Сляды колаў вялі да тых узгоркаў, дзе знік заўважаны імі мядзведзь. Значыцца, там жыло іх некалькі. Як жа цяпер ісці ў логава мядзведзяў па машыну? Праўда, у Светазара за поясам быў браўнінг, але нідзе яшчэ не было чуваць, каб паляўнічы ішоў у бярлогу мядзведзяў з маленькім рэвальверам. Тым больш калі паляўнічы меў усяго пятнаццаць гадоў. Смяротны жах сціснуў сэрцы падарожнікаў. Вечар, хутка зойдзе сонца, пачнуцца маразы, і яны застануцца на голай зямлі… пад адкрытым небам… Якая жахлівая смерць!.. Светазар нахмурыў бровы, узяў у рукі рэвальвер і сказаў:
— Усё роўна смерць, дык лепш загінуць у баі. Развітаемся, сястрычка. — І ён нахіліўся, каб яе пацалаваць.
Але яна запратэставала:
— Не, не, і я з табой пайду.
— Ды чым жа ты дапаможаш?
— Калі прыйдзецца, то загінем разам, але адна я тут не застануся.
І яны ціхенька пайшлі па слядах машыны. Вось ужо і ўзгоркі, за якімі нешта павінна быць. След колаў абмінуў адзін узгорак, за ім — нічога; след пайшоў да другога, там — нібы ўваход у пячору. Але таксама — нікога не відаць. След пайшоў далей, да падножжа гары. Адтуль чуўся шолах і ціхія глухія гукі.
Светазар даў знак сястры, лёг сам на зямлю і зазірнуў наперад. Святлана бачыла, як ён са страхам адхіснуўся, але потым зноў стаў напружана глядзець. Дзяўчынка аж млела ад цікаўнасці і таксама стала высоўваць наперад галаву.
Яна ўбачыла бок гары, у якой відаць быў уваход у пячору. Перад уваходам стаяў фантамабіль, а вакол яго было не менш дзесятка мядзведзяў. Адны з іх хадзілі вакол машыны, краталі яе лапамі, другія сядзелі на задніх лапах і ўважліва разглядалі дзіўную рэч. Іх малпавыя морды здаваліся сур'ёзнымі, свядомымі.
Час ад часу яны буркалі, нібы нешта казалі адзін аднаму. Наогул гэтыя марсіяне стваралі мірнае ўражанне. Але як да іх падступіцца? Ці страляць адразу?.. Ці напалохаць як-небудзь?..
Светазар выбраў апошні варыянт. Ен шапнуў сястры:
— Мы раптам выскачым і пачнём махаць рукамі, шумець, крычаць з усяе сілы. А я буду страляць уверх. Памятай, што ад твайго крыку і страшэннага выгляду будзе залежаць тваё жыццё.
Яны так і зрабілі. Светазар грозна замахаў рэвальверам і страляў уверх. Рэха павялічыла грукат у шмат разоў. Святлана не толькі махала рукамі, а яшчэ і падскаквала. Крычала яна так, нібы мядзведзі ўжо душаць яе.
Такі незвычайны канцэрт, вядома, уразіў мядзведзяў, але цяжка было сказаць, ці больш яны напалохаліся, ці больш здзівіліся. Дзве белыя, кволыя істоты не здаваліся ім магутнай сілай, але нечаканасць і незвычайнасць збянтэжылі мядзведзяў, і яны задам пачалі адступаць да ўвахода ў пячору.
Тады падарожнікі падбеглі да машыны, хуценька селі ў яе.
— Ура! Цяпер усё ў парадку! — крыкнуў Светазар.
Ім зрабілася так лёгка на сэрцы, такая радасць ахапіла іх, што і ўцякаць не хацелася. Таму яны і шлемаў на галаву не надзявалі. З задавальненнем знялі дыхальныя апараты і лёгка дыхалі «сваім уласным», зямным паветрам.
— Цяпер мы можам і пасядзець тут, адпачыць ды паглядзець, што будуць рабіць гэтыя марсіяне! — радаваліся дзеці.
А мядзведзі, убачыўшы, што ўсё стала ціха і спакойна, зноў пачалі набліжацца да машыны. Ціха, асцярожна пасоўваліся яны і нарэшце зноў акружылі машыну. На гэты раз ім нават цікавей было разглядаць не толькі машыну, але і пасажыраў у ёй.
Спачатку Святлане вельмі страшна было, калі побач з ёю да шкла прыціскаўся брыдкі твар, але выраз гэтага брыдкага твару быў такі лагодны, такі спакойны, міралюбны, што страх паступова знікаў, і замест яго з'яўлялася нешта падобнае да сімпатыі.
Мядзведзі ўсё прыціскаліся да шкла, нібы хацелі нешта сказаць. Часам гукі іх як быццам нагадвалі словы. Напрыклад: «гля… гу… ма… зы».
— Слухай, — звярнулася Святлана да брата, — з іхніх гукаў, здаецца, выходзяць нейкія склады. Можа, гэта іхняя мова? Мы ж ведаем, што ўсе жывёлы разумеюць гукі сваіх братоў, усе яны маюць нібы сваю мову. Вось і ў іх ёсць нібы свая мова. А калі так, то гэтыя гукі-склады маюць свой сэнс, а значыцца, у галаве ў іх з'яўляюцца вобразы таго, аб чым яны думаюць. Ну, а мы ж маем апарат, які ўспрымае такія вобразы і перадае нам.
Светазар аж зарагатаў ад задавальнення.
— А можа, і сапраўды можна будзе з імі пагаварыць? Вось будзе пацеха!
Яны хутка надзелі свае шапкі-перадатчыкі і пачалі прыслухоўвацца.
— Чуеш? — прашаптала Святлана. — Я чую, нібы мяне пытаюць: «Адкуль?»
— І я таксама чую, — стрымліваючы дыханне, адказаў Светазар. — Так, гэта іхняе пытанне. Зараз ім адкажам.
Ён націснуў кнопку перадатчыка і крыкнуў:
— Мы з неба! — і ў дадатак падняў руку ўгару: — Мы адтуль.
І зараз жа ўсе мядзведзі паваліліся на зямлю тварамі ўніз і замерлі.