Калі Інгрыд увечары вярнулася ў Тахелес, яна засьпела новасьпечаную балетную трупу за дзіўным заняткам. Андрэ сядзеў ля стала з шырока, як быццам на прыёме ў стаматоляга, разяўленым ротам, а Хведар, трымаючы ў руках пэндзаль і скурчыўшыся перад ім, спрабаваў замаляваць яму некалькі пярэдніх зубоў чорнай фарбай. Правае вока ў Андрэ было забінтаванае чорнай павязкай, і наогул выгляд ён меў такі, быццам за час адсутнасьці Інгрыд ягоная галава сутыкнулася зь вялікім, памерам зь вядро, артылерыйскім снарадам.
Хведар, як сапраўдны мастак, раз-пораз падаваўся назад, прыжмурваў вока, любаваўся сваім творам і задаволена прыгаворваў:
– Нядрэнна, нядрэнна, атрымліваецца нават лепей, чым я чакаў!
Буян тым часам спрабаваў прыкруціць да левай рукі Андрэ нейкую ідыёцкую, размаляваную незразумелымі знакамі, драўляную дошку.
Пацікавіўшыся, што ўсё гэта значыць, Інгрыд пачула ў адказ, што яны рыхтуюцца да спэктаклю, у якім яна таксама мусіць узяць удзел. Паколькі трупа ў іх невялікая і лішніх людзей няма, ёй дастаецца маленькая, але важная і адказная роля – раз-пораз забіраць у Андрэ выручку ды аддаваць яе Хведару, а таксама стаяць на стрэме. У пэўныя моманты яна мусіць зганяць у краму па сьвежую порцыю віскі для саліста. А Хведар, як рэжысэр-пастаноўшчык і галоўны балетмайстар, возьме на сябе кантакты з прэсай, тэатральнымі імпрэсарыё, паліцыяй, мафіяй ды разборкі зь іншымі трупамі.
Калі зубны макіяж быў скончаны, калегі ўсадзілі Прыму на павозку і завішчалі, зашчабяталі, а сёйтой нават зарохкаў ад задавальненьня.
– Вось гэта кляс! Дык гэта ж будзе нават круцей за Дыкса! – крычаў захоплены Хведар.
– Так, так, такому кашмару нават я даў бы палову цэнта!
Андрэ выглядаў вельмі пераканаўча. Наяўнасьць ног прыкрываў даўгі скураны плашч. Замест пярэдніх зубоў зеўралі чорныя дзіры, таму, калі ён усьміхаўся альбо пачынаў нешта казаць, ягонае аблічча прымала асабліва злавесны выгляд. Буян, праявіўшы надзвычайную фантазію, прыкруціў да куксы шарнірнай рукі здаравенную іржавую спружыну, што тырчала проста з драўлянага пляча Андрэ. Акрамя гэтага, ён прысабачыў да пратэза званочкі, крукі й зашчэпкі, таму, калі чалавек у шаломе варушыў рукой, яна скрыгатала і зьвінела як старая рухлядзь.
– Ну што ж, засталося скласьці лібрэта ды напісаць партытуру, – вымавіў задаволены Хведар, удосталь налюбаваўшыся сваім творам.
– Так, музычнае суправаджэньне не зашкодзіла б, – падтрымаў Буян, – нядрэнна было б уставіць яму ў зубы гармонік.
– Не, гармонік не падыдзе – занадта сэнтымэнтальна, ды й дзе мы зараз яго знойдзем. А вось… – Хведар палез у далёкі кут майстэрні, нейкі час корпаўся там, бразгаючы ўсялякім хламам, і нарэшце вылез, задаволена трымаючы ў руках стары піянэрскі горн.
– Вось! Гэта рэч што трэба! Ану-ка падзьмі!
– Ббррр! Ххррррр! Эээххррррр!
– Н-да, пярдзёж нейкі выходзіць! Але нічога – навучысься!
– Тым больш табе Брамса на трубе выконваць ня трэба. Ты павінен проста прапярдзець пару разоў, калі бачыш, што публіка на цябе ўвагу не зьвяртае, а там адразу ўступай з рэчытатывам.
– А які рэчытатыў?
– Вось! Для гэтага патрэбна лібрэта! Зараз мы яго і складзем!
– А навошта яму рэчытатыў? Партыя Пэргюнта! Гэта ж балет! Хай моўчкі пярдзіць сабе на трубе і ўсё! – умяшаўся ў гутарку Буян.
– Ну ты калгас! Балет з рэчытатывам больш прыбытковым будзе! Да таго ж, у нас балет сучасны, я бы нават сказаў авангардны, з элемэнтамі опэры!
– Ну вось, падышла да цябе, напрыклад, група турыстаў, а ты і пяеш ім: «Падааайце, грамадзяне, на квітооок да Магілёёёва!»
– Што ты вярзеш! Які квіток да Магілёва! Ён жа прускі жаўнер! За Кайзэра ваяваў! – абурана закіпеў Буян.
– Ну і дурань! Нічога не разумееш! Магілёў як перакладаецца – Магіла Льва! А ён хто? Ён і ёсьць Леў! Апошні Леў апошняй вайны. Вунь паглядзі, якая ў яго залатая грыва! А жадае ён дабрацца да сваёй Магілы, каб тамака зь мірам спачылі тленныя рэшткі яго цела, дакладней, тое, што ад іх засталося: тулава, адна рука, і галава з адным вокам. Так што Магілёў для яго – радавы склеп, горад вечнага спачыну! Зразумеў?
– Так, крута разьвёў! Ну тады трэб прамаўляць Магілёў па-нямецку – тыпу Liongrabben альбо па-ангельску – Lionsgrave, а то інтурысту незразумела будзе.
– Добра, тады скажаш ім, што ты Леў апошняй вайны, так бы мовіць яе дух, здань. І вось ужо шмат гадоў блукаеш па сьвеце ў нязмозе знайсьці спачыну, таму што зрабіць гэта магчыма толькі ў адзіным горадзе – Магілёве. Але дабрацца туды ты ня можаш, бо няма грошай на квіток. Таму каб яны, грамадзяне інтурысты, спакайней спалі, у іх жа інтарэсах крыху раскашэліцца ды скінуцца на праезд да гораду тваёй сымбалічнай сьмерці. А потым ты блісьнеш сваёй абаяльнай бяззубай усьмешкай і нават пару разоў можаш пёрнуць у трубу, каб і да самых тупых дайшло!
– Так, добрае лібрэта, – пагадзіўся Андрэ, – няблага закручана!