— Можна паспець... Калi хто малады ды спрытны, коней мяняць... Снег ляжыць, так што на палоззі даімчаць можна.
— Тады Анупрыя Арлоўскага першым выпраўлю неадкладна, ён мяне на кватэры чакае, не пусцілі на сакрэтную вечарынку, заразы... — пацёр напудраны лоб доктар. — Я бачыў яго ў справе — трывушчы i рашучы. Дзеля настаўніка на ўсё пойдзе. А мы з табой i Карусём следам...
— Кхм... Разумееш, Бутрым, мы тут не адны...
Тое, што Сафійку прывезлі ў Рыгу, Бутрым успрыняў вядома як. Быццам распалены алей — кроплю вады. Але Меланхолія спыніла велягурыстыя выказванні доктара:
— Твая дачка мне падабаецца, адважная, пад замок сябе пасадзіць не дасць. Як i ты, сяброў выручаць кідаецца — хроснага ж выручыла.
Чорны Доктар разгублена павярнуўся да малодшага сябра.
— Што я прапусціў з твайго жыцця, Вырвіч?
— Паэму пра Сякерку... — з няёмкасцю выціснуў былы падкаморы. — Пасля распавяду...
Галоўнае, каб з’едлівы Баўтрамей не захацеў пачуць урыўкі эпічнага твора.
— Цяпер ад мяне адчэпішся, панна Галена? — сярдзіта папытаўся доктар у белавалосай, рыхтуючыся выйсці з яе карэты.
Але выйсці не ўдалося.
— Дай паду-умаць... Мусіць, не. Навошта мне развітвацца з такой цікавай цацкай? — паматала па-дзіцячы галавой наймічка. — Цябе ж нават вунь дэ Вард выкрасці хацеў, пазабаўляцца.
— Справа ў іншым... — пазмрачнеў доктар. — Ён сапраўды быў цяжка хворы, заставалася яму няшмат. Ён... ведаў, на што я здатны як медык. Пры гэтым па добрай волі я да яго, гнюса, блізка не падышоў бы, ні за якія грошы. Але вочы ў вочы са смяротна хворым я не змагу адмовіць у дапамозе. Кім бы ён ні быў.
Меланхолія толькі сінімі вачыма ў паўзмроку бліснула. Пранціш хмыкнуў.
— А я думаў, ён на майстэрства Месмера спадзяецца...
— Пан Франц сапраўды можа дапамагаць хворым. Але сам не разумее, што творыць, з ягонай методай, як з антымоніем. Памятаеш? Мніх думаў, што вынайшаў паслабляльныя лекі, тады аказалася, што гэта атрута, а потым атрута выявілася фарбай. У любым выпадку пранцы магнітам не вылечыш.
I прамармытаў нібы сам сабе:
— Я ж барона папярэджваў... Але распуста — не смала, не адатрэш. У Манпелье я гэтаму гнюсу пранцы быў вылечыў — праўда, на пачатковай стадыі... Але з ягоным спосабам бавіць час...
Меланхолія зарагатала.
— Вой, наш дабрадзейны эскулап у курсе таемнага жыцця барона дэ Варда! Няўжо васпан браў удзел у адной з ягоных славутых ночак? О, пан бянтэжыцца! Значыць, так!
Здаецца, у прыцемку было чуваць, як рыпяць зубы ўгневанага Чорнага Доктара, які навіс над паганай дзеўкай. I як толькі прымсцілася Вырвічу, што яна падобная да Міхалішыўны? Ды тая ніколі так нахабна не паводзілася!
— Я быў рабом, ваша мосць. Але годнасць заўсёды ставіў вышэй за жыццё.
— Высокія словы ведаеш, дзед... Дакладней, Скарамуш.
Меланхолія раптам правяла пазногцем па шчацэ доктара, і той адхіснуўся, як ад сполаху агню.
— А ты адкуль ведаеш, як Бутрыма празвалі ў палоне ў дэ Варда? — раўнуў непрыемна ўражаны Вырвіч. — Пабывала адной з ягоных мэтрэсак?
— Я шма-ат чаго ведаю, — працягнула шпяжанка. — Напрыклад, што пан Вырвіч не супраць быў бы са мной ночку правесці, калі б жоначка не даведалася...
Ад вуркатання падступнай дзеўкі падкамораму аж мову заняло. Што яна вярзе? А Меланхолія зноў рагатала, як шалёная, ды яшчэ завяла грубую прыпеўку, гледзячы на раззлаванага доктара:
— Хоць лядашчы мужычок, ды затулле маё, завалюся за яго — не баюся нікаго!
— Досыць... Мы сыходзім!
Чорны Доктар выскачыў з карэты, як з распаленай печы, Пранціш за ім — шчокі гарэлі, быццам праўда агнём падсмажыла. Меланхолія высунулася з акенца.
— Дзед, а дзед, не забудзься, што ў нас наперадзе двубой! Я цябе знайду! I ты, пан Вырвіч, не сумуй — напішы мне мадрыгал! Ды з выкрутанцамі, з каленцамі! Гекзаметрам валі, не памылішся!
Карэта, пакідаючы на белым покрыве чорныя сляды, з’ехала з апусцелага пляца, на якім заставаўся толькі адзін сціплы экіпаж, каля якога чакалі стары таўсманы рамізнік і плячысты гвардзеец. У Пранціша на душы было так паскудна... Быццам сапраўды зграшыў. Доктару, падобна, таксама непамысна чулася. Бо прамармытаў пакаянную малітву, перахрысціўся.
— Гэта няпраўда... Што яна пра мой інтарэс да сябе... — голас нядаўняга падкаморага сіпеў, быццам ад працяглай смагі. — Я яе ненавіджу!
— Я таксама, таксама, пан Вырвіч, — рэхам азваўся доктар.
Абодва чамусь стаялі і разгублена глядзелі ўслед карэце белавалосай заразы.
А з другога боку плошчы бег да гаспадароў, валюхаўся Хвелька.
— Пан доктар, з Каруськом нешта ўтварылася! Напіўся ён тут, ці што, з непрывычкі?
I калі падбягалі да дармеза, пачулі зменены, нібы ў блёкаце, голас ляснога дзікуна:
— Даруй, Божа, даруй, мой добры пан, але я так кахаю яе...
Раздзел чатырнаццаты
ЯК ПРАНЦІШ НА ГАРАДЗЕНСКІХ РЭДУТАХ ПАБЫВАЎ
Расліну гусіныя лапкі называюць травой алхімікаў. Бо кожную раніцу ў цэнтры круглага, пакрытага мізэрнымі белымі паўсцінкамі ліста, падобнага да гусінай лапы, блішчыць кропля расы. Нават у самы сухмень. Адкуль жа ёй узяцца, як не магічным чынам?