– Так і запішам! Паступіў адказ, які трэба разумець як знак згоды!
Жудасьць і паніка ахапіла Андрэ. Ён пачаў хапаць з шафаў галовы звар’яцелых ад жаху выродцаў і кідаць іх пад ногі сватоў і нявесты. Апошняя рэч, якую ён шпурнуў, – электрычная плітка – паляцела ў бацюшку. Але той спрытна адмахнуўся ад яе мыліцай, і яна, стукнуўшыся аб бэтонавую апору маста, развалілася на часткі. Андрэ схапіў немавед адкуль паўсталую трысьціну Хведара Міхайлавіча і пачаў махаць ёю перад тварамі і пустотамі родных. Кола няўмольна сьціскалася. Адступаць не было куды. У жаху Андрэ заскочыў у сваю трухлявую цытадэль і замкнуў на засаўку дзьверцы.
Сэрца-птушка зноў білася ў ягоным мозгу. Цяпер яна павялічылася да памеру шафы і грукатала ў ёй, нібыта ў вялікай драўлянай клетцы. Раптам звонку ўсё сьціхла. Мінула доўгая бясконцая хвіліна.
– Тук! Тук! Тук!
– Хто там?
– Шалом!
– Не патрэбны мне ваш Шалом! Мой шалом у мяне!
– Сьвятаполкушка! – гэта быў голас старца. – Апошні раз па-добраму прашу! Здымі шалом! Не шукай новага жыцьця! Няма яго!
Андрэ маўчаў.
– Здымай шалом! Валенродзік дамарошчаны!
– Зубы пачысьці! Рэгістратар рагаты!
– Ах ты…
– Абвяшчаю вас мужам і жонкай! Цяпер можаце пацалавацца!
На вуліцы ізноў усё сьціхла. Толькі дождж паранейшаму шаптаў сваё манатоннае – шшшшшшшшшш-шшшшшшшшш…..
Раптам рэзкі глухі ўдар прабіў цішыню. З драўлянага нутра дзьверцаў выскачыла доўгае лязо касы і праткнула прыцемкі шафы зусім блізка ад твару Андрэ. У жаху ўскочыўшы, ён кінуўся да лазу, што вёў у наступную шафу. Каса вынырнула вонкі, але тут жа выскачыла ў іншым месцы, на шчасьце, нашмат вышэй за яго галаву. Аказаўшыся ў суседняй шафе, Андрэ выпрастаўся ва ўвесь рост і прыціснуўся да бакавой сьценкі. Наступны ўдар ізноў лёг зусім блізка. Андрэ ўпаў на дно і папоўз назад. У паніцы ён пачаў кідацца з шафы ў шафу. Але жонка з тупой упартасьцю дзіравіла яго маленькую цёмную прастору ўсё ў новых і новых месцах. Адзін з удараў амаль дастаў яго, але прыйшоўся па хвасьце Валенрода. Той завішчаў мэталічным звонам, і каса зноў выскачыла на вуліцу. «Божа! Якое ідыёцкае, бязглуздае вясельле!» – асуджана мільганула ў галаве. У поўным адчаі Андрэ лёг на дно спальнай шафы. Жонка, быццам адчуўшы яго паставу, утыкнула касу туды ж, але сантымэтраў на трыццаць вышэй. Наступны ўдар быў дакладнейшым. Заставалася сантымэтраў дзесяць. «Усё! Зараз мой!» – ён увесь сьціснуўся, прыгатаваўся. У галаве чамусьці прамільгнуў бар у Боне і кельнэрка ў вышываным пярэдніку з куфлем халоднага піва…
…Мінула сэкунда, дзьве, тры…
Раптам шафа здрыганулася і тузанулася кудысьці ўбок.
– Вось падла, цяжкая!
– Мыліцай! Мыліцай яе падчапі!
– Я табе пакажу гніду рагатую! З рота, бачце, у мяне сьмярдзіць! «Лакалютам» пачысьці! Я іх, на хуй, кожны дзень гарэлкай палашчу!
Шафа, скрыгочучы па бэтоне драўляным дном, рыўкамі рухалася ў невядомым напрамку, а з вуліцы даносіліся нейкія дзіўныя незнаёмыя галасы.
– Ну, бля, немчура, за казла адкажаш!
– Выродцам аднавокім мяне назваў, педэраст!
– Я пакажу, хто тут акупант і русішэ швайн! Ты ў мяне маскаля барадатага надоўга запомніш!
– Давай наверх шафу зацягнем! З моста скінем!
– Ды ну яго ў дупу! Надта цяжкая! Лепш з прычалу ў Дняпро кульнём!
Андрэ адчуў, як шафа нахілілася ды папаўзла кудысьці ўніз. Празь некалькі сэкундаў яна ўва штосьці ўперлася і замерла.
– Давай на рабро паварочвай! Кантаваць лягчэй, чым цягнуць!
– Зьнізу, зьнізу хапай! Падымай! Майна! Віра! Шафа павалілася на бок, затым паднялася на рабро і праз імгненьне стаяла ўжо на даху. Потым зноў упала на бок, зноў на рабро, на ногі, на бок, на рэбра, на дах.
– Во, сука прыдурашная! Сапраўдную бамбёжку ўчыніў!
– Колькі, падла, пустой тары пабіў! Тысяч на дзесяць!
– І дзе ён столькі галоваў набраў? Усіх засранец расхуячыў! Ледзь нагу мне не адбіў!
– Херам вузкавокім мяне абазваў! Развялося, бачце, кітайцаў з таннымі аднаразовымі фугасамі!
– І славяне яму не падабаюцца! Ну, ты ў мяне сёньня ў Дняпры, паскуда, паплаваеш!
Шафа паварочвалася на рабро, спадала на дах, станавілася на ногі. Андрэ круціўся, быццам вавёрка ў дурацкім коле, спрабуючы ўтрымаць паставу, каб не апынуцца да нізу шаломам.
– Худой клячай мяне абазваў! Морда не падабаецца! Іншую нявесту яму падавай! Добра, што адскочыць пасьпела! А то галаву прасам да бэтону так бы і прыхуячыў! На хрэн мне такі жаніх прыпадачны здаўся!
– Разьвялося, бля, адмарозкаў! Каскі тэўтонскія надзелі і ходзюць! Ужо нават ноччу пад мостам нельга спакойна выпіць!
– Культурны, сука, адпачынак у парку спаганіў! Цэлую бутэльку «Крыжачка» разьябошыў!
– Яшчэ крыху! Ну… яшчэ! Майна! Віра!
Шафа кульнулася апошні раз, упала на сьпіну і замерла…
– Давай з размаху на адзін, два, тры!