Будзе прыблізна такі працэс, які адбываецца пры тэлевізійных перадачах: на экран без правадоў і без слоў (гукі і музыка гучаць асобна) перадаецца карціна, якую разумее кожны глядач, якой бы нацыі ён ні быў, і сэнс гэтай карціны кожны будзе перадаваць на сваёй мове. Я знайшоў спосаб падобным чынам перадаваць другому непасрэдна і ўяўленне таго, што чалавек думае. Такім перадатчыкам і будуць вось гэтыя шапкі.
Дзед надзеў ім на галовы шапкі і пачаў размову.
Унукі прыслухаліся:
— Вы сказалі, што ўсё сваё вы носіце з сабой. Праўда?
— Правільна, мае мілыя светлячкі! — з вялікім задавальненнем адказаў дзед. — Я сказаў па-лацінску: «Усё маё нашу з сабой». Незразумелыя для вас словы да вашай свядомасці не дайшлі, а сэнс іх, які быў у маёй галаве, праз вашы шапкі дайшоў да вашай свядомасці. Значыцца, усё ў парадку. А калі вы захочаце такім самым чынам перадаць сэнс вашых слоў другому, то не забудзьцеся націснуць вось гэтую кнопку, каля левага вуха. Адыдзі, Святлана, далей, да той сцяны, націсні кнопку і скажы мне што-небудзь ціха, каб я не чуў.
Святлана адышла, націснула кнопку і нешта прашаптала. І дзед ёй адказаў:
— Ты сказала, што хочаш хутчэй ехаць. Так?
— Так, так! — закрычала Святлана і нават запляскала ў далоні.
— Ну і добра, — сказаў дзед. — А цяпер папрактыкуйцеся вы самі.— Ен утульна ўсеўся ў крэсла і задрамаў. А брат з сястрой пачалі практыкавацца.
Калі дзед прачнуўся, унукі падышлі да яго і сказалі, што яны хочуць ляцець у Амерыку.
— У Амерыку? — здзівіўся дзед. — У якую Амерыку?
Цяпер ужо ўнукі здзівіліся: хіба дзед не ведае Амерыкі?
Дзед, усміхнуўшыся, зноў спытаў:
— У якую ж Амерыку?
— Ну, у гэтую самую, дзе жывуць амерыканцы… — збянтэжана адказала Святлана.