Суд адбыўся праз паўтара месяца. Былі тыя ж гарачыя напорыстыя пытанні пракурора Паўла Іванавіча, тая ж палымяная прамова грамадскага абвінаваўцы Сцяпана Барсукова. Але Грозны яго ўжо не слухаў, хмурыўся, быццам Барсукоў перашкаджаў яму ўтрымаць нейкую сваю думку. Цяжка прыжмурыўшыся, ён глядзеў на Гаўрылаву.
На другой ад загародкі лаўцы на ранейшым месцы сядзела ціхмяная маці.
Прысуд Пушкарэвіч выслухаў спакойна.
— Іншаму не шанцуе, калі чорны кот дарогу перабяжыць, а мне, наадварот,— з рыжымі небяспечна сустракацца,— выскаліўся, як я прачытаў прыгавор.— Вялі сюды — дык ён, гад, перад самымі нагамі прашмыгнуў. Такі аж мядзяны, як вось грамадзянін пракурор, не раўнуючы.
Я чамусьці адразу зірнуў на яго маці. Плечы жанчыны ўздрыгвалі, выцвілыя вочы затуманіліся, імжэлі расінкамі слёз. Мне здавалася, што я чуў, як ірвалася і крычала яе душа.
***
3 досвітку да позняга вечара над вуліцай вісіць грачыны тлум. Неўтаймаваныя птушкі, узлятаючы над вялізнай таполяй, шырока махаюць крыламі, заклапочана выбіраюць месца, дзе лепш звіць гнёзды. Іншыя ўжо выбралі і цяжкімі масіўнымі дзюбамі адломваюць галінкі. Андрэй стаіць, задраўшы галаву, назірае за гракамі. Сонца вырвалася з-за хмары, залатымі пырскамі хлынула ў вочы. Ён прыжмурыўся, апусціў галаву. Насупіўся, упарта сціснуў губы. 3 мінуту раздумваў і рашуча ступіў на ганак.
Праз акно я ўбачыў яго яшчэ здаля, як ён толькі вывернуўся з завулка. У кабінет Андрэй увайшоў, не спытаўшы дазволу. Шырока расчыніў дзверы, борзда пераступіў парог, прывітаўся. Упяў вочы, бы двухстволку на мяне наставіў.
— Работу давайце, начальнік. Інакш я за сябе не ручаюся, зноў нараблю вам клопату.
У прыгорбленай постаці адчувалася скаванасць. Ён рэзка, быццам баднуў некага нябачнага, кіўнуў галавой. Відаць, нешта ў маіх паводзінах здалося яму падазроным, бо ён з’едліва сказаў:
— Што, начальнік, няма ахвоты пагутарыць са мной? А мне дык прыемна адвесці душу з дабрадзеем. Столькі ж не бачыліся!..— Скрозь яго злосную іронію, скрозь порсткі нораў зноў, як тады ў судовым пасяджэнні, прабілася туга — горкая, палынная.— А то — паслухайце.— Голас яго аж рыпеў.
— Паслухаю, як ёсць што слухаць,— адгукнуўся я. Сказаў спакойна, без насцярожанасці і ў той жа час без робленага намеру ўлагодзіць. Гэта, відаць, падахвоціла яго, паддало рашучасці. 3 мінуту перачакаўшы, ён загаварыў. I вось што расказаў.
…Падаў мокры снег. Раскіслую дарогу, па якой пад канвоем вярталіся з работы зняволеныя, прадзімаў парывісты сівер. Вечарэла. Па баках, адскочыўшы ад дарогі, цямнелі высокія дрэвы — яны аж стагналі пад ветрам.
Андрэй Пушкарэвіч шлёпаў па гразі ботамі, а ў галаве цяжка варочаліся думкі аб жыцці. Чаму яно пайшло ў яго так наперакос? Чаму лепшыя гады ён прамарнеў у закратаваных камяніцах? Ці ён рынуўся не ў той бок, ці мо шчасце не спадарожнічала яму, бо не спасціг ён як след хітрасці зладзейскіх прыёмаў?
Разважанні падкраліся спакваля, наваліліся. Цягнулася доўгая гразкая дарога, адольвалі надломная туга і назойлівы роздум.
У тую ноч Андрэй доўга пакутаваў ад бессані. Змрочна і халодна, як у карцэры, было ў яго ў душы. У коміне барака, у галлі магутных соснаў, што ціснуліся да будыніны, люта скуголіў вёцер, грукатаў па даху адарваным лістом бляхі. Ратуючыся ад нуды, Пушкарэвіч глыбокімі зацяжкамі глытаў тытунёвы дым. Нечакана, як папяросны агеньчык у барачнай цемры, у галаве ў яго мільганула: «Няўжо да скону будзе так?» Стала страшна. Ён ускочыў з пасцелі, таропка накінуў на плечы куртку, выбраўся з барака.
Недзе далёка, за агароджай калоніі, быццам насуперак стылай непагадзі, весела іграў баян. Доўга стаяў Пушкарэвіч, прыхінуўшыся плячыма да мокрай драўлянай сцяны, прыслухоўваўся да гукаў ночы і да самога сябе.
Назаўтра ён моўчкі, раз’юшана дзёўб кіркай зямлю. Добра ўгрэўшыся, разагнуўся, шаркнуў далонню па лбе, з горкай іроніяй сказаў:
— Асвойваць трэба кірку, бо з непрывычкі нават у пот кідае.
Успамянуўшы чарцей і багоў, ён дзёўб і дзёўб.
I пацягнуліся аднастайныя, цяжкія дні.
Выйшаў Пушкарэвіч з калоніі сонечным ранкам. Доўга шыбаваў без аглядкі. Перадыхнуць спыніўся на вуліцы невялічкага пасёлка. Расхрыстаўся, пацёр халоднай рукой грудзі, уздыхнуў глыбока, аблегчана. Сэрца гулка ўдарыла, закалацілася часцей. Чамусьці ўпершыню ён так востра адчуў радасць волі. Паўз яго ішлі людзі, і яму паказалася несправядлівым, крыўдным, што ніхто з іх не заўважае яго радасці.
Гледзячы на прахожых, Пушкарэвічу нечакана захацелася даведацца, аб чым яны думаюць, куды спяшаюцца. 3-за лесу пачуўся глухі перастук колаў па рэйках. Ён ляцеў удалячынь, слабеў, павольна знікаў. Ён некуды клікаў.
…Пушкарэвіч змоўк так жа нечакана, як і разгаварыўся. Апусціў галаву, пасядзеў. Раптам спытаў:
— Скажыце, начальнік, як далей жыць? Дзе тая жывіца, што дапаможа, каб душа ачуняла? Дзе? Ці вы толькі ведаеце, як за краты кідаць?
Сухая абветраная скура на яго шчоках нацягнулася, губы задрыжалі. У кабінеце згушчаўся змрок. Вочы Пушкарэвіча пацямнелі, як цямнеюць нябёсы, зацягваючыся навальнічнымі хмарамі.