— Мне гадкоў дзесяць было, у нас у маёнтку спыніўся пасол з Персіі разам са світай. Не вытрымаў нашых халадоў, захварэў дарогай. Ну я і нагледзеўся цудаў... Яны ж нават посуду з сабой вазілі цэлы воз, каб нашым, гявурскім, нячыстым, не карыстацца. А пасол яшчэ і дзвюх жонак пры сабе меў. Я так іхніх твараў і не пабачыў. Захутаныя да вачэй, бровы вугалем намаляваныя. Праўда, як на мой густ — дык таўставатыя кабеты, хаця я малы быў, але гэта запомніў. Перс нашай мовай валодаў, увогуле дужа вучоны. Са мной важдаўся, казкі распавядаў пра джынаў, халіфаў ды птушку Рох... Але зусім слабы стаў. Як пацяплела, павезлі яго на радзіму — але не ведаю, ці давезлі. Ад яго і дываны ў нас дома засталіся, і талеркі чаканныя, і куфар з кнігамі. Шкада, так і не ведаю, пра што тыя кнігі, яны ж усе на іхняй мове, ды без малюнкаў... Толькі ў адной малюнкі ёсць, але незразумелыя, нейкія чарцяжы.
У гэтым месцы расповеду Лёднік выявіў сваю ўласцівасць чапляцца за хвост любой таямніцы так, што не адарвеш. Хіба разам з хвастом. І запэўніў, што на фарсі чытае, бо на ім напісаныя многія медыцынскія трактаты.
Куфар чорнага дрэва з кнігамі быў прынесены. Бутрым да яго дапушчаны.
Доктар прагна перабіраў старыя таміны, гартаў, варушачы вуснамі... І раптам зарычэў адчайна і аж за валасы схапіўся. Што такое?
— Гэта ж трактат Альбукасіса! Не цалкам, але тая частка, што апісвае даследаванні мозга! Каб мне гэта раней патрапілася! Я ж цэлы год расшыфроўваў мадэль мозга, што Альбукасіс з жалеза зрабіў. Гэта ўсё роўна што па аб’едзенай костцы меркаваць, якое пер’е было ў курыцы, і на якім седале яна начавала. А кніга тут увесь час ляжала!
Лёднік страсянуў валасамі ад раздражнення.
— Што ж, Гасподзь не дае мне лёгкіх шляхоў...
Зразумела, трактат быў вучонаму доктару падораны, і адправіўся разам з ім у Полацак, на пару з іржавым шлемам.
Вырвіч мусіў яшчэ падправіць здароўе, а пасля... Ён, у адрозненне ад доктара, адседжвацца не збіраўся. Праўда, дзе ваяваць — яшчэ трэба было вырашыць. Наконт гэтага з цесцем Пранціш вёў зацятыя спрэчкі, якія перарывала толькі пані Дамініка. Пан Гараўскі лічыў, што з барскімі канфедэратамі яму не па дарозе, тыя хочуць увесь край зрабіць каталіцкім. А пан Валенты — і за гэта Пранціш яго мог толькі паважаць — захоўваў веру бацькоў, і ў сваіх уладаннях не даў перавесці царкву ва ўніяцтва.
Бо што гэта за справы — прыходзяць сяляне ў царкву, а ім кажуць: вы ўжо не праваслаўныя, вы да уніі належыце, і папа рымскі над вамі... А бацюшка той самы да іх выходзіць, але ўжо ў іншай шапцы. Калі ж расейцы павет захопяць, наадварот атрымліваецца: прыходзяць парафіяне на імшу — а іх да прысягі, царыцы ў вернасці клясціся ды патрыярху, абразы ды кнігі ўніяцкія адбіраюць ды нішчаць. А бацюшка часта зноў той самы. Ад такіх хістанняў любая вера занепадзе. На магнатаў, якія рокаш усчалі, у пана Гараўскага крыўда яшчэ і асабістая.
Пранціш жа гарачыўся, даводзячы, што калі дзяржава страціць незалежнасць, для краю нічога добрага не чакаецца. Ускраіна імперыі — усяго толькі ўскраіна, якую належыць увесь час «уціхамірваць». Калісьці палякі ліцвінаў падвялі, калі змусілі да Люблінскай уніі. Напалі на Літву адначасова і маскоўцы, і татары, а Карона заявіла, што дапаможа бараніцца толькі на ўмовах уваходу ў адну дзяржаву. Троцкі кашталян Хадкевіч тады ад гора ды ганьбы захварэў ды памёр, дэпутатаў, якія галасавалі супраць уніі, пераследавалі, як дзікіх звяроў... І чым скончылася? Калі роўнасці ў народаў у саюзе няма — заняпад і «хатнія войны». А Расія пра саюз і не гаворыць — маё, кажа, дый і ўсё. Таму, як бы канфедэраты ні памыляліся, яны за волю б’юцца, за сваю зямлю, і нашчадкі іх ушануюць. Бог бачыць, што ў каго на сэрцы.
Добра, што Лёдніка не было — дадаў бы алею ў агонь сваім рэспубліканствам. Свабода, роўнасць, братэрства... Як яшчэ ў масоны не запісаўся, як Жылібер ды Тызенгаўз? Адно што, перасмыкала яго цяпер ад любых таемных таварыстваў. Лёднік любіў разважаць, што заможная дзяржава немагчымая без развітага трэцяга саслоўя. Калі ёсць шмат багатых купцоў, рамеснікаў, банкіраў, якія маюць роўныя правы з арыстакратамі. Пра гэта нават варшаўскі часопіс «Манітор» пачаў пісаць, хоць нашто ўжо кансерватыўны... А далей, вядома, прыгоннае права трэба касаваць... Не мусіць чалавек мець права біць, зневажаць ды пазбаўляць святла навукі іншага чалавека.
Мройнік...
Пан Валенты сярдзіта пыхкаў кальянам, але позірк на шчаслівы твар дачкі — і супакойваўся пан. Урэшце, зяць яшчэ не стары, баявіты, адукаваны, добрага роду, яшчэ невядома, што з яго выйдзе, а дачка пакіруе, як належыць... Уся ў маці, светлай памяці. Каб тая была жывая — дык і пан Валенты, мусіць, сёння высокую пасаду меў, жоначка штурхала б у бок, паказвала кірунак...
Але зацішак на тое і зацішак, каб не доўжыцца вечна, а змяняцца бурай.
Давыд Ляйбовіч, толькі што з каня, запылены ды здарожаны, уваліўся ў вітальню, але ліста не прывёз. Прыехаў без дазволу Бутрыма па дапамогу.
— Кепска з Лёднікамі.
І бяссіла ўсеўся на лаўку.