Ён уляцеў у арку на Энгельса і пабег праз двор да праходу насупраць. Пагоня неслася сьледам. Ён чуў за сьпінаю яе азартныя крыкі:
– Жвавы ганс трапіўся! Нічога! Не ўцячэ, тэўтон хрэнавы!
Двор быў бітма застаўлены аўтобусамі зь людзьмі ў чорных бронекамізэльках і з каскамі на галовах. З плошчы, што засталася ззаду, даносіўся гуд тысяч галасоў. З гукаўзмацняльнікаў грала «а я лягу-прылягу» і іншая вясёлая музыка, якую ўключылі адмыслова, каб заглушаць выступоўцаў, а мэгафоны ўжо які раз запар паўтаралі адну і тую ж фразу:
– Грамадзяне! Ваш мітынг несанкцыянаваны! Зараз жа разыходзьцеся! У адваротным выпадку ў дачыненьні да вас будзе ўжытая сіла!
Дабегшы да аркі, Андрэ нечакана наляцеў на бамжа, які выходзіў з падземнай прыбіральні, трымаючы ў руках дзьве торбы пустых пляшак. Адна зь торбаў выпала, і бутэлькі, бомкаючы, пасыпаліся на тратуар.
– Ах ты пэдэраст! – пачулася ўсьлед, але часу аспрэчыць гэтае сьцьверджаньне або ляснуць па пысе не было. Выскачыўшы на Леніна, Андрэ хацеў кінуцца да праспэкту, але ўбачыў, што яго ўжо ачапілі. АМАП двума шэрагамі перакрываў тратуар, не выпускаючы нікога з пляцу. Заставаўся адзін варыянт – бегчы ў бок Інтэрнацыянальнай. Галопам праскочыўшы па бульвары, ён вылецеў на рог ля гатэлю «Эўропа», але заўважыўшы, што ўся Інтэрнацыянальная застаўленая вялікімі зялёнымі грузавікамі з жаўнерамі, збочваць на яе ня стаў, а рушыў далей, у бок вуліцы Рэвалюцыйнай.
Каля ратушы ён кінуўся ўлева, перабегшы дарогу калёне вялікіх грозных машынаў. Гэта было мясцовае вынаходніцтва – аўтазакі, вязьніцы на чорных МАЗах. Яны прызначаліся для дэманстрантаў і зьяўляліся заўсёды, калі ў горадзе было неспакойна. На Рэвалюцыйнай Андрэ краем вока заўважыў, што пагоня крыху адстала. Тыпы ў шэрым стаялі на другім баку Леніна і чакалі, пакуль праедуць чорныя тупарылыя будкі.
Гэтая акалічнасьць давала невялікі запас часу. Ні жаўнераў, ні АМАПу, ні мінакоў у гэты момант на Рэвалюцыйнай не было відаць. Андрэ зразумеў, што можа скарыстацца з сытуацыі, даўшы нырца ў які-небудзь двор. Прабегшы яшчэ крыху, ён рэзка збочыў улева і апынуўся ў вузкім падворку між двума высокімі дарэвалюцыйнымі дамамі. Пабачыўшы ў канцы двара адчыненыя дзьверы, ён, ні сэкунды ня думаючы, спусьціўся па прыступках і, праскочыўшы караценькі калідор, апынуўся ў цёмным напаўпадвальным пакоі.
Сэрца шалёна білася, быццам спрабавала выскачыць з грудзей. Лёгкія прагна хапалі паветра, але ён усё роўна задыхаўся, як выкінутая з вады вялікая рыбіна, што ляжыць на пяску і бездапаможна рухае жабрамі, але ня можа пазбыцца ўдушша.
Крыху супакоіўшыся, Андрэ агледзеўся. Ён знаходзіўся ў невялікім пакоі бяз вокнаў зь невысокай пажоўклай стольлю. Са столі зьвісала лямпачка без абажура; хоць яна й давала крыху сьвятла, памяшканьне ўсё роўна здавалася цёмным. Ля сьцяны стаяў стары канцылярскі стол з крэслам, побач зь імі ляжалі кардонныя скрыні. У куце віднеліся дзьверы ў наступны пакой. Даўно не фарбаваныя сьцены былі пакрытыя мудрагелістымі разводамі ад вадзяных падцёкаў. Дзе-нідзе іх прыкрывалі плякаты з грудастымі дзеўкамі, кацянятамі ў кошыках, вазамі з садавіной і чамусьці партрэтам прэзыдэнта. Ён вісеў акурат над сталом і, раскінуўшы свае шыкоўныя вусы, ласкавымі аксамітнымі вачыма паглядаў на Андрэ.
Нечакана дзьверы ў суседні пакой адчыніліся, і зь іх выйшаў невысокі мужчына з залысінай на галаве, апрануты ў цёмна-фіялетавы працоўны халат. Убачыўшы Андрэ, ён зусім не зьдзівіўся, а толькі спытаў:
– Вы картрыдж запраўляць?
– Так, так! Я запраўляць картрыдж! Зараз, пачакайце, дайце аддыхацца! – з гэтымі словамі Андрэ прысеў на лаўку і ўтаропіўся ў процілеглую сьценку. Толькі цяпер ён заўважыў, што ў скрынках, вакол іх і наагул па ўсім памяшканьні ляжалі картрыджы. Некаторыя зь іх былі неверагодна вялікіх памераў. Андрэ не ўяўляў, што бываюць такія здаровыя картрыджы.
Тым часам мужчына ў халаце прысеў за стол і, больш ні на што не зьвяртаючы ўвагі, пачаў парадкаваць нейкія паперкі. Мінула хвілін дзесяць, а можа, пятнаццаць. Андрэ крыху ачомаўся. У пакоі стаяла ціша, вялізарныя картрыджы загадкава зіхацелі ў жоўтым сьвятле бляклай лямпачкі, і толькі шолах старонак зрэдку парушаў гэты дзіўны спакой. Аднак трэба было незаўважна адсюль выбірацца. Прыкінуўшы, што ісьці вуліцай цяпер небясьпечна – напэўна, пагоня дзесьці побач і шукае яго – Андрэ вырашыў пракрасьціся дварамі да Цэнтральнага вакзалу, сесьці там на тралейбус і даехаць да Ўсходняга, зь якога ідуць аўтобусы на Магілёў.
Ён выцягнуў з заплечніка недапітую ў Варшаве бутэльку крупніку, зрабіў некалькі глыткоў і, схаваўшы яе назад, падняўся з лаўкі:
– Да пабачэньня!
– Усяго добрага! Заходзьце да нас заўтра! – адказаў мужчына, не падымаючы галавы.
– Так, так, абавязкова зайду, – з гэтымі словамі ён выйшаў у двор, пералез празь невысокую цагляную агароджу і накіраваўся да падваротні, што выходзіла на Камсамольскую. Вакол было ціха. Адзінае, што трывожыла, – дзіўная бязьлюднасьць гэтай звычайна ажыўленай у такі час вуліцы.