Читаем Дзеці Аліндаркі полностью

“Здароў, дзядзька”, – казалі яны, і бацька дзяўчынкі Машы даставаў яблык і пачынаў яго грызьці. Хлопцы закасвалі рукавы, расшпільвалі мокрыя кашулі, адзін зь іх падыходзіў і выбіваў з-пад азадка Машынага бацькі зэдлік. Машын бацька падаў, не выпускаючы яблыка з рукі. Другі хлопец прыгожым рухам нагі зьбіваў на асфальт плякат і таптаў яго, пакідаючы ў кардоне дзіркі. Першы ня менш эфэктным рухам ламаў зэдлік – не раўнуючы сапраўдны каратыст. Потым яны бралі дзядзьку зь яблыкам і саджалі ў газік. Невядома, што яны рабілі зь дзядзькам далей, часам доктар бачыў, як дзядзька сьпяшаецца на працу, увесь у сіняках, а часам – не было ніякіх сінякоў, і дзядзька выглядаў бадзёрым і нават вясёлым. Жыхары гораду звыклі ўспрымаць гэтыя зьмены, як надвор’е – дзядзьку ніхто не прымаў усур’ёз, яго лічылі вар’ятам, але бяскрыўдным. Яго нават з працы ні разу не звальнялі, як быў усё жыцьцё бухгальтарам, так і застаўся. Іншым жыхарам гораду так не шанцавала. Вось да іхнага суседа міліцыя прыяжджала разоў пяць. А потым сусед зьнік. Казалі, сеў.

Маці незвычайнай Машы была настаўніца. Але не біялёгіі. І нават ня хіміі-фізыкі (у іх у школе іх выкладаў адзін настаўнік, так як і нямецкую з гісторыяй, а НВП з геаграфіяй). Машына маці выкладала Язык. Праўда, не ў ягонай школе №1, а недзе за ракой. Як мог чалавек з такімі праблемамі выкладаць Язык, доктар не разумеў. Гэта тое самае, што глухі настаўнік музыкі. Або бязрукі фізрук.

Яшчэ ў Машы была сястра, старэйшая. Але гэтая жыла ў сталіцы, і ніхто не хацеў зь ёй зьвязвацца. Яна часта прыяжджала на выходныя, і яны ўсёй сям’ёй хадзілі на рынак, балбочучы па-свойму. Чацьвёра хворых. Бухгальтар, заўжды адпрасаваны, ветлівы, які лез да ўсіх, каб распытаць пра здароўе, ягоная жонка, іхная старэйшая дачка ў сваіх доўгіх сукенках і яна – Маша.

На ўроках Маша ніколі не адказвала на Языку. Казала, што яго ня ведае, але ніхто ёй ня верыў. Маша сядзела адна – не таму, што яе ўсе ненавідзелі, а проста так, таму што зь ёй не было пра што гаварыць. Пра што можна гаварыць з іншаземкай?

Гэта яны так думалі. А доктар, паводзячыся як усе, насамрэч ніколі зь імі не пагаджаўся. З іншаземцамі ён шмат пра што хацеў бы пагаварыць. Напрыклад, пра тое, што яны адчуваюць, так сьмешна глытаючы словы, шапялявячы і картавячы. Калі ён чуў іншаземцаў, яму здавалася, што гаворачы, яны ядуць. І іхныя жываты набітыя словамі. Яму вельмі хацелася падзяліцца з кімсьці гэтым назіраньнем. Але нікога, хто мог бы зразумець доктара, вакол не было. Брат качаўся і зьбіраўся ў войска. А можа, у міліцыю. Яшчэ ня вырашыў. А доктар марыў пра тое, што зробіцца доктарам. Або музыкам. У ягонай сьвядомасьці гэтыя прафэсіі стаялі на адной палічцы. І ён цягнуўся да іх, і кожнага разу адхопліваў руку. Ня мог выбраць. “У нево абсалютны слух”, – казаў бацька, калі неяк прывёў доктара ў гурток гітарыстаў. Доктара не ўзялі. Ён не засмуціўся. Калі кіраўнік гуртка ня мог правільна гаварыць на Языку – як ён мог граць? Чаму мог навучыць?

