Андрэ ўжо не азіраўся – ён ведаў: гэтыя два прывіды з вуліцы Маркса гоняцца за ім. Здавалася, варта азірнуцца – і проста перад сабой ён убачыць іх ашчэраныя, гатовыя ўчапіцца ў яго сабачыя пашчы.
Дабегшы да канца балюстрадаў, ён збочыў налева перад Вечным агнём, абмінуў Музэй Першага Зьезду РСДРП, і вось ужо ён ляцеў па вуліцы Камуністычнай у бок Чырвонай. Зьлева навісала змрочная грамадзіна бязьлюднага парку з гранітнымі берагамі ракі, што загадкава зіхцела ў сьвятле поўні. Мінакоў тут ужо не было. Ад гэтага Андрэ апаноўвавала яшчэ большая жудасьць. Ён бег па пустыннай вуліцы, асьветленай рэдкімі ліхтарамі і, здавалася, чуў за плячыма масянжовы грукат капытоў па бруку.
Да ратавальнага прытулку заставалася зусім няшмат. Толькі мінаваць палац Тэлебачаньня – грувасткі будынак з шасьцю эгіпэцкімі калёнамі, і наперадзе ўжо быў відаць шпіль дома на рагу Чырвонай – яшчэ адзін брат-блізьнюк, але ў адрозьненьне ад папярэдніх, зусім маленькі, амаль карлік. Хоць ён і ўзвышаўся на вуліцы ў поўны рост, разам са шпілем меў увышыню ня больш за сорак мэтраў.
Дабегшы да карліка, Андрэ збочыў направа і кінуўся да вялікай брамы з жоўтымі в
Сабраўшы апошнія сілы, у жаху і кашмары, ён пранёсься скрозь цемру, ускочыў у патрэбны пад’езд і празь некалькі імгненьняў ужо стаяў ля ратавальных дзьвярэй. Цяжка хрыпучы, задыхаючыся, чакаючы, што пагоня восьвось уварвецца на лесьвічную клетку, ён кінуўся званіць, барабаніць у дзьверы рукамі, нагамі і нават шпілем шалома. Калі ж нарэшце яны адчыніліся, ня кажучы ні слова, ён ускочыў у кватэру, грукнуў дзьвярыма і адразу замкнуў усе замкі, якія на іх меліся.
– Што здарылася? Ты ўляцеў, як ашалелы!
– Не пытайся нічога! За мною пагоня!
– Як! Няўжо вершнік на белым кані? – у хатнім атлясным халаце перад задыханым госьцем стаяў Ягор, гаспадар кватэры.
– Не! Два тыпы ў шэрых гарнітурах! Два прывіды з вуліцы Маркса! – тыцнуўшы Сьвятаполка мордай у дэрмантын дзьвярной абіўкі, Андрэ прыслухоўваўся да шоргатаў у пад’езьдзе. – Пайшлі ў пакой, можа, яны стаяць зараз пад дзьвярыма і слухаюць! Аднаго я сустрэў у начніку на Кірава. Адкуль узяўся другі, ня ведаю! Напэўна, чакаў яго на вуліцы! Ня маю паняцьця, хто яны такія і што ім трэба, але яны ішлі за мной ад самага вакзалу!
Ягор недаверліва паглядзеў на госьця, памаўчаў, а затым з іроніяй у голасе спытаў:
– Дык можа, гэта й былі Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс уласнай пэрсонай? Не зьвярнуў увагі, ці ня мелася ў гэтых спадароў дзьвюх шыкоўных бародаў? Толькі не разумею, чым ты мог ім так насаліць? Ты ж тыповы прадстаўнік прыгнечанай клясы!
– Сьцябацца надумалі, Ягор Мікалаевіч? А я ледзь у штаны не наклаў, пакуль да цябе дабег! – на кухні, крыху аддыхаўшыся, Андрэ выцягнуў з заплечніка пляшку «Белай Русі» і скамандаваў:
– Выцягвай шклянкі! Стрэс трэба зьняць!
– А!!! Цяпер я разумею, у чым рэч! Вядома ж, гэты прускі шалом! А ці ведаеце вы, Андрэй Міхайлавіч, як ставіліся Карл Маркс і яго верны паплечнік Фрыдрых Энгельс да германскага імпэрыялізму?
– Цудоўна ставіліся! Самі імпэрыялістамі былі! Лічылі, што місія немцаў – цывілізаваць славянскія плямёны. Пачытай Бярдзяева! А інтэрнацыянал – гэта так, інструмэнт.
– Ды ну! Ня можа быць! Вось я табе зараз зацытую!
Ягор выйшаў у пакой, неўзабаве вярнуўся з маленькай кніжкай і, адгарнуўшы, пачаў чытаць:
– Галоўны недахоп усяго папярэдняга матэрыялізму – улучна з фэербахаўскім – у тым, што прадмет, рэчаіснасьць, пачуцьцёвасьць бярэцца толькі ў форме аб’екта, або ў форме сузіраньня, а не як чалавечая пачуцьцёвая дзейнасьць, практыка – не суб’ектыўна. Адгэтуль і павялося, што дзейны бок, у супрацьлегласьць матэрыялізму, разьвіваўся ідэалізмам, але толькі абстрактна, бо ідэалізм, у прынцыпе, ня ведае сапраўднай, пачуцьцёвай дзейнасьці.
– Ну і прычым тут германскі імпэрыялізм?
– А чорт яго ведае! Я і сам не дапіраю! – адказаў Ягор. – Калі хочаш, пайду паклічу Карла і Фрыдрыха! Напэўна, яны зараз у пад’езьдзе: прыліплі вушамі да дзьвярэй і, пераплёўшы бароды, слухаюць, пра што мы гаворым! Хай растлумачаць, што яны тут панапісвалі!
– Хопіць крыўляцца! Мне зараз не да жартаў! Паслухай, я хачу памыць галаву. А то ўжо сьвярбіць нясьцерпна!
– Якія праблемы? Вунь ванны пакой – ідзі й мый!
– Але ты мусіш мне дапамагчы. Я павінен памыць яе, не здымаючы шалома!
Ягор зьдзіўлена зірнуў на госьця:
– Ня думаў, што тваё захапленьне германскім імпэрыялізмам зайшло так далёка! На гэты конт у Маркса таксама цытата маецца.
– Хопіць мне гэты імпэрыякрэтынізм чытаць! Не магу я яго зьняць! Гэта пытаньне жыцьця і сьмерці! Дай лепей шампунь і якую-небудзь клізму!
– Клізма ў мяне толькі літровая.
– Падыходзіць! Большай ня трэба!
Ягор дастаў з буфэта дзьве чаркі, расклаў на стале лёгкія прысмакі і, наліўшы гарэлкі, прамовіў: