Вельмі выразна відаць быў адзін з полюсаў Марса, на вялікай плошчы пакрыты снегам ці лёдам. А процілеглы полюс, нахілены да Сонца, быў не белы, а цьмяны. Значыцца, тут было лета.
— Давай сюды і апусцімся, — прапанавала Святлана.
Светазар моўчкі кіўнуў галавой — і яны апусціліся на Паўночны полюс Марса. Адчынілі дзверы сваёй кабіны і адразу адчулі, што ім не хапае паветра. Ды і не дзіва: на Марсе бадай такое самае разрэджанае паветра, як на вяршыні Эверэста, гэта значыць, на вышыні васьмі кіламетраў. На такой вышыні, як вядома, без дадатковага кіслароду чалавек жыць не можа, і нашым падарожнікам прыйшлося адразу ж надзяваць дыхальныя апараты, як тады, на Месяцы. Святлана гатова была плакаць ад прыкрасці.
— Каб ведала, не ехала б сюды, — скардзілася яна. — Гэта ж пакута ўвесь час хадзіць з такой рэччу на галаве.
— Хочаш не хочаш, а дзедаву камандзіроўку мы павінны выканаць, — сказаў Светазар, прымацоўваючы маску. — Добра ўжо і тое, што мы чуем адно аднаго і што не трэба надзяваць на галаву другі апарат.
Выйшлі яны з машыны, азірнуліся навакол, і так маркотна ім зрабілася, хоць плач.
Марс знаходзіцца ад Сонца ў сярэднім на сто мільёнаў кіламетраў далей, чым Зямля, і атрымлівае ад Сонца ў два разы менш святла і цяпла. Таму на Марсе паўдзённы сонечны час нагадвае наш паўзмрочны вечар. І ўжо ад аднаго гэтага падарожнікам зрабілася паўзмрочна на сэрцы.
Пад нагамі ў іх была заледзянелая зямля ў тым стане, у якім яна бывае пры нулі градусаў, мокрая, безжыццёвая. І ў такім стане яна тут застаецца, па нашаму часу, каля года, а па-марсаўскаму гэта будзе каля паўгода, бо марсаўскі год роўны нашым двум гадам19
.Усё лета вада патрошку сцякае з полюса і часта прыпыняецца, калі тэмпература не падымаецца вышэй нуля. Усё гэтае паўгоддзе, а па-нашаму год, тут, вядома, свеціць Сонца, якое на Марсе куды меншае, чым на Зямлі.
— Ну што ж, — сказала Святлана, — на полюсе нічога добрага і не можа быць, паедзем пад экватар.
Яны селі ў машыну і накіраваліся на Поўдзень. Спачатку ехалі павольна, прыглядаючыся да мясцовасці. Але прыглядацца не было да чаго — усё тая ж голая прамерзлая зямля. І тады яны адразу «пераскаквалі» на сотні кіламетраў.
Нарэшце яны даехалі да такога месца, дзе Сонца схавалася за гарызонтам. Гэта быў Палярны круг, які на Марсе знаходзіцца пад шэсцьдзесят пятым градусам шырыні. На Зямлі, як вядома, пад шэсцьдзесят шостым з паловай градусам; розніца невялікая, але на прыродзе гэтая розніца надта вялікая. На Зямлі тут знаходзіцца тундра, расце значная колькасць палярнай расліннасці, сустракаюцца птушкі, жывёлы, у рэках і марах ёсць рыба, а тут нічога падобнага не відаць. Сонца тут хаваецца ненадоўга: ноч, як і на Зямлі, працягваецца спачатку некалькі мінут, потым, па дарозе на Поўдзень, усё болей і болей, пакуль на экватары не дасягне роўна паловы сутак. А гэтая палова на Марсе будзе мець дванаццаць гадзін ды яшчэ каля дзевятнаццаці мінут. Зноў розніца з Зямлёй невялікая, але розніца ў тэмпературы яшчэ большая.
Як толькі схавалася сонца, знадворку пачалася зіма, сапраўдная зіма, мусіць, градусаў на дваццаць. Хоць нашым падарожнікам у машыне не было холадна, ім абрыдла такая ноч, і яны перанесліся ў Паўднёвае паўшар'е, дзе ў гэты час быў дзень. Але зноў бяда: тут у гэты час была зіма і мароз такі самы быў удзень, як там уначы.
— Дзе ж тады знайсці больш утульны куток? — раіліся падарожнікі.— Пэўна — на экватары.
Апусціліся на экватары. Ноч ужо канчалася, але за начны час зямля так астыла, што і тут перад узыходам сонца тэмпература апусцілася да сарака пяці градусаў. Такім чынам, падарожнікі пабывалі ў трох розных пунктах Марса і нідзе не знайшлі тэмпературы вышэй нуля.
— Цікава, — бурчалі яны, — дзе тут могуць жыць звышкультурныя марсіяне? Дзе тут знаходзіцца выдатная сталіца іх Саатэра? Дзе тут могуць быць іхнія шахты, фабрыкі, заводы? Тут нават іхняй жывёліне «хашы» няма як пражыць. Давай пераляцім на другі бок экватара, дзе цяпер павінна быць трапічная гарачыня.
Яны паляцелі насустрач сонцу. Вылецеўшы на святло, сцішылі ход машыны і пачалі пільна прыглядацца да паверхні, часам зніжаючыся да самай зямлі. «Трапічны пояс» на Марсе быў незвычайны. Там, дзе толькі што ўзышло сонца, усюды бялеўся іней, а дзе была вада — лёд. Дзе Сонца было высока над галавой, там іней растаў, а лёд у вадаёмах рабіўся ўсё танейшым і танейшым.
— Пакуль ён растане, — засмяялася Святлана, — прыйдзе ноч, і вадзе зноў давядзецца замярзаць.
Які ж быў там краявід? На гэтае пытанне вельмі трапна адказала Святлана:
— Тундра!