Убачыўшы, як той накіроўваецца да Басі, Міхал перагарадзіў яму шлях. Мужчыны павыхоплівалі з похваў мячы. Міхал таксама выхапіў меч і пачаў адціскаць супраціўнікаў ад Басі. Яна ўскочыла са свайго месца і, з жахам назіраючы за сутычкай, уціснулася ў сцяну. Юнак, не адступаючы ні на крок і з роспаччу змагаючыся з разбойнікамі, спрытна ўпраўляўся з мячом і парыраваў кожны іх выпад. Раптам Бася ўбачыла, як завадатар разбойнікаў абыходзіць Міхала, каб зайсці да яго са спіны. Не думаючы ні хвіліны, дзяўчынка схапіла цяжкую чыгунную патэльню з яечняй, ускочыла на лаву і з усяе сілы абрушыла яе на галаву супраціўніка. Па ўсёй зале прагучаў звон. Цела бандыта абмякла, і ён як сноп паваліўся ля Басіных ног. На яго твар пляснуліся рэшткі яечні. На імгненне астатнія мужчыны спынілі сваю сутычку і са здзіўленнем азірнуліся на дзяўчынку. Яна крыкнула нейкі неверагодны ваяўнічы кліч і, натхнёная перамогай, кінулася на астатніх ворагаў. Тыя стаялі ў разгубленасці, паапускаўшы зброю, і вытарашчваліся то на свайго пераможанага завадатара, то на Басю, якая, трымаючы патэльню наперавес, неслася на іх з вар’яцкім лямантам і перакрыўленым тварам. Першым апамятаўся Міхал. Калі Бася падбегла да яго, ён выхапіў у яе з рук патэльню і крыкнуў:
– Бяжы да коней!
Працяўшы аднаго супраціўніка мячом у грудзі, а другога наводліў выцяўшы па твары патэльняй, юнак кінуўся следам за дзяўчынкай. Яны на хаду ўскочылі на коней і віхурам панесліся са стайні, пусціўшы коней наўгалоп, каб не страчваць ні хвіліны. На шчасце, ізноў крыху падмарозіла, што значна аблегчыла вершнікам дарогу. Адарваўшыся ад супраціўнікаў на даволі вялізную адлегласць, Міхал палічыў неабходным збочыць з галоўнага шляху.
– Калі пагоня будзе працягвацца, нас так даўжэй будуць шукаць, – патлумачыў ён.
З-за таго што ўжо зрабілася змрочна і рухацца хутка было небяспечна, падарожнікі пусцілі коней крокам.
– А ты бачыў, як я аглушыла таго разбойніка?! – з захапленнем усклікнула Бася. – Здорава я прыдумала, праўда? Падкрасціся да яго ззаду і агрэць патэльняй! Дарэчы, ты бачыў, што ён заходзіў да цябе са спіны?
– Калі шчыра, дык не, – прызнаўся Міхал. – Баська! Атрымліваецца, што ты мне жыццё выратавала!
– Ды годзе, – прамовіла задаволеная Бася і фанабэрліва задрала галаву, але ў наступны момант з жахам у голасе спытала: – Міхалачак, гэта што ж? Я яго забіла?
– Ці ты, ці цябе, – сувора прамовіў Міхал.
– Не, пачакай, я чалавека забіла? Які жах, я ж зараз забойца!
– Так! Дрыжыце, разбойнікі, да вас набліжаецца Баська – бязлітасны душагубца! – злавесна прамовіў юнак і зарагатаў.
– Ну вось як ты толькі можаш рагатаць? – пакрыўджана прабурчала дзяўчынка. – Я ў першы раз забіла чалавека, а ты… – махнула яна на Міхала рукой.
– Трэба ж калісьці пачынаць! – непарушна адказаў юнак.
– Міхал!!! – дакорліва ўсклікнула дзяўчынка.
– Ты што, сур’ёзна думаеш, што забіла яго? Ну што ты, Бася, у лепшым выпадку – на некалькі гадзін аглушыла. І чым мацней ты яго выцяла, тым лепей для нас.
Бася ўзрадвалася сваёй бязвіннасці і, супакоіўшыся, далей рушыла ў дарогу.
Праз некалькі гадзін яны нарэшце выехалі да чарговай вёскі. Ні ў адным акенцы не гарэла агеньчыку, і Міхал з Басяй вырашылі заначаваць у сушні, каб нікога не турбаваць. Яны далі коням корм, а самі размясціліся на мяккім сене.
– Вось цікава, хто стаіць па-за Годыеўскім? – ціха прамовіў Міхал.
– Пра што ты? – не зразумела яго дзяўчынка.
– Ну не зусім жа ён дурны, каб так вось знянацку сварыцца з Радзівіламі! Нехта ім кіруе. Ведаеш, колькі людзей спяць і бачаць, як пана князя Мікалая пазбавіць улады і ўплыву на караля?
Бася пакруціла галавой.
– Сотні. А мабыць, і больш. Вось яны і жадаюць неяк прынізіць яго. Ведаць бы толькі, хто?
– Ну, Годыеўскі ж нехта накшталт набліжанага да каралевы Боны, – нагадала яму Бася. – Яна ж надта моцна не любіць цяперашнюю каралеву.
– Ты думаеш, гэта яна? Не, Бася, каралеву Барбару не любіць уся Карона.
Дзяўчынка журботна ўздыхнула, апусціўшы галаву на рукі.
– Усё ж такі добра, што княгіня Альжбэта дапамагла нам уцячы.
– Так, добра, ды толькі нам пашчасціла, што ў Годыеўскага ніякіх папер з сабою не было. Калі б ён прынёс дазваленне на арышт, пані княгіні прыйшлося б выдаць цябе яму, як бы добра яна да цябе ні ставілася. Радзівілы не тыя людзі, каб ахвяраваць сваёй рэпутацыяй і ўладай дзеля прыдворнай. Гэта, вядома, вельмі крыўдна, але ўсё ж такі гэта так.
– А чаму тады ён не меў папер?
– Напэўна, ніхто не надумаўся іх падпісаць. Нанесці абвінавачванні прыдворным пана князя Радзівіла – гэта нібы нанесці абвінавачванні яму самому. Ды і пані княгіня Альжбэта – полька, яе бацька – канцлер Кароны. Годыеўскі, хутчэй за ўсё, жадаў зрабіць усё ціха.
– Ну, няўжо ён думаў, што яго мізэрныя пагрозы напужаюць княгіню? – абурылася Бася.
– Мабыць, – прамовіў Міхал. – Мусіць, ён лічыў, што яны не пажадаюць лішняга тлуму ў сваім доме. Ды хто ведае, што ён там думаў? Годыеўскі не з тых людзей, у чыіх справах можна лёгка разабрацца. Заўсёды ён цямніць і інтрыгі пляце.
– А ты ўжо даўно яго ведаеш? – спытала дзяўчынка.
– Так… – працягнуў Міхал і нахмурыўся.