У той вечар ён узяў сабе бутэльку малінавага лікёру, пайшоў да рэчкі і ўпершыню ў жыцьці напіўся. На самоце, бачачы перад сабой у вадзе гэтую костачку, чуючы, як псуюць мову на тым беразе прыдуркаватыя дзеці цесьляроў і хлебаробаў. Потым ён стаяў, нахіліўшыся над вадой, і яго ванітавала проста на трэснуты адбітак навечна прапісанага ў мястэчку месяца. І разам з ванітамі зь яго сыходзілі нерашучасьць і страх. А ў галаве тупым болем абвяшчаў пра сваё паўстаньне з пустэчы ягоны малады і беспрытульны геній.
Так ён адчуў сябе сапраўдным доктарам.
6. ТОЛЬКІ ДУРАНЬ ДАВЯРАЕ ЎЗБОЧЫНЕ АБСАЛЮТНА ПУСТОЙ ДАРОГІ
Толькі дурань давярае ўзбочыне абсалютна пустой дарогі. Дурань – або бацька дваіх дзяцей, якія цяпер немаведама дзе і якіх ён мусіць знайсьці. Знайсьці да таго, як прыйдзе ноч. Такую ён сабе паставіў задачу. І вось ён скідвае хуткасьць і вырульвае да ўзбочыны. Адлегласьць паміж машынай і вясковай дзяўчынкай, што ідзе басанож уздоўж гэтай абсалютна пустой дарогі, робіцца ўсё меншай. Дзяўчынка была падобная да папяровага пакета, які гоніць вецер. Яшчэ ня позна ўцячы, так у яе нічога і не спытаўшы. Бацька ўздыхнуў і паклаў галаву на стырно.
Ён заўважыў дзяўчынку яшчэ здалёк і адразу ж машынальна павялічыў хуткасьць. А потым запаволіў, назіраючы за дзіцём у люстэрка задняга агляду. І гэта ўжо выглядала падазрона. Яму падалося, дзяўчынка, пабачыўшы, як мэтраў за паўсотні ад яе павольна спынілася машына, таксама запаволіла крок.
Сорамна дзяўчынцы хадзіць адной па ўзбочыне пустой дарогі. Хаця тут, у вёсках, яны не пераймаюцца такімі пытаньнямі. Таму ў тутэйшых дзяцей такое кароткае дзяцінства. Таму ў іхных бацькоў такое даўгое жыцьцё. Бо яно пачынаецца раней. І пачынаецца на ўзбочыне – пакуль іншыя праносяцца міма на сваіх дзікіх машынах.
Вось зараз ён зь ёй загаворыць. Пераадолее сябе і загаворыць. Дарога і праўда абсалютна пустая – здаецца, на іх – мужчыну ў брудным легкавіку і дзяўчынку, якая ідзе па ўзбочыне – глядзіць толькі лес, і гэты лес нікому нічога ня скажа. Яны пагутараць крыху, і ён паедзе далей, ні з чым, у роспачы, як і раней, ня маючы добрага пляну. А яна пойдзе сваёй дарогай, сваёй узбочынай, з пункту А у пункт Б. Загаварыць зь ёй – чыстае вар'яцтва. Бо калі зь ёй нешта здарыцца, з гэтай такой самай чыстай, як ягонае вар'яцтва, дзяўчынкай, калі яна зьнікне, калі яе знойдуць забітай або са спаскуджаным целам, калі нехта яе пакрыўдзіць і яна раскажа пра гэта бацькам – абавязкова адшукаецца нехта, хто бачыў.
Бачыў, як ён спыніў машыну, як адчыняў дзьверцы, як гаварыў зь ёй. І ніхто не паверыць, што ён спытаў толькі –
«Ці не сустракала ты тут дваіх дзяцей, незнаёмых, такіх… такіх у шортах і белых майках?»
«Не, я ня бачыла».
«Іх завуць Лёся і Лёччык».
«Такіх імёнаў не бывае, дзядзьку. Вы, дзядзечку, напіліся, мабыць. У вас з рота такі дух ідзе».
«Не, піў я ўчора. Я выпіў няшмат. Мо грамаў дзьвесьце. А сёньня толькі плакаў. Чаму ты кажаш, што не бывае такіх імёнаў? Вось цябе як завуць? Жанна? Аксана? Я так і думаў. А іх Лёся і Лёччык. Нармальныя імёны. І ў аднаго зь іх у руках кніжка. Вельмі старая кніжка…»
«Не, дзядзьку. Ня бачыла».
«Мне дужа трэба іх знайсьці. Мо чула ад каго з дарослых, што яны бачылі, га?»
«Не, ня чула. Я ўсіх тут знаю».
«Шкада».
«Але нашто яны вам, дзядзьку?»
«Хто? Лёся і Лёччык? Бо я люблю іх. Ты таксама будзеш усё жыцьцё шукаць тых, каго любіш. Проста ты яшчэ малая. Малое дзяўчо, якое ідзе па ўзбочыне абсалютна пустой дарогі».
«А дзе яны жывуць, дзядзьку – гэтыя Лёся і Лёччык?»
«Жывуць?» – бацька задумаўся. – «Яны яшчэ жывуць, так. Я ў гэта веру. Яны не маглі так проста прапасьці. Бо ў Лёсі ёсьць Лёччык, брат. Хай і малодшы, але… Ён дапаможа. Ён ня кіне яе ў бядзе. Падвезьці цябе?»
«Не, дзякуй. Маці сказала, што мне нельга садзіцца ў машыну да незнаёмых людзей».
«Але мы ўжо знаёмыя. Ты ведаеш пра мяне значна больш, чым трэба, Аксана-Сьняжана. Больш ніхто на сьвеце ня ведае пра мяне так шмат, як ты. Занадта шмат. Ты прыйдзеш дамоў і раскажаш сваёй чортавай матцы пра тое, што ёй ведаць зусім не абавязкова. А яна раскажа яшчэ камусьці. А той яшчэ. І мае пошукі скончацца. Мяне знойдуць. Таму сядай».
Дзе яны жывуць?
Добрае пытаньне.
… Тады, цэлую вечнасьць таму, яны зь Лёсяй жылі ў самым зялёным раёне гораду, кілямэтраў за пяць ад хімкамбінату. У двухпакаёвай кватэры – адзін пакой займала Лёся, а другі быў агульны, для гульняў, для фільмаў, для скокаў і іхнага хуліганства. Спаў ён на кухні, на старой, падранай канапе, куды не зьмяшчаліся ногі, і даводзілася класьці іх на зэдлік, быццам здымаць на ноч. Цесная кухня, у якой жылі пустыя бутэлькі. Процьма пустых бутэлек, якія ён спачатку не наважваўся вынесьці – а потым, калі іх стала занадта шмат, паказвацца зь імі зрабілася страшна.