— Падзякуй, Вырвіч, Абул-Касіму Халафу ібн аль-Абасу аль-Захраві, — прамовіў Бутрым, не зачапіўшыся, але Пранціш ясна адчуваў за іранічным тонам палёгку. Перахваляваўся доктар за цяжкога пацыента. — Каб не ягоная прылада, аперацыя мне дакладна б не ўдалася, і пайшоў бы ты ўслед за тым маім жаўнерам, якога мы ў Капанічы адвозілі... Тады я яшчэ слаба прасунуўся ў расшыфроўцы. Ну і панне Дамініцы падзякуй — яна была маім асістэнтам.
Вырвіч паспрабаваў падняць руку... Віват, удалося! А потым яму дапамаглі і прыўзняцца, падклаўшы пад галаву падушак. Цяпер Пранціш пабачыў, што белае — гэта палатно для будучай карціны, перад ім на мальберце раскладзеныя фарбы. Увогуле, падобна, што жонка падзяляла з параненым мужам пакой. Вунь побач, на атаманцы, змятая падушка і адкінутая неахайна коўдра.
Вырвіч прыпомніў, што ў доўгім забыцці, падчас прасвятленняў, змяшаных з блёкатам, чуў голас Дамінікі, якая супакойвала, угаворвала штось выпіць, а яшчэ распавядала пра нешта... Няўжо ўсе гэтыя тыдні мэнчылася ля ягонага ложка? Гарачая хваля замілавання затапіла чуллівую драгунскую душу...
Пранціш удзячна зірнуў на жонку, і тая нясмела ўсміхнулася ў адказ, нібыта не ведаючы, як цяпер паводзіцца з мужчынам, які называецца яе мужам... Ну, калі ён не ляжыць бяссіла, у трызненні, а глядзіць на яе блакітнымі вачыма і ўхапіў за руку цвёрдымі пальцамі, што звыклі да шаблі.
А Пранціш не збіраўся выпускаць гэтай цёплай рукі... Хопіць, столькі ўжо часу сышло на чаканне. Пакруціўся на падушках — здаецца, прытомнасць нікуды не адлятае, памацаў перавязаны лоб... Нічога, шнар мужчыну прыкрашае! Помніцца, напярэдадні гэтага ранення моцна выцяўся галавой, калі начавалі ў адрыне, гузак амаль на тым месцы, куды трапіла куля. Можа, знак які Г асподзь драгуну падаваў?
— Ну хоць распавядзіце, што ў свеце робіцца, пакуль тут валяўся, як Лазар. З’ездзіў ты, Бутрым, у Полацак?
Доктар пацямнеў тварам, здушыўшы горкі ўздых.
— Не, не ўдалося... Паспею...
Ясна, не мог пакінуць параненага. Пранціш адчуў укол віны: блуканні ліцвінскага Адысея працягваліся.
— Алеся адаслаў да маці з Давыдам, — працягваў распавядаць Лёднік. — Ліст пасля прыйшоў — усё добра. Сафійцы хутка тры годзікі, вывучыла першую малітву і засушыла першыя кветкі для гербарыя. Сушыла ў рэдкім выданні Галена, што Саламея позна ўгледзела. Д’Асэ выкруцілася. Зваліла ўсё на Бяскоўскага, бо на каго ж яшчэ ўсё і звальваць, як не на нябожчыка? Звярнуў шыю Альфонс, калі карэта ўпала з адхону ў рэчку. А мадам — нічога, паспела выскачыць, за карчы ўчапіцца. Карона Святога Альфрэда дзесь на дне рэчкі, мусіць. Так што князь Багінскі зноў надзею на вялікую дапамогу ад Версаля страціў. Спакою ў краі няма.
Доктар уздыхнуў, адкінуўшыся на высокую спінку крэсла, абцягнутага жоўта-зялёным усходнім шоўкам.
— Усё, што здабыў Пуласкі, разбіўшы Суворава — згублена. Дзюмур’е стараўся, як мог. Але Сувораў узяў Кракаў, і Дзюмур’е, як і збіраўся, з’ехаў за мяжу. Касакоўскі яшчэ ваюе, і пакуль удала, і Багінскі збірае войска... Але пры гэтым барукаюцца і паміж сабою, хто ўзначаліць канфедэрацыю. Порта барцаў не падтрымала. І тыя, хто спадзяваўся, што ўвагу расейцаў адцягне вайна з Турцыяй, гарлаюць пра здраду. Трон дзеляць пры жывым каралі, а ўсе гэтыя крыкі пра яго дэтранізацыю толькі адпалохваюць саюзнікаў. У тых свае каралі маюцца, што рэвалюцыі баяцца, як гарачай смалы. Аўстрыя выганяе канфедэратаў-эмігрантаў, Прусія пасылае расейцам артылерыю... Падобна, усе між сабою дамовіліся, як хворую дзяржаву з’есці. Адзіная надзея — калі Багінскі не далучыцца да акта бескаралеўя. Тады кароль зможа разам з Фаміліяй падтрымаць канфедэратаў, альбо хаця б не даваць каронныя войскі на барацьбу з імі.
Пранціш прыкусіў губу: звесткі сумныя.
— Што ж, кроў, якая праліваецца за Айчыну, ніколі не бывае дарэмнай. Прынамсі, мы не даемся, каб нас глынулі адным глытком, квасам запіўшы. А ў Капанічах ціха?
Дамініка кіўнула, яе рука не спрабавала вырвацца з рукі Вырвіча.
— Дзякуй Госпаду. Каронныя і маскоўцы нас не чапаюць, бо пан бацька ж ім дапамагаў. У рэкруты, вядома, пару дзясяткаў чалавек забралі, не адгаварыліся мы... Канфедэраты далёка, дый, калі што — тут жывуць сваякі вялікага гетмана Багінскага.
Вусны Дамінікі пагардліва пакрывіліся. Яе не вельмі цешыла яснавяльможнае сваяцтва.
Пакой зноў загайдаўся, нібыта драгун з доктарам усё яшчэ знаходзіліся ўнутры вадзянога змея, і Пранціш заплюшчыў вочы і сціснуў зубы. Належала як мага хутчэй ачуняць, каб не быць цяжкім мехам на чужой спіне.
А самае галоўнае, хацелася працягнуць тую гісторыю, якая складалася паміж ім і Дамінікай з Гараўскіх... А гісторыя мусіла скласціся — недарэмна ж пані Дамініка не пасвячала бацьку ў асаблівасці адносінаў з мужам, што іхні шлюб яшчэ не пацверджаны дэ факта, і пан Гараўскі ставіўся да Вырвіча як да сапраўднага зяця.