Ён бы не пайшоў сёння на гэту копанку пасля ўчарашняй сутычкі, але яму неабходна было налавіць сёння вось такіх вялікіх карасёў, увогуле многа рыбы. Бо на астравы без хлеба не пойдзеш. Таму і прачнуўся, бы ад штуршка — «трэба». Быў яшчэ досвітак. Нэла салодка спала. Ён прыкрыў яе — ранак быў золкі. Узяў вуду, жменю круп, адвараных учора звечара на вогнішчы каля будана.
Пільна паглядваў на паплавок і адначасова прыслухоўваўся. Ведаў, не даруюць яму ўчарашняга гэтыя вяскоўцы і калі не сёння (сёння то наўрад), то заўтра будуць яго тут пільнаваць. Ну, заўтра яго тут не будзе. Яму б сёння цэлым застацца. Што дрэнна — з гэтага месца кустоўе закрывае вёску, не відаць, ідзе хто да копанкі ці не.
Паплавок з гусінага пяра ўздрыгнуў, не, нават толькі варухнуўся. І тут жа пакрысе стаў уздымацца над вадой — вышэй, вышэй… А потым зваліўся і лёг сабе на ваду, нерухомы, звялы.
— Цягні!
Крык раздаўся, здавалася, над самым вухам. Гэта быў не крык сябра, заклапочанага, перажываючага за цябе, каб ты ў час падсек, — гэта быў крык з’едлівы, насмешлівы, крык, каб спужаць, каб, наадварот, сарвалася вялікая рыбіна.
Яна і сарвалася — вялікая рыбіна, узляцела ўслед за рыўком над вадой, паказала свой бліскучы мокры бок і звонка плюхнулася назад у ваду, пэўна ж, ашалелая ад таго, што з ёй здарылася. Усё гэта Сяргей бачыў толькі краем вока, бо імгненна крутнуўся на гэты крык, адначасова тузаючы вуду, падпарадкаваны гэтым гіпнатызуючым крыкам «Цягні!»
Эдзік стаяў злева, усміхаўся, толькі ўсмешка яго была хіжая, драпежная ўсмешка, а вочы — як у ката, які прыціснуў лапай мыш — не да смерці, а так, каб толькі не ўцякла.
Віцька — у двух кроках ад Эдзіка, справа. Ён не ўсміхаўся. У вачах гарэла злосць, нічым не прыкрытая, сапраўдная злосць. Сінюшныя плямы пад вачыма, якія распаўзаліся ад крыху прыпухлага носа, надавалі яго твару страшнаваты выгляд.
Сяргей зразумеў, што марудзіць нельга, нельга разважаць. Ён ірвануўся, як падказвала яму інтуіцыя не ўбок ад сваіх ворагаў, а паміж імі. Але Эдзік, калі ішлі да копанкі, і гэты варыянт Віцьку растлумачыў. Ён увогуле ўсё, так мовіць, прапрацаваў, рыхтаваўся, як да сапраўднага палявання. Хто і куды будзе біць ці падстаўляць нагу ў залежнасці ад таго, куды пабяжыць Сяргей — усё ён размеркаваў…
Сяргей ірвануўся — і імгненна ў вачах успыхнулі сотні белых зорачак. Болю ён не адчуў, толькі тупы ўдар у твар прыпыніў яго рывок. Гэта Эдзік дзейнічаў па плану: рывок Сяргей між імі, то ён з правай б’е яму ў твар. Потым — Віцька з левай — пад дых. Сяргей хакнуў, ён не быў гатовы і да гэтага ўдару. Віцька, што называецца, прабіў прэс — паветра адным рыўком вылецела з грудзей Сяргея, а ўздыхнуць не было магчымасці. Сяргею б момант які, ён то ведаў, што трэба не хапаць паветра, калі ўдарылі пад дых, а наадварот — выдыхваць апошняе і толькі па ледзь-ледзь заглытваць свежае. Ён сагнуўся, спадзеючыся, што яму дадуць хоць колькі секунд. Але наступны ўдар абрушыўся на шыю — зноў па плану, біў Эдзік.
Сяргей упаў на калені.
На гэтым раней абгавораны план закончыўся.
«Нам бы яго толькі зваліць з ног,» — казаў Эдзік.
Звалілі. І далей не па плану — Эдзік коратка размахнуўся, ударыў нагой, абутай у мокры і мяккі ад расы красовак. Ударыў у твар.
Сяргей зноў не адчуў болю. А можа, калі рыхтуешся да болю, то болю і не адчуваеш? Толькі галава матлянулася ўверх і ўлева, а з носа на грудзі пабеглі цёплыя ручайкі.
— На яшчэ! — крыкнуў Эдзік, і красовак на гэты раз балюча, вельмі балюча тыцнуўся ў жывот.
Ужо не белыя зорачкі, а чырвоная пляма ўспыхнула перад вачыма, потым залезла ў жывот і неміласэрна стала пячы там, прымусіла сціснуцца, сабрацца, скруціцца, і не было ні берага, ні хлопцаў гэтых, ні рыбы — была гэта вогненная чырвоная пляма ў жываце, якая распаўзалася па ўсім целе.
— Га! З’еў! — зноў закрычаў Эдзік. — Ты каго, дзярмо інтэрнацкае, стукнуў? А?
Ён стаў абходзіць Сяргея, які скурчыўся, схаваў жывот, выстаўленымі локцямі прыкрыў твар.
— Хопіць з яго, — хацеў прыпыніць Віцька Эдзіка.
Злосць у яго прайшла, нешта вельмі непрыемна было глядзець на ляжачага Сяргея.
— Яшчэ дабавім, — Эдзік злаўчыўся, стукнуў нагой, імкнучыся праз складзеныя локці дастаць твар Сяргея.
— Ды не бі ты нагамі, — паморшчыўся Віцька.
— Што, у вас тут чэсныя бойкі, га? — пакпіў Эдзік. — Адзін на адзін, га?
І ў гэты момант ранішнюю цішыню разрэзаў тонкі адчайны крык, крык страху і болю. Так магло крычаць толькі дзіця, даведзенае нечым да жудасці, смяротна напалоханае.
Да іх бегла Нэла.
Бегла і крычала, крычала і бегла.
І Віцька, і Эдзік уздрыгнулі, у нейкі момант ім абодвум падалося, што яны зрабілі нешта непапраўнае, забілі насмерць, а гэтае нямко ўжо аплаквае свайго брата.
Страшна крычала Нэла.
— Пайшлі! Бяжым — раскажа! — раптам ірвануўся ўбок Эдзік.
І яны пабеглі, забыўшыся, што Нэла нікому нічога расказаць не зможа і што ўвогуле некаму расказваць — хто будзе заступацца за Сяргея? Не прымак жа…