Уладзь стаяў і не мог аддыхацца – так навалілася палёгка, радасць, што ён не там, што яшчэ секунда – і ляжаў бы на бруку, жывы, пакуль сам гэтага хоча, але скалечаны. Пасля былі страх і сорам: яны ўсе выжывуць і пабачаць яго тут. Яны вырашаць, што ён здраднік і баязлівец, і Уладзь не давядзе ім іншага, бо сам будзе так думаць.
І ён пабег.
Казімір не паспеў ачомацца, як яго акружылі трое вояў. Ахоўнікі наляцелі з усіх бакоў – па два-тры на кожнага з адметных. Малады мечнік круціўся, віраваў, адбіваўся, пакуль сіла і хуткасць дазвалялі. На тое, каб перайсці ў напад, іх не хапала. Неспадзяваным, новым зрокам Казімір назіраў за бойкай навокал. Моцныя і лёгкія даспехі, зробленыя лепшымі майстрамі князя, супраць самаробных скураных, не ўмацаваных як след, парэпаных, часам з чужога пляча, нацягнутых на пасялян. Якая бязглуздая і наіўная ідэя – ісці ў горад, не пралічыўшы ўсе магчымасці. Саманадзейныя дурні. І ўсё праз прымху Вікторыі.
Ахоўнікі ведалі, што не могуць забіць, таму не марнавалі на гэта сілы. Яны абяззбройвалі і калечылі: падсякалі ногі, выбівалі мячы, часам пазбаўляючы ворагаў не толькі зброі, але і рук. Гэта быў здзек – танец, у якім вялі князёвы людзі, прымушаючы адметных рухацца па сваім малюнку. Гэта было збіццё дзяцей. Хітрае, загадзя спланаванае. Так думаў кожны з вояў, нягледзячы на сваю бессмяротнасць, забыўшыся на загад гетмана Якуба: забіваць усіх, акрамя людзей.
Хто мог адбівацца – адбіваліся. Навошта яны тут, ніхто з адметных і не ўзгадваў. Датрымацца да якой-ніякой бяспекі, а там – забыцца на ўсё, знікнуць. Няхай іншыя валтузяцца.
За брамай нарастаў шум. Ён пачаўся з ціхага мяккага пошчаку і павялічваўся гладка, натуральна. Ніхто не звяртаў на яго ўвагу. Пакуль не разляцеліся на бярвёны старыя драўляныя весніцы, якія столькі гадоў не маглі разбурыць княскія дойліды.
Брама як і не прымусіла паўсотні коннікаў запаволіцца. Яны ўварваліся ў двор ратушы, аддзялілі вояў паселішча ад ахоўнікаў вязніцы, якія не паспелі зразумець, што адбылося, і працягвалі пераможна махаць зброяй. Вершнікі акружылі іх і павольна сціскалі кола, пакідаючы за сабой на зямлі целы. Зброя атачоных мільгала паўсюль, але часцей раніла паветра, чым вояў.
Частка коннікаў рушыла да вязніцы. Намеснік гетмана Казімір, дзівам цэлы, абагнаў іх і першым падступіў да дзвярэй. Астатнія, спешыўшыся, стаялі за яго спінай, чакаючы дзеянняў ці загадаў. За замкнёнымі дзвярыма ўяўляўся цэлы атрад добра ўзброеных вояў. Нельга верыць ні адчыненым дзвярам, ні зачыненым. Узрушаны бойкай і распалены замаруджваннем, Казімір збіў замок разам з жалезнай клямкай. Ціха, цёмна.
У невялікім будынку змясцілі дзясятак закратаваных камор, кожную з якіх набілі людзьмі, як падушку пер’ем. Адметных сярод іх не было. Казімір падышоў да адной з камор і наставіў меч на вязня, бліжэйшага за ўсіх, – даўгога хударлявага мужчыну з тварам, падобным на конскую морду. Вусны таго задрыжэлі, вочы павялічыліся.
Лязо ля горла перашкаджала вязню размаўляць – непаслухмянай рукой ён паказаў у бок глухой сцяны. Вой хацеў быў раззлавацца, але пабачыў ля сцяны на падлозе лаз у падпол. Добразычліва ўсміхнуўся вязню і, паставіўшы на яго шчацэ крывавую драпіну, пайшоў да лаза. Астатнія – услед. Мужчына за кратамі абсеў.
У падполе дыхалася лепш. Вальней і вязням: у кожнага з дванаццаці чалавек – асобная камора, адгароджаная ад астатніх сцяной з бярвення. Выгоды на гэтым скончваліся: на халоднай земляной падлозе замест пярыны ляжала купка саломы. Замест чацвёртай, пярэдняй сцяны – краты. Жыхары камер – чацвёра хлопцаў, дзяўчына і сямёра дзяцей, якія толькі-толькі навучыліся хадзіць, не зарываючыся насамі ў падлогу. Пачуўшы нахабныя крокі, што звычайна належалі самым злосным вартаўнікам, вязні паўціскаліся ў куты, імкнучыся займаць як мага менш месца. Заўважылі, што перад імі не ворагі, і ўсё адно нейкі час не зрушваліся. Потым неахвотна, асцярожна паднімаліся адно за адным. Казімір махнуў рукой – воі пазрывалі замкі. Павольна, недаверліва вязні выбраліся са сваіх камор.
Адметныя быццам перамаглі, але ніхто не радаваўся. Горад, што хутка павінен прачнуцца, пакідалі моўчкі і таропка, баючыся стралы ці мяча ў спіну. Конныя воі злаваліся на пешых вызваленых і параненых, асабліва на дзяцей, што затрымлівалі пераход.
Па Казіміравым целе разлівалася колкае нервовае казытанне. Падрыгвалі кончыкі пальцаў, торгалася павека. Хацелася, каб хтосьці выпадкова штурхнуў яго, сказаў нешта абразлівае ці хаця б паглядзеў нядобра – можна будзе выпусціць казытанне парай удараў, а калі пашанцуе, то і добрай бойкай. Давесці сваю годнасць, перастаць быць воем разбітага войска. Увесь гэты паход – ганьба. Ці варты тузін адметных жыцця і гонару аднаго добрага воя? Колькі з іх скалечаныя так, што ніколі не змогуць біцца, ці перанарадзіліся ў немаўлят, якіх трэба наноў усяму вучыць? Колькі павінна быць выратаваных, каб апраўдаць такія ахвяры?