- Нiчога, - сказаў Кемп i раптам загаварыў гучна i хутка: - Я не магу згадзiцца з вамi, Грыфiн. Зразумейце ж, не магу. Для чаго весцi заведама прайграную гульню? Хiба гэта можа даць вам шчасце? Не станавiцеся адзiнокiм ваўком. Апублiкуйце ваша адкрыццё; калi не хочаце расказаць пра яго ўсяму свету, то даверце яго ў крайнiм выпадку сваёй краiне. Падумайце, чаго вы маглi дабiцца з мiльёнам памочнiкаў...
Невiдзiмка перапынiў Кемпа.
- Крокi на лесвiцы, - сказаў ён, падняўшы руку.
- Не можа быць, - запярэчыў Кемп.
- Зараз паглядзiм, - сказаў Невiдзiмка i, усё яшчэ з узнятай рукой, ступiў да дзвярэй.
Далей усё разыгралася iмклiва. Секунду разважыўшы, Кемп кiнуўся яму наперарэз. Невiдзiмка ўздрыгнуў, спынiўся.
- Здраднiк! - крыкнуў Голас.
Халат, расхiнуўшыся, апусцiўся ў крэсла: Невiдзiмка распранаўся. Кемп зрабiў некалькi паспешных крокаў да дзвярэй, i тут жа Невiдзiмка - ног яго ўжо не было - з крыкам ускочыў. Кемп расчынiў дзверы насцеж.
Знiзу выразна даносiлiся галасы i тупат бягучых ног.
Кемп адштурхнуў Невiдзiмку, выскачыў у калiдор i зачынiў за сабой дзверы. Ключ быў загадзя ўстаўлены знадворку. Яшчэ iмгненне - i Грыфiн застаўся б у кабiнеце адзiн, пад замком, ды перашкодзiла выпадковасць: паспешна ўстаўлены ранiцою ключ ад штуршка выскачыў i са стукам упаў на дыван.
Кемп памярцвеў. Схапiўшыся дзвюма рукамi за ручку, ён з усяе сiлы стараўся ўтрымаць дзверы. Некалькi iмгненняў яму гэта ўдавалася. Потым дзверы прыадчынiлiся цаляў на шэсць, але ён iх зноў зачынiў. У другi раз яны рыўком адкрылiся на фут, i ў шчылiну стаў працiскацца чырвоны халат. Нябачныя пальцы схапiлi Кемпа за горла, i яму давялося выпусцiць ручку дзвярэй, каб абараняцца. Ён быў адцiснуты, перакулены i з сiлай адкiнуты ў кут пляцоўкi. Пусты халат адляцеў ад яго.
На лесвiцы стаяў палкоўнiк Эдай, начальнiк бэрдакскай палiцыi, якому Кемп напiсаў пiсьмо. Ён з жахам глядзеў на нечаканае з'яўленне Кемпа i на пустыя прадметы вопраткi, якiя матлялiся ў паветры. Ён бачыў, як Кемп быў перакулены, як ён з цяжкасцю падняўся, хiстаючыся, зрабiў крок наперад i зноў упаў на падлогу.
I раптам яго самога штосьцi ўдарыла. Удар з пустаты! Быццам на яго навалiўся вялiзны цяжар. Нечыя пальцы сцiснулi яму горла, чыёсьцi калена ўдарыла яго ў пахавiну, i ён кулём скацiўся з лесвiцы. Нябачная нага наступiла яму на спiну, хтосьцi зашлёпаў па лесвiцы босымi нагамi; унiзе, у прыхожай абодва палiцэйскiя ўскрыкнулi i пабеглi, i ўваходныя дзверы з шумам зачынiлiся.
Палкоўнiк Эдай прыўзняўся i сеў, няўцямна азiраючыся. Зверху, хiстаючыся, сыходзiў Кемп, растрапаны i выпэцканы. Адна шчака ў яго пабялела ад удару, з разбiтай губы цякла кроў, у руках ён трымаў чырвоны халат i iншыя часткi туалета.
- О чорт! - крыкнуў Кемп. - Дрэнь справа! Уцёк-такi!
Раздзел XXV
ПАЛЯВАННЕ НА НЕВIДЗIМКУ
Спачатку Эдай нiчога не мог зразумець з бязладных выкрыкаў Кемпа. Яны абодва стаялi на пляцоўцы лесвiцы, i Кемп усё яшчэ трымаў у руках вопратку Грыфiна. Нарэшце Эдай пачаў праясняць сутнасць здарэння.
- Ён з'ехаў з глузду, - паспешна казаў Кемп, - гэта не чалавек, а звер. Думае толькi пра сябе. Не лiчыцца нi з чым, акрамя асабiстай выгады i бяспекi. Я яго выслухаў сягоння - гэта жудасны эгаiст. Пакуль ён толькi нявечыў людзей. Ён будзе забiваць, калi мы яго не схопiм. Ён выклiча панiку. Ён нi перад чым не спынiцца. I ён цяпер на волi i ашалеў ад лютасцi!
- Ясна адно: яго трэба злавiць, - сказаў Эдай.
- Але як? - усклiкнуў Кемп i раптам выбухнуў патокам слоў: - Трэба зараз жа прыняць меры, трэба ўсiх падняць на ногi, каб Грыфiн не ўцёк з гэтых месц. Iнакш ён будзе калясiць па краiне, нявечыць i забiваць людзей. Ён марыць пра царства тэрору! Цi разумееце вы - тэрору! Вы павiнны наладзiць нагляд на чыгунцы, на шашы, на судах. Выклiкайце войскi. Дайце звесткi па тэлеграфе, што патрэбна дапамога. Адна надзея - што ён не знiкне, пакуль не знойдзе свае заметкi, якiмi ён вельмi даражыць. Я потым растлумачу вам. У вас у палiцэйскiм упраўленнi сядзiць нейкi Марвел...
- Ведаю, - сказаў Эдай. - Кнiгi, так, так. Але ж гэты валацуга...
- Не прызнаецца, што кнiгi ў яго. Але Невiдзiмка ўпэўнены, што Марвел iх схаваў. А галоўнае, трэба не даваць Невiдзiмку нi есцi, нi спаць. Дзень i ноч людзi павiнны быць пiльнымi. Усё павiнна быць на замку, крамы, пякарнi усё. Трэба пiльнаваць, каб ён не мог дастаць нiякай ежы. Усе дамы на запор! Добра, калi будуць халады i дажджы! Усе ад малога да вялiкага павiнны ўдзельнiчаць у паляваннi. Зразумейце, Эдай, яго трэба злавiць у любым выпадку! Iнакш нам пагражаюць вялiкiя непрыемнасцi, падумаць - i то страшна.
- Менавiта так мы i павiнны дзейнiчаць, - сказаў Эдай. - Цяпер жа пайду i вазьмуся за справу. А можа, i вы пойдзеце са мной? Пайшлi! Мы наладзiм ваенны савет, запросiм Хопса, адмiнiстрацыю чыгункi. Нельга губляць нi хвiлiны. А па дарозе вы раскажаце мне ўсё падрабязна. Што ж зрабiць яшчэ?.. Ды кiньце вы гэты халат!
Цераз хвiлiну Эдай i Кемп былi ўжо ўнiзе. Дзверы стаялi адчыненыя насцеж, i двое палiцэйскiх усё яшчэ глядзелi ў пустату.
- Уцёк, сэр, - паведамiў адзiн з iх.