Гэтым вечарам у маленькай майстэрні на чацьвёртым паверсе старога пачарнелага гмаху па вуліцы Араніенбургер было сьвята. Накрыты ў атэлье стол нагадваў парад усялякіх гастранамічных прысмакаў. Не сказаць, каб у ім удзельнічалі занадта дарагія стравы, але там прысутнічала шмат таго, што раней ніколі не наведвала сьцены гэтага сьціплага армейскага дому.
Як павялося, узначальваў парад маршалак – вялікі хрустальны графін, пазваны Хведарам на ўрачыстасьць з дальніх запасьнікаў атэлье. Маршалак цешыў вока не паходным віскі, а самай сапраўднай, засьнежанай, ільдзяной «Фінляндыяй». Першай лэдзі параду была далікатная панна ў ролі бутэлькі шампану, але ня нейкага там «Савецкага», а самага праўдзівага францускага. Далей шчыльнымі радамі йшлі дарагія сыры, японскія сушы, вяндліны, стронга, ехалі на браневіках, танкетках, талерках фінікі, ананасы, авакада, фейхуа, кацюшы з чырвонай ікрой, цяжкія гарматы-амары, сыстэма залпавага агню «Захер» – шакалядны торт з абрыкосавым начыньнем і многае, многае іншае. Вянчаў кампазыцыю стары сямісьвечнік, які пару гадоў таму Хведар набыў пры аказіі на бэрлінскім флюмаркце.
Невялічкая кампанія, што прымала парад, адзначала пачатак гастроляў сваёй маленькай трупы ў Бэрліне, дакладней, прэм’еру першага спэктаклю, якая прайшла ня проста пасьпяхова, але, так бы мовіць, пры поўным аншлягу. Выручка ад паказаў перавысіла ўсе чаканьні і склала аж болей за дзьвесьце эўра.
Удзень, скончыўшы выступ каля фантану, Андрэ даручыў заробленае калегам, крыху расьцёр зацеклыя ногі, падзаправіўся віскі ды пакаціў даваць новае шоў – бліжэй да тэлевізійнай вежы. Затым ён некалькі разоў зьмяняў дыспазыцыю, але паўсюль сустракаў шчырае спачуваньне публікі. Пад вечар агаломшаныя нечаканым посьпехам калегі падлічылі заробленыя за выступы грошы і на радасьцях вырашылі даць баль у гонар Мэльпамэны. Калі сьвяточны стол у майстэрні быў накрыты, Хведар, у добрым прадчуваньні па-кацінаму нешта мурлыкаючы, доўга церся каля банкету, мабыць абдумваючы першы тост, але нарэшце далікатна ўзяў маршалка за горла, зьняў зь яго маленькі крыштальны шалом ды, разьліўшы, прамовіў:
– Калегі, прапаную выпіць! Ура! – ён перакуліў чарку «Фінляндыі», прыцягнуў Андрэ да сябе, пацалаваў у шалом і дадаў: – Эх! Не перавяліся яшчэ звышчалавекі на нашай зямлі!
Затым, закінуўшы ў рот парачку самураяў, захоплена заўважыў:
– О! Якое цікавае спалучэньне! Гарэлка з сушы – трэба будзе запомніць!
– Выдатна ты сёньня граў! У табе, васпане, вялікі драматычны артыст прападае! А якія маналёгі! Вось, да прыкладу, гэты: «О нябёсы! Ці вядома вам, што значыць быць самазванцам? Абвясьціць сябе прынцам, Ілжэдзьмітрыем Трэцім, ды пайсьці на Маскву! Каб назло вашай волі карону ўзьняць!»
– Някепска, някепска! – працягваў Хведар, спрабуючы накалоць на відэлец амара. – Ведаеш, Андрэ, калі справы ў нас і далей так пойдуць, квіток да Магілёва табе ўжо не спатрэбіцца. Які дзіўны смак! Ніколі раней не спрабаваў!
– Я прапаную адмовіцца ад пачатковага лібрэта ды закруціць што-небудзь больш грандыёзнае! Ну, памяркуй сам, на храна табе цяпер квіток да Магілёва? Ня трэба ехаць ні на якія могілкі! Ні грошай, ні пашаны – толькі дарогі, смуродныя акопы ды артабстрэлы. Там ты нават ня леў. Не, ты, вядома, можаш лічыць сябе львом, але для ўсіх тамака ты памыйны кот!
– А цяпер ты, прынц дацкі, яшчэ прыпрэсься ў Магілёў у прускай кароне! Давай, Буян, налівай! Уяўляеш, як сустрэне цябе фатэрлянд і твае васалы?
– Так, бачу гэтую мізансцэну, – утруціўся ў размову Буян, – заходзіць прынц у віна-водачны бырла купіць, а ў чырвонаносых ёрыкаў, што тамака ў чарзе стаяць, – шок і сківіцы адпадаюць. А калі пачуюць, што ты яшчэ й па-беларуску размаўляеш, нават з гастраному выйсьці не дадуць – ахову паклічуць! На ўваходзе мянты рукі заломяць і скажуць: п’яная скаціна – нажорся і шалом з музэю скраў. Ты не забудзься, калі ў варанок запіхваць будуць, пракрычаць: Гіндэльстэрн і Разэнблюм! На дапамогу! Каб цябе яшчэ і жыдоўскай мордай аблаялі. А ў малпоўню кінуць – шалом усё роўна сілай здымуць, таму што ў малпоўні з «колюшчарэжушчымі прадметамі» нельга!
– Давайце, за прускі шалом! Адчуваю, прынясе ён табе альбо мір, альбо вайну, альбо посьпех, альбо разруху, альбо грошы, альбо з глузду зьедзеш зусім!
– Ну хаця б, – прыцмокнуў Буян, закусваючы важкім кавалкам ананасу, – ты, як чалавек нармальны, здымаў бы яго час ад часу. Надзяваў толькі на сьвяты – Дзень Перамогі, дваццаць трэцяга лютага, першага траўня альбо на Вялікдзень. Ну, у рэшце рэшт, на дзень народзінаў цешчы. Ізноў жа, у тралейбусе, калі кантралёра ўбачыш, у школу на бацькоўскі сход. Але ж ты ж убіў у галаву: не здыму ніколі! Ох, чакае цябе небясьпека ў Магілёве!
– Што вы раскудахталіся? Яшчэ мне Піфіі! – ня вытрываў Андрэ. – Якія ў вас прапановы?
– Вось! Прапаную наліць!
– Трэці тост хачу выпіць за Інгрыд! Вось бачыш, і нявеста тут у цябе ўжо ёсьць!