Калектыў аўтабазы, дзе працаваў Пушкарэвіч, прыслаў у суд грамадскага абвінаваўцу — шафёра Сцяпана Барсукова. Прадстаўнік калектыву выступаў у спрэчках першым.
— Давай, салажонак, павішчы, павучы, як жыць,— пагардліва скрывіў губы Грозны, калі ён устаў, каб сказаць сваю прамову.
Барсукоў бліскучымі вачамі павёў па зале.
— Што я магу сказаць, грамадзяне суддзі? Зганьбіў гэты чалавек нашу перадавую аўтабазу.— Ён рэзка паказаў рукой у бок загародкі.— Абяцаў, што сумленна будзе жыць, і ашукаў. Мы ж табе, Пушкарэвіч, паверылі, новую машыну выдзелілі. Работай, давай план. А ты што? Ты дабіў яе, хоць у капіталку пасылай. I зноў жа з бульбай. Дакументы — яны не хлусяць. Грамадзянін суддзя вось тут зачытваў іх. Загрузіў ты ў калгасе пяць машын, а на завод адвёз чатыры. Дзе пятая? А наконт подпісу — дык тут таксама зачытвалі заключэнне экспертызы. Твой подпіс.
«А гэты таксама музыку стварае?» — нечакана злавіў я сябе на думцы. Здзівіўся, што падумаў пра гэта сур’ёзна. У судзе, напэўна, пра ўсё ў першую чаргу імкнешся сур’ёзна падумаць.
— Я пытаю ў цябе, Пушкарэвіч, як ты мог так зрабіць?
— Змоўкні, гад! — Грозны ўскочыў, засоп. I тут ён хістануўся, ловячы рукамі поручні.— Доктара...
Маці яго застагнала. Па зале пракаціўся трывожны гул.
Быў абвешчаны перапынак. Пушкарэвіча завялі ў мой кабінет, далі вады.
Судова-медыцынскі эксперт Парфен Якімавіч Дзякаў працаваў у паліклініцы на прыёме. Паліклініка знаходзілася непадалёку, і ён хутка з’явіўся ў суд. Грозны скоса глянуў на яго. Парфен Якімавіч страсянуў тэрмометр, паглядзеў, ці спала ртуць, і, усунуўшы яго Пушкарэвічу пад сарочку, чамусьці папярэдзіў:
— Не ўпусці.
— Табе, морда, шкада градусніка? Дык я яго з’ем.
Грозны выхапіў з-пад пахі тэрмометр і піхнуў яго ў рот, сутаргава глытнуў. Начальнік канвоя недарэчна закрычаў:
— Чаму парушаеш? Адставіць!..
Пушкарэвіч хрыпла зарагатаў, погляд яго гарэў лютасцю.
Гэтая прыкрая падзея глыбока ўразіла ўсіх. Было да болю ніякавата і крыўдна. Навошта такая бязглуздая жорсткасць і да сябе, і да людзей?
— Калі градуснік цэлы — выратуем,— паўтараў Парфен Якімавіч, камечачы ў руках кардонны футараз з-пад тэрмометра.— Абы толькі ртуць не разышлася па страўніку, дык выратуем.
Начальнік канвоя, расчырванелы і спацелы, то чамусьці кранаўся казырка шапкі, то абцягваў кіцель. Але Пушкарэвіч не звяртаў увагі ні на яго, ні на Парфена Якімавіча. Ён пераводзіў позірк з мяне на пракурора, і скрозь застылую зларадную ўсмешку на яго твары, скрозь лютасць у цёмных вачах прабівалася нейкая непераадольная нясцерпная туга. Зрэнкі блішчалі, як дзве застылыя кроплі.
У той дзень я больш нічога не мог рабіць. Застаўшыся адзін, папрасіў сакратарку, каб адшукала ў архіве ранейшыя крымінальныя справы на яго. Потым доўга перагортваў пажоўклыя старонкі. 3 іх адзін за адным паўставалі ўчынкі дзёрзкага легкадумнага хлапчука, падзеі яго крымінальнай хронікі.
Былі калісьці і ў Андрэя Пушкарэвіча добрыя захапленні. Любіў ён гуляць у валейбол, азартна кідаўся да мяча. Аднойчы, калі хлапчук з’явіўся на валейбольнай пляцоўцы, яго шлёгнуў вокрык: «А ну каціся адсюль, двоечнік». Стараста класа схапіў яго за каўнер, даў каленам пад зад. Пасыпаліся насмешкі. Андрэй залез на тын і доўга сумным позіркам сачыў за гульнёй. Потым, пакрыўджаны і злы, адправіўся ў горад. Бадзяўся па вуліцах, зазіраў у магазіны, кідаў у скверы каменьчыкі, цэлячыся ў дрэвы і ў птушак. Каля кінатэатра падышоў да яго падлетак Сяргей Смалянчук.
— Кіно паглядзець хочаш?
— Грошай няма.
Смалянчук смешна паказаў язык, падміргнуў падбітым вокам і ўціснуўся ў натоўп ля білетнай касы. Андрэй бачыў, як ён спрытна двума пальцамі выцягнуў з кішэні ў хлопца грошы. Пасля сеанса Смалянчук сказаў:
— Вучыся, салажонак, пакуль я з табой.
Назаўтра каля кінатэатра яны зноў сустрэліся.
— Цяпер твая чарга,— Смалянчук паказаў вачамі на старую з кніжкай пад пахай.
— Баюся.
— Сачкаваць? Глядзі, без зубоў застанешся.
I Пушкарэвіч пайшоў. Потым ён стаяў воддаль і назіраў, як старая разгублена ўглядалася пад ногі сабе і мармытала:
— Дзе ж яны падзеліся? Мусіць, у кнігарні згубіла…
Увечары хлапчукі сядзелі ў закусачнай. Заказалі віна. Афіцыянтка паглядзела на іх падазрона, спытала:
— Плаціць у вас ёсць чым? Давайце грошы, бо не прынясу.— Паставіўшы на стол напоўненыя шклянкі, яна дакорліва паківала галавой: — Вам бы ў школе задачы рашаць, а не ў закусачных ацірацца. Не я ваша маці…
У той вечар сп’янелы Пушкарэвіч на вуліцы брыдкасловіў, чапляўся да прахожых і ўпершыню спазнаўся з міліцыяй. Выклікалі ў міліцыю і яго бацьку. Той моўчкі слухаў дакоры, што не глядзіць за сынам, згодна ківаў галавой, а выходзячы, зазначыў:
— Дзіця… Падрасце — паразумнее.
I дзіця «паразумнела».
…У той жа дзень на аперацыйным стале хірург дастаў са страўніка Пушкарэвіча цэлы тэрмометр.