Пан Валенты нешта пачаў мармытаць пра гожую ды пабожную пані Саламею, якая аніяк вядзьмаркай быць не можа, ды пра клятага Ватмана. А Пранціш змрочна ўзняўся з крэсла.
— Што ж, адпраўлюся сёння ж.
Але за плячук драгуна ўхапіла тонкая, але моцная рука.
— Вы якім чынам і куды, васпан, надумалі выпраўляцца?
Дамініка рашуча глядзела на мужа. Пранціш пацалаваў яе руку.
— Выбачай, дарагая, але ты сама перастанеш мяне паважаць, калі я кіну найбліжэйшых сяброў у бядзе.
— А хто табе кажа іх кідаць? — прыўзняла чорныя броўкі пані Вырвіч. — Сяброў трэба выручаць. Пан Лёднік і пані Саламея людзі самыя вартыя, а Сафійку як шкада! Але васпан забываецца, што ён больш не дзяцюк, а самавіты жанаты чалавек, у якога ёсць радня. Так што запрагайма карэту, бяром гайдукоў чалавек дзесяць...
— Я не магу падстаўляць другіх пад небяспеку! — пачаў быў Пранціш, але падышоў і пан Г араўскі, засунуўшы пагрозна рукі за паяс.
— Ты, васпан, мой зяць, а значыць, я за цябе адказваю. Што ты там самадзін, на судзе, рабіць будзеш? Што пра мяне людзі пасля скажуць? На такія сходы — суды, соймікі, трыбуналы — трэба як пышней заяўляцца, з як мага большай кампаніяй. Мы цяпер — адна сям’я, а за свой род трэба стаяць гарою. Я яшчэ да стрыечнага брата пашлю, хай сваіх людзей нам дасць.
Вырвіч глядзеў на Дамініку, на пана Валентага, аднолькава рашучых, з бляскам у цёмных вачах... Дамініка пазбавіла ад неабходнасці казаць высокія словы, пацалавала ў шчаку, патрапала па русявых кудзерах... І нібыта моцы прыбавілася ў драгуна. Ён з удзячнасцю пакланіўся цесцю.
— А ці ёсць у вас якія кнігі па юрыспрудэнцыі?
— Як жа ў шляхціца можа не быць кніг па заканадаўстве? — здзівіўся пан Гараўскі. — І Статут ёсць, і рымскае права, і гербоўнікі.
У Вырвічаў, якія б яны ні былі збяднелыя, у хаце ў Падняводдзі захоўваўся Статут. І пан бацька, Антоні Вырвіч, патрабаваў ад сына, каб ведаў усе свае шляхецкія прывілеі, правы ды абавязкі. І за што могуць даць баніцыю, і якія правы наследавання, і які пасаг можа патрабаваць шляхетны жаніх за сваёй жонкай... У акадэміі Вырвіч праслухаў курс па рымскім праве. А язык у яго быў заўсёды добра падвешаны. На судах дазвалялася выступіць усім, хто абазнаны ў законе, таму і не пашкодзіць падрыхтавацца быць адвакатам на горшы выпадак.
Горшы выпадак, падобна, чакаў не за гарамі. А ў тым жа павеце, у Менску, куды дабраліся ў той жа дзень, яшчэ засветла.
Лёднік сядзеў у крэсле пасярод няўтульнага пакоя менскага здымнага дома, абняўшы сябе за плечы, нібыта страшэнна мёрз, і вочы ягоныя згаслі. Пранціш ні разу не бачыў, каб старэйшы сябар быў такі разгублены.
Хвэлька хадзіў туды-сюды з Сафійкай на руках і нудзіў:
— Абавязкова трэба ўзяць на суд панначку! Каменнае сэрца трэба суддзям мець, каб такога анёлачка без маткі пакінуць!
Сафійка пазірала вялізнымі цёмнымі вачанятамі трохі спалохана, бо і яна разумела — штосьці страшнае здарылася. Паніч Алесь стаяў побач з таткам, напяты, нібыта на варце.
— Да яе не пускаюць, — нарэшце прарыпеў Лёднік. — У гродскай турме яе няма. Страшэнная таямніца, разумееце — месца зняволення моцнай вядзьмаркі. Мяркую, Ватман яе змясціў у якімсьці кляштары.
Абцёр рукой схуднелы твар.
— У маёнтак памерлага пана Шмыгі з’ездзіў. Не пастыдаўся на калені перад удавою стаць — абы згадзілася паразмаўляць. Распытваў падрабязнасці смерці... Усё вельмі падазрона. Возны выпіў нанач лекі, Саламеяй нарыхтаваныя. Раніцай устаў бадзёры, казаў, што вось, якраз можа абавязкі выканаць, позвы развезці, пра што і паслаў ліст пану пісару. А ўвечары знайшлі на двары, перад весніцамі, мёртвым. Крыві няма, косткі цэлыя. Вырашылі — атрута!
Пранціш кусаў вусны.
— А ты сам які дыягназ паставіў бы?
Лёднік перарывіста ўздыхнуў.
— Які дыягназ! Каб жа я цела пабачыў! Але яго ўжо змясцілі ў радавы склеп Шмыгаў, і блізка мяне туды не пусцяць. Дый што б я ні сцвярджаў — словам маім веры няма. Раіну Грамычыну ў свой час ейны муж, святар, абараняў, сцвярджаў, што ўсе ейныя зёлкі асабіста свянцаў. І што, дапамагло?
Бутрым стукнуў кулаком па ўласным калене, нібыта яшчэ й кульгавым да кучы захацеў зрабіцца.
— Пан Баўтрамей, але сведчанне нейкага доктара ў судзе мусіла быць? Ці не перагаварыць з тым доктарам?
Дамініка ўважліва чакала адказу. Лёднік горка ўсміхнуўся.
— І пра гэта я падумаў. Цела аглядаў мой калега Ян Замойскі. Ён у Менску доктар самы ўплывовы і дарагі, і старосту, і падстаросту, і пісара лечыць. Хіба што Ватман да яго з раматусам не хадзіў, таму што раматусу ды іншых слабасцяў цела ў Ватмана, відаць, няма, як і сумлення. Але з Замойскім я не сустрэўся, колькі ні стукаўся ў ягоны дом — кажуць, няма, у ад’ездзе. І спецыяліст ён, наколькі я памятаю, слабы. Лішніх клопатаў пазбягае, рызыкі не любіць. Затое амбіцый праз меру.
— Паспрабую я штось даведацца пра вашага Замойскага ў сваіх адзінаверцаў... Дзе доктар, там і аптэкары. А з імі я знаёмы, — прамармытаў Давыд і выйшаў з пакоя. А Лёднік узяў на рукі дачушку... Якая мусіла наноў звыкаць да вечна адсутнага таткі.
— Казку хачу!