Але доктар трымаў свае думкі пры сабе. І прыглядаўся да Машы. Яна была яму цікавая. Не, яму не хацелася ні пацалаваць яе, ні за валасы схапіць, ні паглядзець, якога колеру ў яе майткі. Яму хацелася…

Ну, найперш пагаварыць. І вось неяк ён пабачыў, як яна пераходзіць праз мост іхную рэчку-пераплюйку, і пайшоў за ёй. Яна заўважыла, паскорыла хаду, але і ён не адставаў.

“Што ты ад мяне хочаш?” – спытала яна, раптам спыніўшыся.

Ён пачаў нешта вярзьці пра кантрольныя, пра хатняе заданьне, і яна павялася, паддалася, пачала адказваць. Ён ня слухаў, ён глядзеў на яе рот, які падаўся яму вельмі прыгожым. У гэтым роце была загадка. А ёй было прыемна, што зь ёй нехта загаварыў вось так, ня як з дачкой звар’яцелага бухгальтара, а проста з аднаклясьніцай.

Быў травень, яны пайшлі разам берагам рэчкі, яна ішла наперадзе, памахваючы партфэлем, ён ішоў ззаду, заклаўшы рукі за сьпіну. Ён ня браў з сабой кніжак, ён усё ведаў і так, і здаў усё патрэбнае яшчэ ўчора. Ён быў найлепшы вучань у клясе – а яна найгоршая вучаніца. Мо таму яна не зьвярнула ўвагі на тое, што ён пытаецца ў яе пра рэчы, якія ніяк не маглі яго цікавіць.

Яны пачалі сустракацца каля моста, даходзілі да першага бараку, рады якіх пачыналіся на тым баку ракі. Ён вывучыў яе мову – гэта было няцяжка, у яго былі здольнасьці да моваў, іхнай школьнай нямецкай яму было мала, і ён сам вучыў ангельскую, а яшчэ, слухаючы літоўцаў, якія прыяжджалі на рынак, пачаў разумець і іх – а апрача таго была польская, на якой ён гаварыў з акцэнтам, але ўжо ж лепш за мясцовых палякаў. Таму на Машынай мове ён загаварыў за тыдзень, толькі размаўляў на ёй выключна з Машай ды папрасіў яе нікому пра гэта не расказваць. Маша даражыла гэтым нечаканым сяброўствам.

Дзяўчынка яна была дурная. Безь ніякіх схільнасьцяў да навукі. Нічога дзіўнага – вымаўляючы няправільна словы, немагчыма спасьцігнуць іх сэнс, ня кажучы ўжо пра сэнс іх складаных злучэньняў. Ён вельмі зьдзівіўся, што ў яго так хутка атрымалася раскруціць яе на досьлед.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Уроки счастья
Уроки счастья

В тридцать семь от жизни не ждешь никаких сюрпризов, привыкаешь относиться ко всему с долей здорового цинизма и обзаводишься кучей холостяцких привычек. Работа в школе не предполагает широкого круга знакомств, а подружки все давно вышли замуж, и на первом месте у них муж и дети. Вот и я уже смирилась с тем, что на личной жизни можно поставить крест, ведь мужчинам интереснее молодые и стройные, а не умные и осторожные женщины. Но его величество случай плевать хотел на мои убеждения и все повернул по-своему, и внезапно в моей размеренной и устоявшейся жизни появились два программиста, имеющие свои взгляды на то, как надо ухаживать за женщиной. И что на первом месте у них будет совсем не работа и собственный эгоизм.

Кира Стрельникова , Некто Лукас

Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Любовно-фантастические романы / Романы