У руцэ падазронага фармацэўта бліснула чарговая шкляніца, брат Філагоній паглядзеў яе змесціва на прасвет, патрос... Паставіў на край стала, у шэраг напоўненых слоікаў i бутэлечак. Да кожнай пасудзіны была прылепленая воскам паперка з надпісам.
— Памагай Божа! Даруй, брат, што парушаю твой спакой, але патрэбная тэрміновая кансультацыя.
Той нат не павярнуўся. Узяўся за другую шкляніцу. Mo яшчэ і глухі?
Вырвіч прысунуўся бліжэй, важка прамовіў у худую спіну:
— Я менскі маршалак, пан Франтасій Вырвіч герба Гіпацэнтаўр. Адмыслова прыехаў сюды ў пошуках добрага лекара, Божай воляй кіраванага.
Як са сцяной гаварыць.
За спінай злосна саплі мніхі, але не асмельваліся вывесці небяспечна нахабнага пана з гнязда куркі, што нясе манастыру залатыя яйкі.
— Гаворка пра жыццё маладой жанчыны... Толькі замуж выйшла... I няшчасце яе спасцігла страшнае. Сафійкай завуць...
Падалося ці чарговая шкляніца ў руцэ на імгненне затрымалася?
Хоць ты сарві гэты каптур.
Пранціш у адчаі наблізіўся амаль ушчыльную да брата Філагонія...
I ледзь не загалёкаў ад радаснага ўзрушэння. Далоні мніха, вузкія, з доўгімі пальцамі, былі пасярэдзіне прыкрашаныя белымі зорачкамі старых шнараў — быццам калісь прабітыя цвікамі.
— Бутрым!
Вырвіч з невымоўнай палёгкай схапіў мніха за плечы — а кашчавы ж які! — і развярнуў да сябе.
З глыбі капюшона паглядалі знаёмыя цёмныя вочы. Але — хоць у цені не разабраць дакладна — не было ў іх і жарынкі ранейшага агню. Кругі пад вачыма, шчокі ўваліліся... Барада з пядзю даўжынёю, чорна-сівая... I позірк такі, быццам Вырвіч празрысты, як шкло ў шыбіне.
— Мы ўжо дзесяць паветаў аб’ездзілі, цябе шукаючы! Ты чуеш — Сафійка ў бядзе! Акром цябе, ніхто ёй не дапаможа!
Адвярнуўся і далей мікстуры-тынктуры разлівае.
Ну ўжо не, не адмаўчыцца!
— Схаваўся? Душу ратуеш? Грахі выкупляеш? Кашы з перцам-імберцам наварыў, кінуў-рынуў — задушыцеся без мяне? Дачку на пагібель аддаеш? Думаеш, Саламея табе даруе на тым свеце?
Далей адмярае лекі... Няўжо не засталося нічога ад ранейшага Баўтрамея Лёдніка, які дзеля ратунку дарагіх людзей віхорам уздымаўся, у агонь гатовы быў кінуцца?
У спіну маршалка таўклі мніхі, адзін вельмі настойліва цягнуў за крысо, мармыталі штось раздражнёна — Вырвіч не слухаў.
— Што ж, заслугоўвай сваю святасць! Хто я такі, каб пярэчыць волі Божай? Мо Гасподзь над Сафійкай злітуецца, калі родны бацька да яе літасці не мае.
Ужо ў дзвярах, амаль выштурханы з келлі, Пранціш пракрычаў:
— Доктар, я буду чакаць ля тваёй пячоры!.. Чуеш?!
Сонца ажно сляпіла пасля таго прыцемка... Вырвіч адмахнуўся ад бубняжу святых братоў пра тое, як нядобра было спакушаць паслушніка парушаць ягоныя зарокі, адрываць ад малітоўнага подзвігу... Валасы ад скавытання вянуць. Кіўнуў Сцяцку ды Ясючку і скіраваўся да бярозак непадалёк. Нічога, у вайсковых паходах i не тое даводзілася трываць. Пасядзіць тут, на траўцы, не камень, не абамшэе.
Мніхі хутка зразумелі, што менскага маршалка прасцей сцярпець, чым угаварыць, каб яго скулле абсела... Ігумен нават прыслаў фундатару будучай званіцы збан квасу ды кошык праснакоў. Усё асвячонае, смачнае.
Але не смакавала.
Няўжо Бутрыма нарэшце зламала жыццё? Пранціша аж перасмыкала, калі ўспамінаў адсутныя, пустыя, як высахлы калодзеж, вочы, нібыта там ніколі не люстраваліся ні зоры, ні любыя абліччы... Малелец, які знайшоў ратунак у няспыннай гаворцы з небам, так глядзець не можа.
А мо і праўда грэх вяртаць гвалтам да зямных спраў таго, хто вырашыў прысвяціць сябе Богу? Пранціш паныла жаваў праснак, назіраючы за тым, як апошнія паломнікі атрымліваюць свае шкляніцы і сыходзяць. I прыкідваў, як жа цяпер справіцца, без Лёдніка? Цягнуць жа болей нельга, i так за росшукамі прамарудзілі. Каб ведаць, дзе Алесь, дык i старэйшы брат мог за дзеўку заступіцца. Але па тым і пырскаў не стала. Хросны бацька не мае таго ўплыву... Побач Сцяцко змрочна тупаў сюды-туды па палянцы, гатовы выламаць усе дзверы і вынесці ўпартага доктара на плячы. Адзін Ясючок быў шчаслівы: з дазволу свайго пана ўсе святынькі абышоў, да ўсіх абразоў прыклаўся, ва ўсіх бацюшкаў блаславення папрасіў, новыя нагавіцы на каленках працёр... Здаецца, і застаўся б тут, у манастыры. Навошта кагось адсюль зманьваць?
Калі старагрэцкі бог Геліяс сцебануў сваіх дрыкгантаў, каб зіхоткі воз хутчэй спускаўся за чорны грэбень лесу, да Вырвіча, які амаль задрамаў пад бярозкай, наблізілася высокая худая постаць.
— Што з Сафійкай?
Голас асіплы ад доўгага маўчання.
Пранціш ускочыў на ногі, нат не спрабуючы стрымаць радасную ўсмешку.
— Хадзем, брат Філагоній, па дарозе раскажу.
У хаце мясцовага пісара ўсё гэтак жа пахла кіслым цестам і сушанымі яблыкамі, але дадаўся яшчэ і пах анісу. Вырвіч тут добра анісаўкі сербануў, здаецца, апошні кілішак не ўвесь да вуснаў данёс.