– Вашыя грошыкі пойдуць на добрыя справы! Вы дапаможаце няшчасным хобітам, якія жывуць у страшным, гіблым месцы пад плотам Эўропы! Гэта сапраўдны Мордар! Паглядзіце, якім я адтуль вярнуўся! Бяз ног, без рукі, бяз вока, без зубоў!
– Гэй, дзяўчына з фотаапаратам, не праходзьце міма! У вас ёсьць шанец сфатаграфавацца з сапраўдным вэтэранам Вэрдэну на тле бэрлінскай Ратушы ўсяго за два эўра!
– Дорага? Ну добра, сёньня студэнтам і вэтэранам працы зьніжка пяцьдзясят адсоткаў! Малады чалавек у акулярах! Здыміце нас! Толькі пастарайцеся, каб Ратуша ў кадр патрапіла!
– Дзякуй, дзякуй! Дай вам бог шчасьця!
– І вам дзякуй!
– І вам!
– Ооо! Алах не забудзецца на вашую шчодрасьць!
– Тру-ту-ту-ту – ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!
– Дамы і гаспада! Паглядзіце! Паглядзіце, што зрабіў са мной Чарнобыль! Вы думаеце, мне адарвала ногі на вайне? Не! Я такім нарадзіўся – бяз ног, бяз вока, з драўлянай рукой! Ведаеце, колькі такіх няшчасных выродцаў яшчэ засталося ў маёй краіне? І вы можаце ім дапамагчы! Грамадзяне! Ня будзьце жміндамі! Кіньце ў гэты фэтравы капялюш троху грошай!
– Мэрсі!
– Данкешон!
– Што? Сфатаграфавацца ў шаломе? Не, шалом з галавы не здымаецца! Фатаграфуйцеся разам са мною! Не ўгаворвайце! Ні за якія грошы!
– Набыць? Сто эўра? Не сьмяшыце мяне! Нават за тысячу! Не прадаецца! Шалом – адзінае, што ад мяне засталося!
– Грамадзяне! Паглядзіце на гэтыя зубы. Вы іх ня бачыце – таму, што артылерыйскае ядро зьнесла іх пад Аўcтэрліцам, калі мы ратавалі Эўропу ад Банапарта. Няўжо вам шкада даць пару эўра вэтэрану бітвы пад Ватэрлёо і Монтэ-касына?
– Дзякуй!
– Ооо! Папяровыя грошыкі мы таксама прымаем!
– Дзякуй, дзякуй!
– Тру-ту-ту-ту – ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!
– О! Русо турысто! Обліко морале! Падайце былому дэпутату Дзяржаўнай Думы айн-цвай копек!
– Што ты мне гэтыя капейкі суеш?
– Сам прыдурак! Імпэрыяліст хрэнаў! Ах, гэта я імпэрыяліст? Ах, германскі? А ну, валі адсюль, а то Хведара паклічу!
– Маладыя людзі! Жадаеце быць шчасьлівымі і багатымі – дакраніцеся да майго шалома сваімі далонямі! Ён прыносіць удачу! Паслуга платная – з вас па адным эўра!
– Данкешон!
– Мэрсі!
– Дзякуй!
– Грамадзяне! Падайце самотнаму льву на квіток да Магілёва! Дзе гэта? Гэта ў Беларусі. Тамака знаходзяцца самыя вялікія зь вядомых у сьвеце могілкі львоў. Я жадаў бы туды зьезьдзіць – наведаць сваякоў!
– Данке! О, кумпаньства з Польскі!
– Эх, панове! Мы ж таксама маглі стацца імпэрыяй! Але нас загубілі дэмакратыя і п’янства! Пакуль мы пілі піва і балявалі ў сэйме, прыйшоў прускі жаўнер ды забраў карову! Потым прыйшоў рускі жаўнер ды забраў усё, нават пустыя піўныя пляшкі! Панове! Ахвяруйце пару грошай на сэкцыю ананімных алькаголікаў – патрыётаў Паўночна-заходняга краю!
– Дзякуй! Дзенькуе! Ешчэ Польска не згінэла!
– Тру-ту-ту-ту – ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!
– Мэрсі, наш прафсаюз занясе вас у сьпісы ганаровых мэцэнатаў!
– Медам, месье! Паглядзіце на гэты абрубак! Вы думаеце, гэта паўчалавек? Не! Гэта апошні звышчалавек, што застаўся на зямлі! Усяго за пару эўра вы можаце атрымаць асалоду ад ягонага выгляду! Пацешыць сваю пыху! Сказаць: «Вось як сканчаюць жыцьцё звышчалавекі! Самотныя, пакінутыя, у інвалідным вазку!» Але я сьмяюся вам у твар! І кажу: плаціце! Глядзіце! Атрымлівайце асалоду! І йдзіце да д’ябла – нікчэмныя! О Заратустра! О багі! Я, Гамлет, прынц дацкі, іду да вас!
– Гм… кхе, кхе… Штосьці такое патаснае я навярнуў?
Апошнюю мізансцэну ён прамовіў з адмысловым натхненьнем, па-тэатральнаму пышна, гучна, як зрабіў бы гэта сапраўдны драматычны актор, што выконвае ролю Гамлета ў нейкім прыстойным тэатры. Аднак ад усіх гэтых крыкаў і дэклямацыяў у горле Андрэ перасохла, і ён, дастаўшы невялікую пляшку віскі, зрабіў пару глыткоў. Толькі цяпер, ненадоўга ачомаўшыся, ён адчуў, як моцна зацеклі ногі. Яны сталі нібы два драўляныя палены. «Халера, трэба ўстаць і разьмяцца, а то з такой працай сапраўдным калекам станеш. Пара абвяшчаць антракт!» – вырашыў Андрэ і знайшоў поглядам Інгрыд, якая круцілася ў сквэры непадалёк. Перад тым, як накіравацца да яе, ён на разьвітаньне пракрычаў:
– Спадарства! Апошні шанец! Рабіце вашыя стаўкі! Праз хвіліну наш цягнік рушыць на Ўсход! У вас яшчэ ёсьць магчымасьць ускочыць у апошні вагон! Купляйце квіткі на цягнік, што адпраўляецца ў Краіну Шчасьця! Усяго два эўра! Не тармазіце! Нейкія два эўра! Падумайце, як мала трэба для шчасьця! Уявіце, як многа вы можаце страціць! Ту бі о нот ту бі!
– Дзякуй!
– Дзякуй! Вам пашанцавала!
– Данке шон! Мы бярэм вас у Краіну Шчасьця!
– Мэрсі! Вы ўратаваныя!
– Дзенькуе! Вы будзеце шчасьлівы!
– Тру-ту-ту-ту – ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!
– Ура! Цягнік па маршруце Аляксандарпляц – Краіна Шчасьця адпраўляецца!
З гэтымі словамі Андрэ схапіў зялёны фэтравы капялюш, кінуў яго ў мяшок, дастаў драўляныя калодкі і, адштурхоўваючыся імі ад асфальту, прыгаворваючы, «чух-чух, чух-чух, чух-чух», закульгаў-пакаціўся ў бок сквэру.
– Тру-ту-ту-ту— ту-ту, тру-ту-ту-ту-ту-ту!
– Ешчэ Польска не згінэла, покі мы…