На круглым стале, не накрытым абрусам, сіратліва ляжала кніга па рымскім праве. Зумкала муха, як заблукалая душа. І казка складалася нейкая надта дзіўная... Не, каб пра якога Катка-Залатога Лабка альбо Сынка-з-Кулачок.
— Было гэта даўно-даўно, яшчэ за каралём Сасам, калі ў Дняпры плавалі вадзяныя змеі велічынёй з млын, а млыны малолі камяні. Навошта? А каб на хлебе з каменнай мукі гадаваліся волаты, моцныя, як валуны.
Голас Бутрыма гучаў ціха і сумна.
— Жыў тады ў горадзе слаўным, дзе над ракою бялее храм з пяццю купаламі, чалавек, што хацеў навучыцца рабіць золата. І калі ты думаеш, што той дзівак быў надта сквапны — памыляешся. Насамрэч ён быў шчаслівы хадзіць у лахманах і есці адну параную рэпу, абы пры гэтым у яго меліся кнігі і магчымасць лічыць зоры ды аблокі. О то ж любіў ён лічыць зоры ды аблокі! Колькі разоў ідзе, задраўшы голаў, спатыкаецца ды падае ў брудную калюжыну, месцічаў весяліць. Так што празвалі яго Зоркаведам.
А Баўтрамея ў Полацку і сапраўды так называлі... Et fabula partem veri habet.
— Але на насмешкі ён нават не зважаў, бо акрамя мудрасці кніжнай ды навук розных нічым не цікавіўся... Самым недасяжным, самым важным веданнем, даступным толькі абраннікам, лічылі ўменне ператвараць у золата простае жалеза альбо камень. А Зоркавед, ясна, лічыў сябе такім абраннікам. Вывучыў усе трактаты вучоныя па стварэнні штучнага золата, ды ўзяўся за працу. Ды так, што спляжылася на доследы ўся ягоная маёмасць. І нярэдка снедаў ён сухой скарынкай, а вячэраў салодкай мрояй. Галоўнае — у шкляных колбах змешваліся ды віравалі рэчывы, гарэў агонь пад чыгуном, у якім варыўся не суп, а ўсялякае атрутнае расчынне. Хутка дакажа абраннік усяму свету, што самы разумны! І не было каму Зоркаведа спыніць, бо не меў ён у горадзе ні сяброў, ні сваякоў.
Дамініка, прысеўшы на абцягнутую патрэсканай скурай канапу каля Пранціша, слухала і сумна ўсміхалася. І Вырвіч лёгка гладзіў яе плечы. А Бутрым працягваў:
— Нарэшце здабыў наш вучоны тры крупачкі золата, якія ледзь можна было разгледзець у вуголлі. Перасыпаў у бутэлечку, паўсюль з сабой насіў, ды пяшчотна разглядаў, як штучнае золата паблісквае ў попеле. А каб працягнуць доследы, пайшоў у пазыкі, абяцаючы ўсім, што хутка таго золата здабудзе цэлы воз. Ды хто пазычыць грошай вар’яту за бліскучую парушынку? Адзін толькі пан, багаты, як цмок, што нават яблыкі ў сваім садзе загадаў пазалаціць, згадзіўся. Але ўзамен Зоркавед мусіў прывесці яму красуню з таго народа, што жыве ў аблоках ды завецца Сільфамі. Людзі ж верылі, што Зоркавед з Сільфамі, ды Гномамі, а мо і з Вужыным Каралём па начах каву п’е, як з простымі суседзямі. Сільфаў завоблачных Зоркавед, аднак, ніколі не бачыў. Але пачытаў належныя трактаты і давай закляцці тварыць. Зірнуў у акно — ці не спускаецца хто з аблокаў, а па вуліцы, вузкай, як розум дурня, ідзе яна. Сільфіда.
Голас Лёдніка здрыгануўся.
— Сінія вочы ззяюць, камяні пад звонкімі чаравічкамі ад гонару свецяцца.
Вядома, гэта было пра Саламею. Менавіта яе ў Слуцкім замку князь Геранім Радзівіл выдаваў за Сільфіду, стыхійнага духа.
— Кінуўся Зоркавед даганяць красуню, — Лёднік крануў вуснамі бліскучыя валасы дачкі — як чорны шоўк, зусім як у маці. — Вядома, не была яна Сільфідай, а звычайнай дзяўчынай, дачкой мясцовага кнігара, які жыў побач з Зоркаведам і ў лаўцы якога Зоркавед не аднойчы набываў кнігі. Але здабывальнік золата ніколі не разглядаў звычайных людзей, хай бы яны і жылі пасуседстве. А тут упершыню разгледзеў... І стаяў бы ён вечна пад кустом бэзу ля дому прыгажуні, і назіраў бы за ёю, дзівячыся і не разумеючы, што ж такое мяняецца ў ягоным сэрцы... Бо вырашыў — не аддасць ён Сільфіду сквапнаму пану. Хай лунае яна на волі, бо нічога прыгажэйшага Зоркавед не бачыў ні ў аблоках, ні ў зорным небе. І ўсё роўна яму стала, ці гэта дзяўчына з неба, ці з суседняга двара. Бо яна заставалася для яго недасяжнай, як зоры і аблокі. Што ён мог ёй прапанаваць, акрамя трох крупачак здабытага золата, за якія не купіш і булкі? А пан між тым прыехаў паглядзець, што ўдалося Зоркаведу. І заспеў яго пад кустом бэзу, і вочы ў Зоркаведа былі задуменна-шчаслівыя, і такія здзіўлёныя, быццам упершыню свет пабачыў. Заўважыў пан, каго Зоркавед гэтак вызірае. І таксама аслупянеў. Сільфіда ці не, але неадменна гэтая прыгажуня мусіць быць ягонай! Вось толькі шукальнік золата запярэчыў... Баяўся ён, што пан зробіць Сільфіду няшчаснай, пасадзіць на ланцуг. Гатовы быў на двубой пана выклікаць.
Вось гэта ўжо аўтарская фантазія, пра бэзавы куст. Заміж бэзу быў пакой у вежы, дзе Саламея сядзела, прыкутая ланцугом. Але на тое і казка, каб рабіць усё прыгажэй...
— Такі шум усчалі, што ўся вуліца збеглася...
Бутрым усміхнуўся, відаць, успомніўшы колішнюю бойку ля брамы слуцкага замка.