Хто пісаў гэтыя радкі? Няўжо гэтае шматслоўе ўжо ператварылася ў нацыянальную літаратурную манеру? Ці мы бачым тут Пільняка, які крытыкуе Пільняка? Не маем адказа! Ведаем, што «рэдактар выдавецтва з трох літараў» палічыў дэбютны раманчык нашага Іванкі настолькі смешным, што выклаў гісторыю свайго ліставання з Пільнячком ва ўласным эдытарскім блогу, дзякуючы чаму мы цяпер ведаем, як пачынаўся гэты пісацелішча.
Цытуем далей нашую энцыклапедыю заганаў: «У адказ на „эхи“ Ян-Іван атрымаў ліст, у якім слушна заўважалася, што прырода ягонага даравання ў агульных рысах нагадвае дараванне Барыса Пільняка. Аднак часы цяпер не тыя і лепей было б паспрабаваць сябе ў жанры гістарычнага хорару. Пакуль Янік спрабаваў сябе ў жанры гістарычнага хорару, рэдактарскі допіс у блогу прачытаў вядомы ліберал Святаслаў Гельцэрмахер, аўтар жорсткага палітычнага баевіка „Берёза“, у якім на метафарычны двубой з Пуціным выходзіць раслінны свет вялікай краіны. Як большасць расейскіх лібералаў, Гельцэрмахер быў прыхільнікам вялікай і моцнай Расеі, а таму яму спадабалася дакладнае разуменне „мальчыкам з Беларусі“ той ролі, якую адыгрывае беларуская мова ў сям’і ўсходнеславянскіх дыялектаў.
Святаслаў узгадаў Яніка ў адным са сваіх шматлікіх тэлевізійных інтэрв’ю, і гэта ўжо было сур’ёзна: трэба было тэрмінова друкаваць „мальчыка“, каб медыйны эфект паспеў адлюстравацца на памерах продажаў. Выдавецтва з трох літараў ціснула „Несвижские эхи“ накладам пяцьдзесят тысячаў, што ў старым савецкім свеце адпавядала б цвёрдай вокладцы і сяброўству ў Саюзе пісьменнікаў. Ян да таго часу ўжо адаптаваў „эхи“ пад запыты рынку, запаланіўшы вуліцы Нясвіжа ажно да ратушнай плошчы, на якой ля крамы „Сноў“ размясціліся намёты спецназу, замбякамі, што паўсталі з магільных скляпоў Радзівілаў. Ачольваў натоўп вялізны орк з прозвішчам Радзівіл Сіротка: мерцвякі рушылі наперад, але пасля бітвы пад Воршай, на якую супрацьстаяць натоўпу беларускіх дохлых шляхціцаў былі кінутыя ўзброеныя сілы Саюзнай Дзяржавы Расіі і Беларусі, былі загнаныя пад зямлю. Укушаны за абцас Чорнай Паннай Нясвіжа камандзір расейскага спецназу абдымае свайго беларускага калегу, яны зліваюцца ў пацалунку, а сонца коціцца за гарызонт, і зразумела, што Янка можа за кароткі тэрмін нахерачыць яшчэ і „Несвижские эхи-2“, у якім бойку са спецназам будуць весці працятыя старажытным беларускім праклёнам абцасы. Аднак раман атрымаўся настолькі дрэнным, што нават паўторная ўзгадка пра „беларускага хлопчыка Пільняка“ Гельцэрмахерам не дапамагла. У Беларусі Пільняк мільгануў у буйных газетах, было адзначана, што гэта першы поспех беларускага празаіка ў расейскай літаратуры, папярэдні наклад быў 45 тысяч, чакаем новых рэкордаў. Акудовіч тлумачыў, што гэта не літаратура, і ён пра яе нічога казаць не будзе».
Вы можаце запытацца, якога ражна я так падрабязна распавядаю тут пра другараднага літаратара, навошта шараговаму чытачу ведаць пра першацветы Івана Пільняка. Аднак зразумейце, людцы, гэты чалавек — асноўная прычына ўсяго таго, што здарылася са мной. Ён — галоўны герой рамана «Сцюдзёны вырай», які зрабіў для сюжэта значна больш, чым я ці небарака Вілаў.
Чытаем «Срут» далей: «Пільняк напісаў другі раман, гэтым разам — пра крыж „Евфросинии Полоцкой“: на метафізічным узроўні тут панавалі вампіры, на сюжэтным — выкраданне крыжа маладым Брэжневым, на ідэйным — паданне пра тое, што Полаччынай заўсёды будзе валодаць тая дзяржава, якой належыць крыж. І што пасля таго, як Брэжнеў з вампірамі захапілі крыж, смактаць кроў з Беларусі і Полаччыны павінна Расея. Рукапіс быў адрэцэнзаваны ў „Русском журнале“ Глебам Паўлоўскім, які заўважаў „тонкі геапалітычны сімвалізм“ гэтай гісторыі, замаскіраванай пад „трэш-літаратуру“. Але замаскіраванасць гэтым разам выйшла настолькі ўдалай, што „Сокровище Преподобной“ выдалі ў мяккай вокладцы, з цыцкастай бабай у манаскай спадніцы: аголеныя цыцкі дазвалялі зрабіць выснову, што пад „сокровищем“ разумеецца пэўная фізіялагічная адметнасць „преподобной“, што знаходзіцца менавіта пад спадніцай, якую дзяўчо прыціскае да каленяў крыжом.