Дысцыпліна ў гарнізоне ўсё-ткі мела прарэхі... Нанач накрыўку з грубых дошак над адтулінай, што вяла ў Карусёву вязніцу, проста прывальвалі тоўстым бервяном, нарыхтоўкай для будучага механізма пад’ёмніка, якое валялася тут жа.
Акрамя адтуліны, праз якую госці вылезлі наверх, збоку пляцоўкі спускалася ўніз дыхтоўная каменная лесвіца. Праз колькі прыступак яна ўпіралася ў жалезныя дзверы, прыробленыя абы-як, паміж металёвым вушаком і цагляным мурам пальцы ўсунеш. Калі прыслухацца, унізе чуваць галасы жаўнераў. Ну, хай іхняя гульня будзе як мага больш захапляльнай.
З вышыні будоўля яшчэ больш нагадвала мурашнік. З усіх бакоў капалі каналы, якія мусілі напоўніцца вадой з ракі.
— Ну і як адсюль уцякаць? — забедаваў услых Вырвіч. — Нат калі выберашся з вежы незаўважна — перастрэнуць.
— Перастрэнуць, пан Вырвіч. Апрабавана, — глуха пацвердзіў Карусь. — I сабак па начах бегаць выпускаюць. Каб дазвалялі мне з імі важдацца — прыручыў бы. А так...
Хлопец міжвольна пацёр сцягно. Пранціш западазраваў, што там — сляды сабачых зубоў.
Па сінім пастаральным небе прагульваліся бесклапотныя хмаркі, якія немагчыма было ані прыціснуць каменем, ані навязаць на ланцуг.
— А што, ці ж намнога гэтая вежа вышэйшая за той Алімп, што плыў па слонімскім канале? — раптам весела спытала Меланхолія. — Думаю, «Скаральнік аблокаў» справіўся б і з гэтай вышынёй. Вунь той лужок за рэчкай — вельмі зручная пляцовачка, каб прызямліцца...
— Здурэла? — фыркнуў Вырвіч. — I вежа вышэй, і таго «Скаральніка» ў нас няма, і без падрыхтоўкі хлопец толькі разбіўся б.
— Periculum in mora![5] Я гатовы на любы спосаб уцёкаў, калі ў вас ён ёсць! — палка запэўніў інжынер Белай фартэцыі.
— Марная фантазія, — прабурчаў Лёднік, учэпіста аглядаючыся вакол у пошуках больш рэальных шляхоў. — Калі выбірацца — дык уночы, а ноччу ўсё адно гэты лаз зачыняюць.
— Зачыняюць? Гэта яны беларускай сілы не ўяўляюць. Праверым? — падміргнула Карусю Меланхолія.
Пушчанскі дзікун спусціўся ўніз, Вырвіч і Лёднік усцягнулі ўдвух на накрыўку бервяно. Нейкі час таўшчэзны, абсечаны да квадратнага профілю дубовы камель толькі трохі тузаўся ад магутных штуршкоў знізу, але ўрэшце прыўзняўся і зваліўся ўбок. Інжынер вылез, як казачны волат з кургана, нат не асабліва задыхаўшыся.
— Ці ж вам, панове, не ведаць, як самыя неверагодныя фантазіі ўвасабляюцца? — выскалілася Чума. — А Пфальцманава лятальнае прыстасаванне — гэта ж не карэта i не гармата. Некалькі аршынаў добрага шоўку, тузін кітовага вусу, скрутак вяроўкі, трохі папруг... Пару дзён працы, калі талакой узяцца. Чарцяжы ты ж зробіш, Бутрым? Як карыстацца — я падкажу.
Пакуль Гальшка кароценька тлумачыла Карусю сутнасць вынаходніцтва Пфальцмана, Лёднік абмяняўся паглядамі з Вырвічам — у бадзёрым байкаскладанні Чумы мелася доля праўдападобнасці.
— Добра, пашыем, зробім... А перадаць Карусю як? Не іголка...
Гальшка павярнулася да інжынера.
— У цябе поўна ўсялякіх штуковінаў у лабараторыі... Нешта ж па тваёй просьбе табе прыносяць?
Карусь кіўнуў:
— Замовы раблю, дастаўляюць што трэба ў кошт будаўнічых расходаў. Правяраюць, вядома. Зараз якраз збіраўся прасіць паперы, некалькі дэталькаў для макета... Кемпелен праз пару тыдняў гразіўся наведацца, трэба скончыць узор машыны для вычэрпвання зямлі па ягоным чарцяжы, каб усё пралічыць.
— Вось і выдатна! — пляснула ў ладкі Меланхолія. — Калі дасылаць часткі скаральніка аблокаў паасобку, можна іх выдаць за штось іншае.
Доктар трывожна зірнуў уніз, на бераг ракі.
— Галена, твая прапанова можа яго забіць.
Чума трохі панурылася, потым ускінула з выклікам галаву.
— Можа. А можа і не.
Доктар уздыхнуў горасна ды прытуліў шпяжанку.
— Прабач... Ты ж сама нядаўна так... А я дапусціў.
Дзеўка ткнулася тварам Баўтрамею ў шыю і нешта радасна-супакойліва замармытала.
Пакуль спускаліся ўніз, Карусь шэптам звярнуўся да Вырвіча:
— Пан Баўтрамей і панна Чорная Меланхолія... яны...
— Ажаніліся, — буркатнуў маршалак менскі. — I не пытайся, чаму, як. Нервы зберажэш.
Карусь мудра прамаўчаў.
Схему Пфальцманавага вынаходніцтва Лёднік намаляваў хутка і даходліва. Меланхолія патлумачыла, за што тузаць, як мацаваць, чым кіраваць...
— Частка з тканіны мусіць быць пашытая загадзя, з усімі мацаваннямі для раменьчыкаў і кітовага вусу, — пацёр мнагамудры лоб Лёднік. — I пад выглядам чаго, шаноўнае спадарства, гэта можна даставіць чалавеку, які займаецца будаўніцтвам фартэцыі?
Блакітныя вочы абнадзеенага Каруся ярка бліснулі.
— А вось балдахін на ложак сабе замоўлю. А каб падазрэнняў не было, яшчэ і коўдру новую. Кемпелен сказаў, каб спрыялі майму здароваму стану.
— А вяроўкі ды раменьчыкі? — Вырвічу гэтая частка дастаўкі падавалася найбольш складанай, бо адразу ж падумаюць: ці не збіраецца вязень уцякаць?
— Вяровак ў мяне трохі тут ёсць. Частку можаце ўшыць у «балдахін», нібы для мацавання. Раменьчыкі і кітовы вус замоўлю нібыта для макетаў.
Час няўмольна сыходзіў.
Меланхолія нецярпліва пакручвала ў руках капялюш: