Але маршалак Менскага павета не мог не згадзіцца з тым, што ўчынак Сафіі Лёднічанкі быў у прынцыпе разумны: ваявода — неверагодна ганаровы жаніх для дактароўны, чый бацька — шляхціц па патэнце, сын полацкага гарбара. I хлопец пан Валенты някепскі. Хоць схібіў, разгубіўся, калі Сафійка сябе скалечыла, у твар кіслатою плюхнула, каб не патрапіць у каралеўскія фаварыткі. Пабачыўшы сапсаваную прыгажосць нявесты, Валенты ледзь не заплакаў ды перастаў са шлюбам прыспешваць. Але ж час прайшоў, шнар на шчацэ зацягнуўся, пасвятлеў, а шнар ад першага палкага кахання зажываць не хацеў.
Вядома, крыўднавата, што хроснага, шаноўнага пана Пранціша Вырвіча, на вянчанне не паспелі запрасіць. Ён жа не раз уяўляў, якой гожай будзе Лёднічанка ў вясельным уборы і якія цудоўныя дарункі ён ёй паднясе, каб госці зайздросцілі шчодрасці пана Вырвіча. Смарагдавае калье ў выглядзе лісцікаў канюшыны тонкай фларэнтыйскай працы сужэнка Пранцішава, Дамініка з Гараўскіх, якраз для Сафійкі прыхоўвала...
Але вянчанне, як сведчылі віленчукі, адбылося як мае быць, у Свята-Духавай царкве. Бутрыма, мусіць, пераканала яшчэ і тое, што жаніх, уніят, не толькі пагадзіўся нявесту ў праваслаўі пакінуць, але і сам да дзядоўскай веры вярнуўся — прайшлі часы, калі асабліва зацятыя вернікі на соймах патрабавалі ўвесці смяротнае пакаранне за пераход з каталіцтва. Зараз наадварот: калі Расейская імперыя даядала апошнія лапікі шляхецкае дзяржавы, шмат хто ўспомніў пра праваслаўных прадзедаў ды заспяшаўся з новымі ўладамі парадніцца. А то раздадуць пасады без нас.
З панам Жылкам нават маці ягоная прыехала, пані Ганна Жылкава з Макавецкіх, колішняя Пранцішава нявеста, падступна кінутая ім, тадышнім драгунам, дзеля прыгоннай актрыскі. Так што з абодвух бакоў бацькі прысутнічалі. Усё палітычна ды добрапрыстойна.
Праўда, вяселля ў Вільні не ўчынялі вялікага, не так, як калі Станіслаў Дэнгоф жаніўся з дачкой вялікага гетмана Сяняўскага і ў Львове з рынаў, вадасцёкавых трубаў, віно па ўсім горадзе пускалі. Але пан Валенты дакляраваў, што ў сваім маёнтку пышны баль зладзіць, не на адзін дзень. I звёз маладую жонку ў аўстрыйскі Бадэн, дзе ў Жылкаў меліся ладная камяніца і сваяцтва з бурмістрам.
Вырвіч, як даведаўся пра шлюб хросніцы, заперажываў... Але ўспомніў, як паніч Жылка за юнай Сафійкай бегаў ды пакорліва ейныя капрызы выконваў... I Ганулька — жанчына пачцівая, сціплая, рахманая... Ну падумаеш, дамагалася, каб Лёднік свайго слугу Каруся адсцябаў за дзёрзкасць... Дык з самых хрысціянскіх меркаванняў жа! Павінна пані Сафіі Жылкавай жыцца ўтульна ды шчасна... Вось і зараз у Бадэн, мусіць, выправіліся, бо Сафійцы так і карцела нарэшце сустрэцца з венскім навукоўцам, зусім троху шалберам панам Кемпеленам, якому яна калісь пасылала сваю працу пра солі хімічныя, мудроныя. Убіла сабе дзеўка ў галаву, што мусіць праславіцца навукаю, як бацька ды брат. Ну і яшчэ, вядома, пан Валенты жадаў звезці заваяваную ім прыгажуньку падалей ад Варшавы, ад прагных, пажадлівых ручак Станіслава Панятоўскага.
Карацей, за месяц усё вырашылася, выстарчылася, вычварылася. I куды Бутрым падзеўся — не ведалі ні бедны Хвэлька, ні шаноўнае кіраўніцтва Галоўнай віленскай школы, як цяпер называўся ўніверсітэт, ні дактары ўніверсітэцкага шпіталя, якім Бутрым кіраваў, ні булачніцы з Дамініканскай... А булачніцы з Дамініканскай ведаюць нават, у чыім доме ўчора цеста з дзяжы збегла... Можа, калі іх добра распытаць, яны б расказалі, куды падзелася карона Вітаўта Вялікага — але хто ж будзе булачніц пра кароны распытваць!
Калі месяц таму да Вырвіча заявілася ўстрывожаная Гальшка з вельмі кепскімі навінамі і яны разам узяліся шукаць Бутрыма, Пранціш нават новую паэму задумаў — пра тое, як ліцвінскі Адысей гераічна ў Аід выправіўся. Па дарозе недарэку Цэрбер за лыткі пакусаў, тады недаедзены беларус, паслізнуўшыся, у халаднюсенькі Стыкс уваліўся, потым нагу зламаў, аб мерцвяка спатыкнуўшыся, ды боўць у дрыгву... Так і круціліся ў галаве велягурыстыя радкі:
Страшна было ўявіць, у якім душэўным стане зараз Бутрым... Няўжо і праўда зламаўся?
Пранціш у задуменні падышоў да свайго дарожнага куфра, адкінуў накрыўку, узяў шаблю ў сціплых ножнах з вугрынае скуры, прыкрашаных выціснутым арнаментам з грыфонаў і адзінарогаў... Заляжалася, зачакалася.
Бутрым, шляхціц па патэнце, не меў радавое зброі, як Гіпацэнтаўр, прадзедаўская шабля Вырвіча. Выбітны фехтавальшчык, чым толькі доктар не арудаваў, маючы цэлую калекцыю шабляў, шпагаў, рапіраў — ад сціплай аўгустоўкі да вытанчанай серпанціны, са звілістым, як змяя, лязом, — і вернасці не захоўваў ніводнай. Хаця меў некалькі «фаварытак». Адна такая — яе зараз Вырвіч трымаў у руках — захоўвалася ў Капанічах, яе доктар заўсёды выбіраў, калі даходзіла да трэнінгаў на дзвюх шаблях. А трэнінгі занудлівы доктар учыняў сабе кожны дзень.