Кемп атрымаў дзiўнае пасланне, напiсанае алоўкам на зашмальцаваным кавалачку паперы.
"Вы праявiлi дзiвосную энергiю i кемлiвасць, - сказана было ў пiсьме, хаця я не ўяўляю сабе, што вы спадзеяцеся гэтым дасягнуць. Вы супраць мяне. Увесь дзень вы палявалi на мяне, вы хацелi пазбавiць мяне адпачынку i ноччу. Але я пад'еў, насуперак вам, выспаўся, насуперак вам, i гульня яшчэ толькi пачынаецца. Гульня яшчэ толькi пачынаецца! Мне нiчога не застаецца, як звярнуцца да тэрору. Гэтым пiсьмом я аб'яўляю першы дзень Тэрору. З гэтага часу Порт-Бэрдак ужо не пад уладай каралевы, перадайце гэта вашаму начальнiку палiцыi i яго шайцы, - ён пад маёй уладай, пад уладай Тэрору. Цяперашнi дзень - першы дзень першага года новай эры - Эры Невiдзiмкi. Я Невiдзiмка Першы. Спачатку маё праўленне будзе мiласэрным. У першы дзень будзе здзейснена адна смяротная кара дзеля прыкладу, пакаранне смерцю чалавека па iменi Кемп. Сёння смерць спасцiгне гэтага чалавека. Няхай замыкаецца, няхай хаваецца, няхай акружае сябе аховай, няхай апранецца ў браню, калi захоча, - смерць, нябачная смерць наблiжаецца да яго. Няхай прымае меры засцярогi - тым большае ўражанне яго смерць выклiча ў майго народа. Смерць рушыць з паштовай скрынкi сёння ў поўдзень. Пiсьмо будзе апушчана ў скрынку перад самым прыходам паштальёна - i - у дарогу! Гульня пачалася. Смерць наблiжаецца на яго. Не дапамагай яму, народ мой, каб не спасцiгла смерць i цябе. Сёння Кемп павiнен памерцi".
Кемп двойчы прачытаў пiсьмо.
- Гэта не жарты, - сказаў ён. - Гэта ён! I ён будзе дзейнiчаць.
Ён перавярнуў лiсток i ўбачыў на адрасе штэмпель "Хiнтандзiн" i празаiчную прыпiску: "даплацiць 2 пенсы".
Кемп павольна ўстаў з-за стала, не закончыўшы снеданне, - пiсьмо прыйшло ў гадзiну дня, - i падняўся ў свой кабiнет. Ён пазванiў эканомцы, загадаў ёй неадкладна абысцi ўвесь дом, агледзець усе засаўкi i зачынiць усе аканiцы.
У кабiнеце ён зачынiў аканiцы сам. З замкнутай скрынкi стала ў спальнi ён выняў невялiкi рэвальвер, пiльна агледзеў яго i паклаў у кiшэню хатняй курткi. Затым ён напiсаў некалькi запiсак, у тым лiку i палкоўнiку Эдаю, i даручыў служанцы аднесцi iх. Кемп параiў ёй пры гэтым, як выйсцi з дому.
- Небяспекi няма нiякай, - сказаў ён i дадаў сам сабе: "Для вас". Пасля гэтага ён нейкi час сядзеў, задумаўшыся, а потым вярнуўся да астылага снедання.
Ён еў рассеянна, паглыблены ў свае думкi. Потым моцна стукнуў кулаком па стале.
- Мы яго зловiм! - усклiкнуў ён. - I прынадай буду я. Ён зарвецца.
Кемп падняўся наверх, старанна зачыняючы за сабой усе дзверы.
- Гэта гульня, - сказаў ён. - Гульня незвычайная. Але ўсе шанцы на маiм баку, мiстэр Грыфiн, хаця вы i нябачныя i смелыя таксама. Грыфiн contra mundum...* Скажыце калi ласка!
* Супраць усяго свету (лат.).
Ён стаяў каля акна, гледзячы на залiты сонцам схiл гары.
- Яму ж трэба даставаць сабе ежу кожны дзень. Не зайздрошчу я яму. А цi праўда, што мiнулай ноччу яму ўдалося паспаць? Дзе-небудзь пад адкрытым небам i ў такiм месцы, дзе нiхто не мог на яго натрапiць... Вось калi б замест гэтай гарачынi наступiлi халады i халепа... А ён жа, можа, у гэтую самую хвiлiну назiрае за мной.
Кемп ушчыльную падышоў да акна i раптам спалохана адскочыў: штосьцi моцна стукнула ў сцяну над рамай.
- Аднак нервы ў мяне расхадзiлiся, - прамовiў ён сам сабе. Але добрых пяць хвiлiн ён не адважваўся зноў падысцi да акна. - Верабей, можа, - сказаў ён.
Тут ён пачуў званок ад уваходных дзвярэй i паспяшаўся ўнiз. Ён адсунуў засаўку, павярнуў ключ, агледзеў ланцуг, умацаваў яго i асцярожна прачынiў дзверы, не паказваючыся. Знаёмы голас аклiкнуў яго. Гэта быў палкоўнiк Эдай.
- На вашу пакаёўку напалi, - сказаў Эдай з-за дзвярэй.
- Што?! - усклiкнуў Кемп.
- Вашу запiску ў яе адабралi. Ён недзе паблiзу. Упусцiце мяне.
Кемп зняў ланцуг, i Эдай сяк-так працiснуўся ў вузкую шчылiну ледзь прачыненых дзвярэй. Ён з палёгкай уздыхнуў, калi Кемп зноў налажыў засаўку.
- Запiску вырвалi ў яе з рук. Яна страшна напалохалася. Цяпер яна ў маiм участку. З ёй iстэрыка. Ён дзесьцi паблiзу. Што было ў запiсцы?
Кемп вылаяўся.
- Дурань жа я! - сказаў ён. - Мог бы здагадацца: адсюль жа да Хiнтандзiна менш гадзiны хады. Ужо!
- У чым справа? - спытаўся Эдай.
- Вось паглядзiце! - сказаў Кемп i павёў Эдая ў кабiнет. Ён падаў яму пiсьмо Невiдзiмкi. Эдай прачытаў i цiхенька свiснуў.
- А вы?.. - спытаўся ён.
- Падстроiў пастку, - сказаў Кемп, - i як дурань паслаў план з пакаёўкай. Проста яму ў рукi.
Эдай цярплiва выслухаў блюзнерства Кемпа. Потым сказаў:
- Ён уцячэ.
- Не, не, - адказаў Кемп.
Зверху пачуўся звон i трэск разбiтага шкла. Эдай заўважыў маленькi рэвальвер, якi тырчаў з кiшэнi Кемпа.
- Гэта ў кабiнеце! - сказаў Кемп i першы стаў падымацца па лесвiцы. Яшчэ не дайшоўшы да сярэдзiны яе, яны зноў пачулi трэск.
У кабiнеце яны ўбачылi, што два вакны з трох разбiты, падлога засыпана асколкамi, а на пiсьмовым стале ляжыць вялiкi камень. Абодва спынiлiся на парозе, гледзячы на разбурэнне. Кемп зноў вылаяўся, i ў тую ж хвiлiну трэцяе акно трэснула, быццам стрэлiлi з пiсталета, i на падлогу са звонам пасыпалiся асколкi.