Вядома, былі пацалункі. Але гэты раздзел яны пачалі ўжо чытаць раней. Пранціш раздражняўся ад таго, што слабы, як кацяня, і рабіў, колькі мог, практыкаванні, аднаўляючы сілу па методыцы Лёдніка. Бутрым цярпліва паіў яго адварамі. А пан Гараўскі цішком ад суровага доктара, якога, падобна, пабойваўся, частаваў сакрэтным настоем ад адной зельніцы ў Капанічах. Нібыта з дадаткам бабровага струменю, што, мяркуючы па смуродзе, было праўдай. Невядома, якія лекавыя вартасці меў настой, але па моцы пераўзыходзіў гарэліцу, нават старадарожскую.
Дамініка з’едліва распавядала пасля, што думае пра прыхільнікаў піць гарэлку ў ложку...
Днямі яна малявала: то кветкі ў вазе, то якія-небудзь фантастычныя ўсходнія пейзажы з маўрамі ды бедуінамі па замове бацькі. Вырвіч распавядаў свае прыгоды. Калі было пагодна, чыталі на верандзе па чарзе ўслых які-небудзь раман альбо трактат... Спрачаліся... Ідылія! Нібыта лёс стварыў для дваіх гэткі зачараваны востраў цішыні, нібыта не крывавіла край вайна...
Нарэшце драгун змог прайсціся па пакоі больш-менш устойліва, і Гіпацэнтаўр не адцягваў руку ўніз, як М’ёльнір, молат Тора. І на спробу пані Дамінікі ўкласці ў ложак — стомішся, пагоршае, — абняў ды адарваў яе ад падлогі, карыстаючыся тым, што паранены, і дзяўчына не захоча ж надта моцна адбівацца, пашкадуе...
А вечарам, пасля належных малітваў, ён не даў сваёй пані легчы на атаманку. Ложак дастаткова вялікі для дваіх...
Пранціш асцярожна развязваў шнуроўку на начной кашулі Дамінікі, як быццам адкрываў неверагодна каштоўны падарунак, якога не варты. А потым асцярогі не хапіла, таму што тонкія рукі ўладна абвілі яго шыю, дазваляючы ўсё... І Вырвіч быў шчаслівы, што хапіла цярпення і розуму дачакацца, і ўсё здарылася тады, калі трэба, без адцення прымусу. Калі абодва таго хацелі, і быў давер, і пяшчота, і саспела жарсць...
І ён задыхаўся ад шчасця, схаваўшы твар у цёмных валасах, якія пахлі і строгім верасам, і пяшчотнымі ружамі, і трохі алейнымі фарбамі...
Пранціш ведаў, што жонка цэніць ягоны ўчынак, які многім падаўся б смешным, нявартым «сапраўднага мужчыны»: трымаў вянчаную жонку ў цноце. Затое цяпер прачынацца ўдваіх было так проста і радасна... Такое незвычайнае пачуццё — як стаў цэлым, не здагадваючыся, што да гэтага быў недаствораны, няпоўны...
І сумны цень Раіны не перашкаджаў — бо Вырвіч быў пэўны, што яна за яго ціха радуецца.
Цяпер ён разумеў, што лучыла Бутрыма і Саламею.
Лёднік жа і ў Капанічах карыстаўся славай персоны таямнічай, застрашлівай і амаль усемагутнай. Фурману руку паламаную склаў, лёкая ад боляў у жываце вылечыў, кухару апёк залячыў, сыну ягонаму, якога ў жаўнеры былі забралі ды параненым вярнулі, нагу адратаваў, а яе ўжо іншы доктар адцінаць хацеў, бо рана не загойвалася. Пану Гараўскаму ад раматусу дапамог, толькі хмыкнуўшы на пахвальбу пана, што дагэтуль лячыўся адным бабровым струменем на гарэлцы, і таксама ратавала. Нават да сялянкі-парадзіхі ў вёску прыімчаўся, калі пачуў, што роды цяжкія, бабка-павітуха рады не дае. А для тае бабкі ды ейнай канкурэнткі пасля давай цэлыя лекцыі чытаць... Кабеты пералякаліся, затое потым на ўвесь павет хваліліся, што сталі вучонымі дактарыцамі. Мужыкам прафесар штось пра гігіену тылдычыў. Можа, тыя і пасмейваліся з вучонага дзівака, але грошы, якія пан даваў на мыла ды лекі, на гарэліцу траціць баяліся, ва ўпэўненасці, што нейкім чынам Чорны Доктар даведаецца ды пакарае.
Дык вось, Лёднік Пранцішу, які ззяў, як новенькі ордэн, і сказаў:
— Цяпер веру, што ўсё ў цябе наладзіцца. Ведаеш, чаму веру? Бо тут шмат прыгожых дзяўчатак. Пакаёвак, пейзанак... А ты ні на адну з цікавасцю не глянуў, хаця раней мімаволі позіркам да кожнай спадніцы прыліпаў.
А Вырвіч і сам адчуваў, што змяніўся. І быў недаравальна шчаслівы...
Трэба было і другім даць магчымасць шчасця. Немажліва ўжо бачыць, якімі тужлівымі часам робяцца вочы Бутрыма.
Нарэшце Лёднік пераканаўся, што пацыенту больш нічога не пагражае, і сабраўся дадому, у Полацак. Лялек, дарэчы, для дачушкі розных накупляў цэлы мех. І парцалянавых, і з дрэва выразаных, і з тканіны пашытых... Вайны было з яго даволі, пра што аб’явіў даволі рэзка. Ледзь не пасварыўся з драгунам, які сцвярджаў, што шляхціц — найперш вой, і не ўдзельнічаць у паспалітым рушэнні, адседжвацца за печкай — ганьба.
За развітальным сталом сядзелі ўжо ўсёй сям’ёй. Пранціш з жонкай, пан Гараўскі, доктар Лёднік... Лёкай у турэцкіх строях урачыста падаў свайму пану кальян.
— Ці дазволіце, вашамосць, запытацца, — ветліва прагаварыў доктар, — адкуль ваша захапленне Усходам?
Пан Гараўскі з гонарам папыхваў кальянам, ягоны халат быў падпяразаны слуцкім пасам з уплеценымі ва ўсходні арнамент валошкамі.