Читаем Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка менскага полностью

Трэба было меч князя Глеба з Марыінскага менскага касцёла забраць, цырыманіяльны, пудовы, — ім калісьці доктар сяк-так размахваў падчас ардаліі, Божага суда, ля менскай ратушы, абараняючы гонар і жыццё пані Саламеі. Даць бы гэтым мячом па мудрай прафесарскай галаве — можа, мазгі б на месца сталі. Уцякаць, знаку родным сваім ды найбліжэйшым сябрам не падаўшы...

Ну, зірнём заўтра на брата Філагонія — i далей. Была яшчэ адна прыкідка, да Турава трэба падацца... Там, у скіце, таксама адзін лекар аб’явіўся. Ну, дапамажы, Божа, на ўсё добрае, а на благое і самі здагадаемся.

Раздзел першы

ЯК ВЫРВІЧ ДА БРАТА ФІЛАГОНІЯ СХАДЗІЎ

Платон, той самы філосаф, які аднойчы быў прададзены ў рабства, адточваў глузды вучняў сваіх прыпавесцю пра пячору.

Маўляў, сядзяць у цемры палоннікі, прыкутыя да каменнае падлогі, спінай да ўвахода, глядзяць на сцяну. Дзесьці за іх спінамі гарыць вогнішча, людзі носяць розныя прадметы. А вязні ў пячоры бачаць толькі іх цені на сцяне.

Кожны з гэтых вязняў можа вызваліцца і сысці — але яны глядзяць на цені на сцяне і ўпэўненыя, што гэта і ёсць сапраўдны свет і іншага няма. Ёлупы, адно слова, ні ў плот ні ў агарод.

Пранціш, калі слухаў мудры алегарычны расповед на лекцыях у Віленскай акадэміі, так į ўяўляў сябе адным з тых вязняў і быў упэўнены, што не сядзеў бы, як дурань, у цемры, на халодным вільготным камені. Абавязкова б скеміў ды выбраўся з пячоры, туды, дзе сонца і сапраўдныя людзі, дрэвы, птушкі, а не цені.

Малюнак з падручніка па філасофіі ажываў на вачах. Людцы — сяляне і мешчукі, мужчыны і кабеты, дзеці i старыя, хто на сваіх нагах ідзе, хто на мыліцах скача — выструніліся ў ланцуг, і кожны нешта нёс да пячоры маўчальніка Філагонія. У кошыках, накрытых рушнікамі, кругліліся булкі, у ненадзейнай шкарлупіне яек боўталіся будучыя птушыныя жыцці, пакутліва варушыла шчэлепамі рыба. Жывы певень з перавязанымі матузком лапамі выцягваў шыю з-пад пахі мажной гаспадыні і клікаў ды клікаў на дапамогу сонца. А тое абыякава сляпіла вочы, і людзі з іхнімі паднашэннямі здаваліся Пранцішу чорнымі ценямі.

I пячора была сапраўдная: выкапаная ў невялікім пагорку, на якім раслі рамонкі і нават кволы клёнік наверсе задзірыста махаў небу цёмна-зялёнай далонькай. Да пячоры быў прыбудаваны ўваход з бярвенняў, з цяжкімі дзвярыма з негабляваных дошак, нібыта ў вязніцу. Падабенства ўзмацнялася ад відовішча двух дужых барадатых мніхаў ля ўвахода. Яны спрытна прымалі кошыкі і манеты, узамен з пячоры малады паслушнік — на вузкім ілбе раннія зморшчыны, быццам аднойчы так здзівіўся нечаму, што дасюль веры не дасць, — выносіў шкляніцы і слоічкі з мікстурамі. Відаць, накалбочанымі таямнічым Філагоніем.

Напэўна, з павагі ці са страху перад згаданым маўчальнікам усе захоўвалі цішыню. Хрысціліся, мармыталі пад нос малітвы, шэптам паведамлялі, сунуўшы твар за дзверы, свае патрэбы... Аднаго сівабародага мужыка на насілках — вохкаў ды вохкаў — усё-ткі занеслі ў пячору... Чарга спынілася, ніхто і не падумаў абурацца. Але Вырвіч не паспеў бы і трох кілішкаў кульнуць — хворага вынеслі пад сонца, вохкаць ён перастаў і з апошніх сілаў прыціскаў да жывата зялёную шкляніцу з мікстурай.

Ну, самы час зірнуць на вязня пячоры.

Вырвіч з дапамогай магутнага Сцяцка без цырымоніяў расштурхаў чаргу. Ясючок туліўся за спінай, хрысцячыся ды мармычучы малітвы.

— Пpa хваробу раскажу асабіста лекару! — маршалак менскі пёр як вол на стог. — Маўчыць? Нічога, на паперцы дыягназ напіша. Пісаць жа святы брат умее? Ці вашаму манастыру новая званіца не вельмі патрэбная?

Грошай на званіцу Вырвіч сапраўды адваліў. Мог i папанстваваць.

У пячоры, дакладней келлі, смярдзела, як у пашчы Цэрбера альбо... у алхімічнай лабараторыі пасля няўдалага доследу. Вырвіч у свой час нанюхаўся. Камфара, аніс, нашатыр, сера... Люцыпар зачхаўся б.

Прытулак манастырскага лекара аказаўся куды большы, чым здавалася звонку. Прыкрытыя з панадворку дзірваном сцены складзеныя з тоўстых бярвенняў... Ды тут сапраўдная фартэцыя! Столь нізкаватая: шапка ўвесь час чаплялася за пукі сухіх зёлак, падвешаных зверху. З сенцаў, застаўленых кошыкамі, далей вялі дзверы з груба збітых дошак, без замка і клямкі.

Так і просяцца ў ix нагой даць. Дык чаму не даць?

Доўгае памяшканне заканчвалася, як ні дзіўна, сцяной з акном. У новенькія шкляныя шыбы з усіх бакоў зазіралі кветачкі. Мусіць, фармацэўт запатрабаваў лепшага асвятлення.

А вось і ён. Цёмная постаць перад акном, манаская раса вісіць як на штыкеціне, галаву прыкрывае вастраверхі каптур. Лекі калбоціць.

Пранціш слізгануў позіркам па пакоі. Вузкі ложак з голых дошак, нат ануч няма абкрыцца, гліняная, чыста падмеценая подлога, пацямнелыя абразы... А на стале ля акна ці не срэбныя кубачкі для тынктураў? Ды яшчэ цэлая куча дарагога лабараторнага абсталявання, такого недарэчнага на тле шурпатых бярвенняў. Колбы круглымі бакамі пабліскваюць, медзяная змяя перагоннага куба звіваецца ў кольцы.

Перейти на страницу:

Похожие книги