Бася толькі раскрыла рот, каб сказаць, што ў яе ёсць тая вопратка, якую ёй даў Міхал, але, злавіўшы хуткі позірк юнака, прамаўчала. Прыйшлі слугі. Міхал дапамог дзяўчынцы ўзняцца з падлогі, дзе яна дагэтуль сядзела, і Бася, узяўшы адзенне, паспяшалася ў свой пакой.
Як толькі яна ўвайшла, да яе кінуліся ўсхваляваныя Зося і Ануся.
– Басенька, што здарылася? Чаму забралі Крысціну? Што робіцца? – у адзін голас пачалі пытацца паненкі.
Бася пачала моўчкі збіраць свае рэчы.
– Што ты робіш? Куды ты збіраешся?
Дзяўчынка зразумела, што ёй усё роўна прыйдзецца распавесці сяброўкам, што адбываецца. Павярнуўшыся да іх, яна сцісла прамовіла:
– Мяне абвінавачваюць у вядзьмарстве супраць каралевы.
Ад нечаканасці Зося і Ануся ўскрыкнулі і, падбегшы да Басі, загаласілі:
– Але ты ж не вядзьмарка! Як цябе могуць абвінавачваць? Ты ж нічога не зрабіла…
– Басенька, гэта ж няпраўда! Гэтага не можа быць!
– Зразумела, не можа! – усклікнула дзяўчынка. – Мяне абылгалі.
– Хто? – адначасова спыталі сяброўкі.
– Кшыся распавядала свайму кавалеру ўсё, што толькі магла ўбачыць і пачуць тут, і пра мяне таксама… – яна на секунду замаўчала, не ведаючы, ці казаць ім пра свае прадказанні. – Карацей, ён вырашыў, што я вядзьмарка, і сёння прыйшоў па мяне.
На шчасце, Зося і Ануся не звярнулі ўвагі на тое, што Бася не сказала пра самае галоўнае.
– Але навошта яму паклёпнічаць на цябе? Хто ён наогул?
– Станіслаў Годыеўскі. Паненкі ахнулі.
– Гэта ж з-за яго ты тады звалілася з каня, – прыгадала Зося.
– Табе трэба зараз жа ратавацца! – урэшце зразумела Ануся.
Паненкі кінуліся дапамагаць сяброўцы са зборамі. Зося нават пабегла на кухню, каб сабраць Басі ў дарогу якой-ніякой ежы. Дзяўчынка пераапранулася ў мужчынскае адзенне, павесіла збоку кінжал, які падарыў ёй Міхал, і пачала развітвацца з сяброўкамі. Абдымаючы на развітанне Басю, Ануся і Зося расплакаліся.
– Ты толькі будзь асцярожная. Не патрап у ліха.
– Ды я ўжо патрапіла, – горка ўсміхнулася дзяўчынка.
– Пастарайся хутчэй паехаць. Мы будзем маліцца, каб ты спакойна дабралася да Літвы!
– Бася, мы, як толькі вернемся, адразу адшукаем цябе. Самае галоўнае, каб з табой усё было добра.
– Што зараз будзе?! Кшыся пад арыштам, ты едзеш, – усхліпвала Зося. – А мы ж так добра бавілі разам час!
– Нічога, хутка ўсё зноў будзе добра, – запэўніла яе Бася.
– Ты вернешся? Я маю на ўвазе, мы ж потым сустрэнемся, праўда? – з надзеяй спытала Ануся. – Бась, абяцаеш?
Зараз Бася не ведала, што адказаць сяброўкам. Яна адчула, што ў яе самой на вочы наварочваюцца слёзы.
– Абяцаю! – усміхнулася яна і, у апошні раз абняўшы іх мацней, накіравалася да дзвярэй.
На двары рэзідэнцыі яе і Міхала ўжо чакаў крыты воз. Яны схаваліся сярод куфраў, якія ўжо даўно былі пазбіраныя да ад’езду княгіні з Кракава. Ззаду воза былі прывязаныя два кані. Воз суправаджалі некалькі жаўнераў з варты Радзівілаў.
– Вы тут пасядзіце ціхенька, пакуль мы не выедзем з горада, – папярэдзіў адзін з іх, завешваючы за імі ўваход.
Увесь шлях Міхал і Бася сядзелі сярод куфраў, затаіўшы дыханне. Кожны раз, калі іх невялікая працэсія спынялася, каб прапусціць кагосьці на дарозе, ад страху лоб дзяўчынкі пакрываўся потам. Ёй здавалася, што яны едуць надта павольна і пры кожным прыпынку страчваюць безліч часу. Хістаючыся ў вазку па брусчатай дарозе, Бася раз-пораз балюча білася аб вострыя рагі куфраў. Ад болю дзяўчынка толькі цяжка ўздыхала і моршчылася, усё намагаючыся разгледзець у цемры твар Міхала, які гэтак жа, як і яна, моўчкі сядзеў у сваім куце. Калі яны дабраліся да брамы Кракава, Бася пачула галасы гарадскіх вартаўнікоў:
– Хто едзе?
– Мы з Радзівілавай світы, – адказалі ім жаўнеры. – Яе Мосць пані княгіня Альжбэта загадала везці рэчы назад у Вільню.
Воз выехаў за браму. Бася з палёгкай уздыхнула.
За горадам ехаць зрабілася яшчэ цяжэй. Пачыналася адліга, дарогу надта развезла. Воз тросся і гайдаўся ў розныя бакі, прымушаючы Басю ўвесь час наторквацца на куфры. Урэшце невялікая працэсія спынілася і жаўнеры адкінулі полаг, які закрываў воз.
– Выходзьце.
Міхал першы вылез з воза і спыніўся, каб дапамагчы саскочыць Басі. Вохкаючы і крэхчачы, яна з цяжкасцю выбралася вонкі, паціраючы здранцвелыя і выцятыя месцы. Міхал дапамог Басі ўзлезці на каня, і, развітаўшыся з жаўнерамі, яны рушылі ў дарогу.
Міхал ехаў моўчкі, засяроджана пазіраючы наперад. Бася намагалася трымацца ўпоравень з юнаком, але яе конь коўзаўся і гразнуў у брудзе. Дзяўчынка, не кідаючы падганяць яго, намагалася зазірнуць юнаку ў твар. Міхал заўважыў яе хітрыкі і строга зірнуў з-пад злосна нахмураных броваў. Бася жаласна ўсміхнулася.
– Няма чаго тут усміхацца! – буркнуў юнак і прышпорыў каня.
Бася ўзрадавалася, што ён нарэшце пачаў гаварыць, і стала вініцца ў Міхалаву спіну, якая гайдалася наперадзе.
– Міхалачак, ну я ж усё разумею – я вінаватая і мне няма даравання! Ты толькі не маўчы, калі хочаш – палай мяне, накрычы. А то я не магу, калі ты маўчыш і злуешся на мяне! Я ж усё разумею, я табе ўсё сапсавала: і кар’еру тваю, і князь, напэўна, узлаваўся на цябе…