Каб унікнуць журботных думак, ён пачаў прыслухоўвацца да шэпту дажджу. Нічога новага сёньня ён не казаў. Гэтак жа, як учора і два дні таму, ён манатонна шамацеў сваё шшш-шшшшшшшшшшшшшшшшшшшшшшш…
Шшшшшшшшшшш-Шух-Шух-шшшшш… Андрэ напружыў слых. Яму падалося, што ў аднастайным гучаньні прысутнічаў яшчэ нейкі староньні, невядомы матыў. ШшшшшТук Шух Тук Шухшшшшшш Тук Шухшшшшшшшш…
Цяпер ён выразна чуў гэты чужародны дамешак. «Тук-шух-шух» відавочна быў нечымі крокамі… Андрэ прыўзьняўся і замёр. «Тук-шухшух» набліжаўся… Мінула пару хвілінаў, і ён быў ужо зусім побач. Нехта невядомы хадзіў каля шафаў… Цяер Андрэ чуў ня толькі крокі, але й цяжкое, з задышкай, дыханьне незнаёмца. Рука асьцярожна пацягнулася за кіем, прыхаваным пад матрацам. Ён напружыўся, затаіўся… Толькі танюткая сьценка фанэрных дзьверцаў аддзяляла яго ад нечаканага госьця…
– Тук! Тук! Тук! – Андрэ ледзь не падскочыў на месцы. Хтосьці зь іншага боку грукнуў тры разы па дзьвярах шафы проста перад ягоным носам. Ён сьціснуўся, як спружына, гатовая да стрэлу, але нічога не адказаў.
– Тук! Тук! Тук! – стук паўтарыўся.
– Хто там? – ціха спытаў Андрэ.
– Шалом!
– І вам шалом! Чаго трэба?
– Выйдзі! Пагутарыць трэба! – данёсься з таго боку хрыплаваты голас.
Андрэ прыадчыніў дзьверцы шафы і асьцярожна высунуў свой шалом на вуліцу. Перад ім у цемры стаяў на мыліцах аднаногі стары. Сказаць, што выгляд ён меў страшэнны, было б няпраўдай. Ён быў жахлівы настолькі, што ў гэтым жаху зьяўлялася нейкая неспасьціжная гармонія. Твар старога нёс сьляды вялікага апёку. Замест левага вока з-пад броваў блякла зіхацела пустое сьляпое бяльмо. Чымсьці ён нагадваў патрапанага вайной і мірам Льва Талстога. Яго даўгія сівыя валасы і велізарная барада спускаліся на белую касаваротку, падпярэзаную простай пяньковай вяроўкай. Суворым самотным вокам падрапаны леў пранізьліва глядзеў ва ўпор на Андрэ…
Тут жа зразумеўшы, хто перад ім, крыху зьбянтэжаны, ён вылез з шафы і з пашанай прамовіў:
– Шалом вам, Стваральнік! Не чакаў тут Вас убачыць! Хаця, па шчырасьці, менавіта такім і ўяўляў. Праўда, ня думаў, што Вы яшчэ й бязногі!
– А нагу Яму стварэньні няўдзячныя адарвалі! Пакрыўджаныя яны на Яго! – азвалася нечакана за сьпінай. Андрэ павярнуўся.
Крокаў за дзесяць, у праёме моста, стаяў невысокі вузкавокі мужчына ў спартовым касьцюме з элегантнай клюшкай для гольфа ў руках. На выгляд яму было гадоў пяцьдзясят пяць. Пешчаны, дагледжаны твар, чорныя, відавочна фарбаваныя, зачэсаныя назад з брыналінам валасы, зграбныя тонкія вусікі, пякучы погляд выдавалі ў ім састарэлага плэйбоя, які калісьці быў сапраўдным, тым яшчэ мача. На галаве джэнтэльмэна красавалася чырвоная бэйсбольная кепка з амэрыканскім сьцягам замест кукарды.
«Дзіўна, – падумаў Андрэ, – ня ведаў, што чэрці бываюць катайцамі», – і ўголас прамовіў:
– І вы тут! Хер, як вас там, пан Люцыпар! Стваральнік зрабіў два аднаногія крокі насустрач і прамовіў асіплым басам:
– Ну што, Андрэй? Нагуляўся ў вайну? Час табе да міру вяртацца! Здымі шалом з галавы!
– Ня слухай гэтага стваральніка выродцаў! Можаш увогуле пагнаць яго прэч! Твая вайна яшчэ ня скончылася!
Старац кінуў на кітайца гнеўны позірк і, пагрозліва махнуўшы мыліцай, прамовіў:
– Сам ідзі прэч! Чаго прыпёрся! Разьвялося вас, чарцей! Праходу няма! У кожную шчыліну нос сунеце!
– Ой-ой-ой! Напалохалі, дзядуля! Тварэньні Вашыя адно вока Вам ужо выбілі! Будзеце на іх наяжджаць – і апошняй нагі пазбавяць! Скончыўся Ваш час! Ствараць выродцаў яны і бяз Вас навучыліся! Вунь на шафы зірніце – колькі адтуль вар’ятаў на Вас лыбяцца! Для іх ён – Бог! – кітаец тыцнуў у бок Андрэ клюшкай. – Над імі той улады, што раней, Вы ўжо ня маеце! Не зьдзіўлюся, калі хутка ўвогуле бяз ног ды з драўлянай рукой на вазку будзеце езьдзіць!
– Сэр, – нечакана заступіўся за старца Андрэ. – Ды й вы, хоць маладзіцеся, сівізну падфарбоўваеце, але сілёнкі таксама ўжо ня тыя, што раней!
– А ты наогул заткніся! Імпэрскіх ільвоў на галаву надзеў, а на што ты здатны? Які ты леў? Нават мост узарваць ня можаш! Я ж табе такую ідэю падкінуў! А ты што зрабіў! Дошку гонару ля брамы аўтабазы заваліў! І ўсё?
Чорт зрабіў некалькі крокаў насустрач.
– Якая карысьць, што ты пустыя трохлітровыя слоікі сабраў? А трытуолам напакаваць? А ручку пякельнай машынкі павярнуць? Сілёнак бракуе?
Як ты быў няўдачнікам, так і застаўся! Так што здымай шалом і ўбірайся назад да выродцаў!
– Ён цябе спэцыяльна спакушае! Не жадае, каб ты шалом здымаў. Хоча, каб далей у вайну ты гуляўся! Ня слухай яго! А лепш па-добраму здымі шалом! Які сэнс у тваёй вайне?
– Сэнс? А што ж Вы, Стваральнік, выродцаў стварылі, а сэнс для іх прыдумаць забыліся? – Андрэ зірнуў у бяздоннае вока Старца. – У чым сэнс гэтага сьвету, калі канчаецца ён усё адно пустатой?